Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Лучына

Фатаграфія Янкі Лучыны(1851—1897)


   Нарадзіўся Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) у Мінску 6 ліпеня (24 чэрвеня) 1851 г. Імя Іван (і яго варыянты Ясь, Ян, Янка) будучы паэт атрымаў у сувязі з тым, што з’явіўся на свет падчас Купалля. Радавод яго старадаўні. Адзін з далёкіх продкаў Івана Неслухоўскага — Пшэбыслаў Дамброва — яшчэ ў сярэдзіне XIII ст. вызначыўся ў бітвах з татара-манголамі і атрымаў ад князя Конрада Мазавецкага Цеханавецкае графства ў Драгічынскай зямлі, дзе быў маёнтак Неслухі. Адсюль, відаць, і пайшло прозвішча Неслухоўскія, а яго носьбіты свой родавы герб назвалі Дамброва.
   У XVII ст. Неслухоўскія мелі ўладанні ў Пінскім павеце: спачатку маёнткі Моладава, Косава, Сакаловая Воля, а затым Марочнае і Завідчыцы, што належалі раней продкам Ф. М. Дастаеўскага (зараз гэта ў межах Іванаўскага і Івацэвіцкага раёнаў). Вайсковую службу яны адбывалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, хто ротмістрам, хто харунжым, а хто стражнікам Берасцейскага ваяводства. Прадзед паэта, Іван Неслухоўскі, быў ротмістрам Наваградскага ваяводства, а дзед, Юры Іванавіч, — межавым суддзёй Слуцкага павета. Гэта, здавалася б, павінна было спрыяць паскарэнню афіцыйнага прызнання шляхецтва Неслухоўскіх. Аднак справа чамусьці зацягвалася, бо, хоць прадзед паэта яшчэ ў 1802 г. быў прызнаны мінскай дэпутацкай зборнай шляхтай «у старажытнай шляхецкай годнасці», да гэтага пытання вярталіся паўторна (у 1832 і ў 1837 гг.), і толькі ў 1838 г. пастанова зборні была зацверджана сенатам.
   Бацька паэта, Люцыян Неслухоўскі, які пачынаў службовую кар’еру канцылярыстам у Мінскім губернскім праўленні, быў падчас нараджэння першынца Івана столаначальнікам у Мінскай палаце цывільнага суда. Пазней, узняўшыся да чына калежскага асэсара, ён займаў пасаду сакратара гэтай палаты. У 1871—1880 гг. Люцыян Юр’евіч прадстаўляў Слуцкі павет у Мінскай шляхецкай дэпутацыі і быў павераным князёў Радзівілаў у атрыманні выкупных пазык за маёнткі.
   Маці, Антаніна з Лукашэвічаў, вяла хатнія справы, выхоўвала дзяцей. Пасля Івана нарадзіліся яшчэ Антон, Антаніна-Аліна, Юліян, Генрых, Вікторыя. Усіх трэба было паставіць на ногі, даць адукацыю. Юліян быў павераным сваёй маці па арэндзе фальварка Мархачоўшчына (а яго арандавалі Неслухоўскія з 1863 г.).
   Сям’я Неслухоўскіх жыла ў Мінску ва ўласным доме, які стаяў на вуліцы Юр’еўскай пад нумарам 23. У кнізе Соф’і Кавалеўскай «Менскія абразкі» адзначалася, дарэчы, што належаў ён «да вельмі вядомых, неадлучных ад горада» дамоў. Тут збіралася інтэлігенцыя, абмяркоўваліся мясцовыя грамадскія і культурныя падзеі.
   Маленства Івана прыпала на час, калі ўсе жылі ў прадчуванні значных палітычных падзей, у чаканні скасавання прыгону і ўвогуле нейкіх грамадскіх зрухаў і перамен. Атмасфера дома Неслухоўскіх, дзе госці і гаспадары бесперашкодна выказвалі свае думкі і нават патаемныя надзеі, спрыяла абуджэнню грамадзянскай свядомасці хлопчыка, сутыкала яго з пакутлівым пошукам адказаў на пытанні, якія хвалявалі дарослых.
   Дасягнуўшы чатырнаццацігадовага ўзросту, Ясь (так называлі Івана дома) паступіў у Мінскую класічную гімназію, адразу ў трэці клас. Вучыўся ён добра і на пачатку наступнага навучальнага года быў узнагароджаны пахвальным лістом. Скончыў гімназію ў 1870 г. у ліку лепшых вучняў.
   Працягваць адукацыю I. Неслухоўскі наважыўся ў Пецярбургу, ва ўніверсітэце. Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены на матэматычны факультэт, ён хадзіў на ўніверсітэцкія лекцыі да траўня 1871 г. Адмаўленне ад здачы экзаменаў за першы курс было, відаць, вынікам працяглага роздуму. Канчатковы выбар спыніўся на прафесіі інжынера. У гэтым выбары была пэўная даніна модзе: у асяроддзі інтэлігенцыі ў той час распаўсюджвалася думка, што тэхнічны прагрэс можа шмат змяніць у грамадстве да лепшага, і яна не магла не імпанаваць юнаку, сумленне якога не мірылася з сацыяльнай несправядлівасцю.
   Восенню 1871 г. Іван Неслухоўскі аформіў звальненне з універсітэта і паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне. Спачатку ён наведваў заняткі як вольны слухач, а праз год быў унесены ў спіс пастаянных студэнтаў. На канікулы заўсёды прыязджаў да бацькоў — у Мінск ці Мархачоўшчыну (пад Стоўбцы), тую самую, якую раней, яшчэ ў трыццатыя гады, арандаваў Аляксандр Кандратовіч, бацька славутага вясковага лірніка Уладзіслава Сыракомлі, вельмі шанаванага ў сям’і Неслухоўскіх.
   10 верасня 1877 г. вучэбны камітэт Тэхналагічнага інстытута прысвоіў Івану Неслухоўскаму ступень інжынера-тэхнолага. У канцы верасня — пачатку кастрычніка ён, найбольш верагодна, быў ужо ў Тыфлісе. Там Іван Неслухоўскі пачаў служыць на чыгуначных складах. Падчас апошняга прыезду ў родны Мінск (было гэта ў 1879 ці ў 1880 г.) Івана Люцыянавіча спасцігла няшчасце: на выхадзе з канцэрта яго нечакана разбіў параліч. Бяда, аднак, не пахіснула жыццялюбства Неслухоўскага, не адняла ў яго прагі да дзейнасці. Ён уладкаваўся на службу ў мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі, дзе прыдалася яго інжынерная адукацыя, і нават не адступіўся ад свайго маладога захаплення — рыбалкі і палявання.
   У друку I. Неслухоўскі дэбютаваў вершам «Не ради славы иль расчета», які быў змешчаны ў першым нумары «Минского листка» ў 1886 г. Першае выступленне Неслухоўскага ў тым жа 1886 г. у польскім друку — публікацыя верша «Раскоша натхнення» ў часопісе «Kłosy» («Калоссе»). У вершы паэт звяртаўся да сваёй песні, паяднанай з роднай вёскай з-пад Нёмана, як да крыніцы радасці і натхнення. «Раскошай натхнення» Ян Неслухоўскі заявіў пра сябе як паэт-дэмакрат, як лірык рамантычнага складу. Пісаў ён шмат, пісаў пераважна на польскай і калі-нікалі на рускай мовах.
   Патрэба выказацца на беларускай мове з’явілася нечакана, як выбух, пад уражаннем выступленняў украінскіх артыстаў, якія гастралявалі ў Мінску ў 1887 г. Украінскі тэатр падаваў прыклад паспяховай нацыянальнай самавыявы. Свае першыя беларускія творы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага...» і «Дабрадзею артысту Манько» Янка Лучына не публікаваў. Як беларускі паэт ён дэбютаваў у друку ў 1889 г., калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы тым самым пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага на чвэрць стагоддзя пасля падаўлення паўстання 1863 г.
   Апавядальная інтанацыя большасці паэтычных твораў Янкі Лучыны, напісаных па-беларуску, гэта рух насустрач селяніну, дзеля каго задумваўся і ад чыйго імя ствараўся верш. Менавіта праз гутарковы стыль, які адпавядаў духу часу і абумоўліваўся дэмакратычнай настроенасцю паэта, выяўлялася зліццё яго асобы з памкненнямі і ладам думак сялянства, адбывалася мастацкае адкрыццё эпічнай постаці беларускага мужыка.
   «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» — гэта Лучынава адкрыццё беларускага народа, мужнага, цярплівага, сціплага. Менавіта гэтыя рысы ўласцівы старому лесніку Грышку, вобраз якога выпісаны ў паэме з любасцю і пераканаўчым псіхалагізмам. Постаць Грышкі — самая прыкметная і значная ў творчасці Лучыны-Неслухоўскага, а «Паляўнічыя акварэлькі» — выдатная з’ява ў літаратурным жыцці Беларусі на зыходзе XIX ст.
   Магчыма, аўтар да канца не ўсведамляў гэтага, але ў тым, што тут яго напаткала творчая ўдача, ён не сумняваўся. Гэта відаць з лістоў паэта да рэдактара варшаўскага часопіса «Žycie» («Жыццё») Зянона Пшасмыцкага. У адным з іх ён пісаў: «Чым жа прывабліваюць мае «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць, тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаны яны з сапраўдных факцікаў». I крыху ніжэй у тым жа лісце: «“Паляўнічых акварэлек” я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і без ног, трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсць самапал, і езджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцця. Ці павінен я тады фабрыкаваць «Акварэлькі»? Дзве ўжо абдумаў, адну напісаў слова ў слова з жыцця». Вельмі важнае прызнанне аўтара, што паэма ўзята з яго ўласнай жыццёвай практыкі. Значыць, існавалі прататыпы старога Грышкі і паніча. Думаецца, што паніч, ад імя якога вядзецца вершаванае апавяданне, — гэта сам паэт у час маладосці. Што да лесніка, то яго Лучына мог сустрэць у арандаванай бацькамі Мархачоўшчыне, куды яшчэ студэнтам прыязджаў на канікулы.
   Уласнага зборніка польскамоўных твораў «Poezje» («Паэтычныя творы») Лучына не дачакаўся. 16 ліпеня 1897 г. ён памёр, так і не давёўшы ў адпаведнасці са сваімі эстэтычнымі патрабаваннямі да канчатковай рэдакцыі варыянты беларускамоўных твораў, аб’яднаных пазней удзячнымі нашчадкамі ў кнігу «Вязанка».

У. Мархель


Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Похожие статьи:

Янка ЛучынаЯнка Лучына - Вясна

Янка ЛучынаЯнка Лучына - Роднай старонцы

Янка ЛучынаТворчасць Янкі Лучыны

Янка ЛучынаЯнка Лучына - Дзень за днём

Янка ЛучынаЯнка Лучына - Што думае Янка, везучы дровы у горад