Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Вобраз Бацькаўшчыны і маці ў творах Рыгора Барадуліна
Рыгор Барадулін — паэт шматгранны і нават у нейкай ступені непрадказальны. Гэта асабліва адчувальна ў мастацка-вобразнай тэхніцы, у стылістыцы яго паэтычных твораў. Але разам з тым ёсць тэмы, якія заўсёды прысутнічаюць у шматмерным полі яго паэтычнай фантазіі. Найперш гэта тэма Бацькаўшчыны, роднага краю, бацькоўскага дому. Нягледзячы на асацыятыўнасць вобразаў, шматстайнасць метафар, паэт піша пра рэчы канкрэтныя, спрадвечна істотныя, родныя і блізкія сэрцу кожнага чалавека: пра сваю маці і родную хату, пра краявіды любімай Ушаччыны, пра яе азёры, жывёл, птушак, людзей... пра ўсё, з чаго, як з дробных пясчынак вялікая гара, і складаецца вобраз Радзімы, вобраз велічны, дарагі, у духу купалаўскіх традыцый, напоўнены шчымліва-сціплай, але разам з тым такой высокай і вечнай красою. Гэта асабліва адчувальна ў вершы "Яна адна зямля вякоў":
Яна адна,
Зямля вякоў,
Адкуль
Жыццё пачатак брала
Шчырай верай.
Здалёк відна зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б'ецца
Перапёлкай шэрай.
Шчырае сыноўняе пачуццё да бацькоўскай зямлі, якой паэт абавязаны сваім нараджэннем, сваім духоўным і паэтычным сталеннем, мае выток у старажытнай гісторыі краю, у адчуванні прыналежнасці да яго лёсу, яго будучыні:
У курганах,
Што выраслі з былін,
Спачылі
З поля подзвігу ратаі.
У туманах
Тугі спрадвечны клін
На гнёзды шчасця выраі вяртае.
Гэты ж матыў далучанасці да слаўнай гісторыі роднай зямлі, да яе праблем і болю гучыць у многіх творах паэта ("Прыцягненне Віцебскай зямлі", "Заінелая Ушаччына"), але асабліва канкрэтна выказаны ў вершы "Мая Бацькаўшчына":
З суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно не ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,
З падстрэшша рук Скарынавых
Тваё крыляла слова па Русі.
У гэтым вершы гістарызм мастацкага мыслення Рыгора Барадуліна вызначаецца яркай метафарычнасцю, нетрадыцыйнай асацыятыўнасцю. Радзіма-Бацькаўшчына паўстае перад намі жывой істотай — гордай і разам з тым міласэрнай, мужнай і адначасова чулай:
Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Слязамі дабяла
Бяліла лён на світку Каліноўскаму
I ў сны Ўрублеўскага ты Нёманам плыла...
Стыль і паэтыка Рыгора Барадуліна ніколі не застаюцца аднастайнымі, ён адкрывае ўсё новыя і новыя магчымасці слова, надаючы яму то крылатасць, то імпульсіўнасць, то шчымлівую сардэчнасць. І таму, здавалася б, традыцыйныя тэмы і вобразы паўстаюць перад чытачом у іншым святле, як, напрыклад, вобраз Радзімы ў вершы "Чышчу бульбу", заснаваным на асацыяцыях і згадках маленства:
Памалу чышчу бульбу з той зямлі,
Якую помню босымі нагамі,
Навобмацак рукамі пад снягамі
Зямлю пазнаю,
Бо на ёй былі
Усе мае, што сталі каранямі,
Пясчынкамі,
Лясных дарог краямі,
Што з тлумнымі паводкамі сплылі.
У гэтым творы паэт нідзе не згадвае слоў Радзіма, Бацькаўшчына. Ён адлюстроўвае знітаванасць лірычнага героя з роднай зямлёй, на якой нараджаліся і паміралі яго продкі, перадаючы генетычную памяць не толькі нашчадкам, але і навакольнай прыродзе. Звычайны дом, сям'я, дзе захоўваюцца векавыя традыцыі народнага побыту, маралі, якраз і ўвасабляе для аўтара вобраз Айчыны.
Асаблівае месца ў творчасці Рыгора Барадуліна займае вобраз маці, якая ўвасабляе для яго ўвесь сусвет. Верш "Веды" — своеасаблівы гімн мацярынскай мужнасці, стойкасці, цярплівасці і мудрасці:
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет
Мама смела
Ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці -
Ведала,
што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце.
Безумоўна, у творы адлюстраваліся многія аўтабіяграфічныя моманты з жыцця самога аўтара і яго маці, якая, рана застаўшыся ўдавой, павінна была ведаць "усе навукі" на свеце, каб выжыць і выгадаваць сына. Але разам з тым паэт стварае абагульнены, тыповы партрэт беларускай жанчыны — маці, без спрадвечнай мудрасці якой усе мы былі б "непісьменныя самыя", без якой немагчымае было б існаванне самой нацыі.
Народна-фальклорныя вытокі паэтычнага мыслення Рыгора Барадуліна выяўляюцца ў яго творах роздумна-філасофскага плана, як, напрыклад, у вершы "Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём". Разважаючы над сэнсам жыцця чалавека, лірычны герой усклікае:
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой...
Вяртанне да першародных вытокаў, да маральна-этычных традыцый продкаў у творчасці Рыгора Барадуліна, аднак, авеяна маркотай. Ён добра ўсведамляе, што мілы вясковы побыт з яго першароднай чысцінёй чалавечых узаемаадносін знікае ў нябыт. Рысы добрай вясковай даўніны, як легендарная Атлантыда, бясследна гінуць. Менавіта ён, Рыгор Барадулін, сын вёскі, мог так пранікнёна балюча і вобразна сказаць пра яе пагібель:
Усіх пакінула за тое,
Што ўсе зняважылі яе,
А пад жалезнаю пятою,
Як пад магільнаю плітою,
Трава ў абразе не ўстае.
Жанрава-тэматычная разнастайнасць лірыкі Рыгора Барадуліна выявілася ў вершы філасофска-медытатыўнага плана "Ні сябе, ні чужога слова", у якім паэт, прыгадваючы шум лясных дрэў, пераносіцца думкай у сучаснае грамадства, дзе пануюць эгаістычная адасобленасць, абыякавасць да бліжняга. Гэтае няўменне чалавека лічыцца з інтарэсамі бліжняга, чуць і разумець яго праблемы і радасці, на думку паэта, — адна з галоўных бед нашай цывілізацыі.
Загнанаму веку прагрэса,
Пакуль дагоніць знямога,
Вучыцца б шумець у леса
І слухаць сябе самога.
Рыгор Барадулін у сваёй творчасці можа быць як пранікнёна пяшчотным, так і іранічна кплівым. На яго творчым рахунку шмат кніг іранічнай паэзіі, сярод якіх славутая паэма "Смаргонская акадэмія".
"Барадулін, здаецца, можа зрабіць з вершам усё, што хоча, такая яго ўлада над словам. Захоча — прарыфмуе наскрозь цэлы верш, сугуччы ўвойдуць у глыб радкоў; захоча — надасць імклівы рытм, раздзеліць словы на склады, звяжа ў вобразнае адзінства любыя асацыяцыі", — адзначаў В. Бечык.
Похожие статьи:
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці