Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Паляўнічыя акварэлькі з Палесся. Ідэйны змест і мастацкія асаблівасці
Паэма «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» напісана на польскай мове, на родную мову быў перакладзены аўтарам раздзел «Стары паляўнічы».
У лісце да З. Пшасмыцкага (рэдактара варшаўскага часопіса «Zycie») Янка Лучына пісаў: «Чым жа прывабліваюць нас «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаны яны з сапраўдных факцікаў... «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і без ног (на пачатку 80-х гадоў пісьменнік быў паралізаваны), трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсць самапал і езджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцця...» Аўтар прызнаваўся, што зместам паэмы стала асабіста перажытае і пабачанае. Паніч, ён жа апавядальнік, — гэта сам аўтар. Пэўна, меў рэальнага жыццёвага прататыпа і стары Грышка, галоўны герой твора.
Даследчыкі адзначаюць, што па маштабу і ўзроўню мастацкага абагульнення вобраза, роўнага вобразу паляўнічага Грышкі, ні ў беларускай літаратуры, ні ў іншамоўнай літаратуры Беларусі другой паловы XIX ст. няма. Грышка ўздымаецца над героямі іншых твораў свайго часу шырынёй бачання рэчаіснасці, імкненнем спасцігнуць змены ў жыцці народа.
Ва ўступе сумненні старога паляўнічага ў неабходнасці змен не прымаюцца. Сумненні гэтыя тлумачацца закасцянеласцю, патрыярхальнасцю поглядаў героя:
Выхоўвалі яго імшарыны, чарот, Разліваў далі, душагубкі, што з калод. Спрачацца з Грышкам цяжка, ў галаве закутай I дыспут не асветліць векавых закуткаў...
Але з часам спраўджваюцца песімістычныя прадказанні старога паляўнічага. Прыгажосць прыроднага свету неразумна нішчыцца, багацце спусташаецца — над усім пануюць голы разлік і карысць. Апавядальнік вымушаны прызнаць, што Грышка, а не ён са сваім аптымізмам, меў рацыю.
Пан ехаў праз Кругліцу, дзе ж яе краса?
Як выглядае пустка, бачыў сам?
Ні поля там не будзе, ні лугоў, ні пашы —
Адна пустэча толькі, што людзей адстрашыць!
Які раскошны лес спакон вякоў там быў!
Дзе ж ён? Зладзюга Фоттэль кішэню набіў.
Грышка ў канцы паэмы паказваецца чалавекам, які разумее неабходнасць навукі, ведаў у жыцці народа, які з гэтым звязвае шчаслівую будучыню сваіх унукаў.
У характары і паводзінах старога паляўнічага прывабліваюць высокая маральнасць, сумленнасць, спагадлівасць, смеласць, мужнасць. Ён вучыць паніча любіць усё жывое, не забіраць без патрэбы нічыё жыццё (раздзел «Першае маё паляванне на ласёў»), паважаць хлеб і даражыць ім (раздзел «Голад»). Што ж тычыцца палявання, то тут стары Грышка непераўзыйдзены знаўца. Ён не раз здзіўляе апавядальніка.
«Паляўнічыя гісторыі» («Паляўнічыя акварэлькі») пад пяром пісьменніка перараслі ў расказ пра свой таленавіты, сціплы, мужны, цярплівы народ, у роздум пра будучыню роднага краю.
Значнае месца ў творы займаюць апісанні прыроды, павадак, нораваў звяроў і птушак, што насяляюць беларускія лясы. Пейзажныя замалёўкі Янкі Лучыны напоўнены гукамі і пахамі, яны каляровыя і жывыя:
Прыгожы, некрануты край перада мною,
Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,
Дзе хвой выносістых завершаны стажок,
Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,
А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,
З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.
Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой...
Янка Лучына адзін з першых у новай беларускай літаратуры апаэтызаваў прыгажосць роднай прыроды. У яго творах яна набывае эстэтычную каштоўнасць, ачышчае і ўзвышае чалавека.
Похожие статьи:
Пераказы → Прыпяцкі запаведнік
Пераказы → Палесся абрус аксамітны