Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сістэма вершавання

   Сістэма вершавання — тып рытмічнай арганізацыі вершаванай мовы, які абумоўлены фанетычнымі асаблівасцямі нацыянальнай мовы, пануючымі ў паэзіі традыцыямі вершавання і залежыць ад сукупнасці структурных адзінак верша, іх будовы, функцый і ўзаемасувязі ў вершаваных радках.
   Сувязь паміж вершам і музыкай, напевам абумовіла асноўныя асаблівасці народнага вершавання. Наяўнасць у старажытнагрэчаскай мове доўгіх і кароткіх складоў прывяла да ўзнікнення антычнай (метрычнай) сістэмы вершавання. У мовах з пастаянным (строга вызначаным) націскам пануе сілабічная сістэма вершавання. Мовы з рухомым націскам карыстаюцца танічнай і сілаба-танічнай сістэмай вершавання.
   Надзвычайнае распаўсюджанне ў сусветнай паэзіі ў XX ст. набыў свабодны верш (верлібр).
   Усе сістэмы вершавання так ці інакш звязаны паміж сабой, узаемна ўплываюць (ці ўплывалі) адна на другую. Напрыклад, антычная сістэма вершавання аказала ўплыў на развіццё сілабічнага і сілаба-танічнага верша ў еўрапейскай і ўсёй сусветнай паэзіі, народнае вершаванне — на станаўленне сілаба-тонікі ва ўсходнеславянскай паэзіі, з’явілася асновай літаратурнага танічнага верша і г. д. Кожная сістэма вершавання мае свае вершаваныя віды і формы. У прыватнасці, відамі танічнага верша з’яўляюцца акцэнтна-складовы і акцэнтны, або чыста танічны, верш, дольнік, тактавік. У сілаба-тоніцы суіснуюць вольны верш, вершы з цэзураванымі нарашчэннямі і ўсячэннямі і г. д. У адзін і той жа час у нацыянальнай паэзіі і нават у творчасці аднаго паэта можа ўжывацца некалькі сістэм вершавання. Так, у творчасці Францішка Багушэвіча сустракаюцца сілабічныя, сілаба-танічныя і танічныя вершы. Максім Танк доўгі час пісаў ледзь не выключна сілаба-танічным і танічным вершам, а ў апошнія гады аддаў перавагу свабоднаму вершу. Рыгор Барадулін таксама спазнаў метра-рытмічную эвалюцыю. Так, у яго першым паэтычным зборніку «Маладзік над стэпам» (1959) 95,2% твораў былі напісаны сілаба-танічнай сістэмай вершавання і толькі 4,8% — танічнай. А ўжо ў «Нерушы» (1966) сілаба-тоніка і тоніка амаль ураўнаважыліся: 51% твораў адносяцца адпаведна да першай і 49% — да другой сістэмы вершавання (падлікі А. Дуброўскага).
   У XVI ст. у беларускай паэзіі панаваў народны верш у дзвюх яго разнавіднасцях — музычна-моўнай (песеннай) і інтанацыйна-сказавай (рэчытатыўнай). Існаваў таксама і антычны (метрычны) верш (у творчасці беларускіх паэтаў-лаціністаў — Яна з Вісліцы, Міколы Гусоўскага, I. Іяўлевіча і інш.), але да канца стагоддзя, разам са звужэннем функцыі даўняй латыні ў літаратурным жыцці Беларусі, ён знікае. З пачатку таго ж XVI ст. вядзе сваю радаслоўную і беларуская сілабіка (Францыск Скарына, пазней — А. Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), на якую аказвалі ўздзеянне як метрычны, так і народны танічны верш. З канца XVIII ст. на аснове сілабічнага і народнага танічнага верша (асабліва яго сілаба-танічных форм), пад уздзеяннем рускай паэзіі ўзнікае беларуская сілаба-тоніка, якая ў канцы XIX ст. поўнасцю выцясняе сілабіку. З сярэдзіны XIX — пачатку XX ст. да сілаба-танічнай сістэмы вершавання далучаецца літаратурны танічны верш ва ўсіх сваіх відах (акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны), а таксама свабодны верш (верлібр). Абсяг ужывання народнага верша ў гэты час прыкметна звужаецца, ён працягвае выкарыстоўвацца, бадай, выключна ў вуснай народнай творчасці. Такая кароткая гісторыя развіцця беларускіх сістэм вершавання.

Похожие статьи:

ВВершаванне (вершаскладанне)

ССілабічнае вершаванне

ККвалітатыўнае вершаванне

ААнтычнае (метрычнае) вершаванне

ККвантытатыўнае вершаванне