Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асананс

   Асананс (ад франц. assonance – сугучнасць)
   1. Прадвызначанае пэўнымі мастацкімі задачамі паўтарэнне ў вершаванай мове аднолькавых або падобных галосных гукаў.
   Як і алітэрацыя, асананс дапамагае падкрэсліць асобныя словы, узмацніць інтанацыйна-гукавую выразнасць верша, надаць яму асаблівую мілагучнасць. Напрыклад, у першай страфе верша Янкі Купалы «Дзве сястры» сустракаем выразны асананс на і, ы:

 

    На тутэйшай зямлі
    Дзве сястрыцы жылі,

Як забытыя ў лесе каліны,

    Жыватворных крыніц
    Не было для сястрыц,–

Яны вялі і сохлі націнай.


   Далейшы паэтычны расказ пра дзвюх сясцёр таксама вельмі тонка інструментаваны, прычым «гукавы партрэт» сялянкі тут адзін (асананс на я, а: «Аж да восені сілы губляла... Кужаль прала, снавала і ткала»), а рабочай – другі ( асананс на о: «А другой з году ў год Выядаў, як той крот, Дым фабрычны дзявочыя вочы»);


   2. Від недакладнай рыфмы, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.
   Шырока выкарыстоўваецца ў фальклоры:

Бела, свашачка, бела,
Як на моры пена.


Не хіляйся, вольха,
Бо мне жыці горка,
Не хіляйся, сосна,
Бо мне жыці тошна.


   Часам сугучнасць, заснаваная на падабенстве галосных гукаў, узмацняецца супадзеннем некаторых пераднаціскных і паслянаціскных зычных (узмоцнены асананс), як, напрыклад, у рыфме сосна – тошна, дзе, акрамя галосных, супадае і зычны н, а таксама ў рыфмах тыпу зоркі – звонкі, попел – ухопім, стукнуў – сукню і г. д.
   Асанансная рыфма (у гэтым значэнні ўжываецца і такі тэрмін) набыла шырокае распаўсюджанне ў сучаснай паэзіі, прычым часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ўзмоцненыя асанансы, хоць сустракаюцца і звычайныя:

 

Не спакушай нас высокай песняй
Гэтак рана, Галактыка.
Як валуны неачэсаныя –
У нас цяжкія характары.
(Пімен Панчанка.
«За вогненнымі вякамі»)

Мой дарагі адміністратар
з гасцініцы пад назвай «Сож»,
ноч для мяне была не стратай,
была знаходкай гэта ноч.
(Анатоль Вярцінскі. «Начны бераг»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.