Акцэнтна-складовы верш (ад лац. accentus - націск) - від танічнага верша, для якога характэрна, апрача аднолькавай колькасці акцэнтаў (моўных націскаў), аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках. Склад - гэта адрэзак гукавога патоку мовы, у аснове якога - адзін галосны гук. Часам колькасць акцэнтаў і складоў можа неістотна змяняцца (павялічвацца або змяншацца на адзін-два). У беларускай паэзіі акцэнтна-складовы верш узнік у ХІХ ст. (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Лучына) і паяднаў асноўныя прыкметы сілабічнага і народнага верша ў яго інтанацыйна-сказавай разнавіднасці (так званы былінны верш). Ён, як правіла, карыстаецца рыфмамі, мае страфічную арганізацыю, у ім нярэдка ўжываецца цэзура. Вось прыклад двухакцэнтнага шасціскладовага акцэнтна-складовага верша з паэмы Янкі Купалы "Безназоўнае":
Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села,-
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела.
Разнавіднасцю акцэнтна-складовага верша з'яўляецца каламыйкавы верш - 14-складовы трохакцэнтны верш з сумежнай рыфмоўкай. радкі якога разбіваюцца цэзурамі на тры групы з адной і той жа колькасцю складоў у іх: 4+4+6.
Каламыйкавым вершам напісана "Бандароўна" Янкі Купалы. Толькі тут кожны радок гэтага верша разбіты на два паўрадкоўі, што некалькі відазмяніла яго рытмічны малюнак.
Похожие статьи:
Ц → Цвёрдыя формы верша
К → Каламыйкавы верш
В → Вершаваныя жанры
А → Александрыйскі верш
А → Акцэнтны (чыста танічны) верш