Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Францішка Багушэвіча
Францішак Багушэвіч — яркая постаць у гісторыі беларускай літаратуры XІX ст., перакананы дэмакрат, заступнік народа, якому служыў словам і справай. У трагічныя моманты гісторыі ён стаў на абарону народа, прыняў актыўны ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага і ў часы рэпрэсій больш за 20 гадоў вымушаны быў жыць за межамі роднага краю, але і на чужыне здолеў, як ніхто іншы, паслужыў Бацькаўшчыне. Яго заслугі перад нашай нацыяй нельга пераацаніць: ён — заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, першы буйны нацыянальны пісьменнік, выразнік дум і памкненняў народа.
Ніхто да яго з такой мастацкай сілай не здолеў паказаць «на свет цэлы» і веліч, высакароднасць працоўнага чалавека, і яго трагедыю.
Імя той трагедыі — рабства. У вершы «Чаго бяжыш, мужычок?», напісаным у форме дыялога, пытанняў і адказаў, што асабліва спрыяе рэалізму, паэт сцісла і пераканальна паказаў усе выявы рабства (холад, голад, п'янства, прыніжэнне, абставіны, што правакуюць чалавека на ганебнае і грахоўнае):
Чаго бяжыш, мужычок?
— Падганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок ?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п'еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
Аднак ва ўсіх сваіх творах і ў гэтым у прыватнасці паэт паўстае перад намі не толькі як таленавіты летапісец і страсны абвінаваўца бесчалавечных абставін, але і як філосаф. Паказаўшы ўсе жудасныя выявы рабства, ён папярэджвае нас, што самая страшная з усіх — рабская псіхалогія, сутнасць якой — у здольнасці прыніжацца і адначасова прыніжаць іншых, тых, хто яшчэ слабейшы за яго самога:
Чаго ты б'еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў.
Зло спараджае толькі зло, папярэджвае нас пісьменнік.
Вялікая каштоўнасць творчасці Францішка Багушэвіча для нас сёння ў тым, што паэт-філосаф пераканальна паказаў не толькі, як не павінна быць, якія наступствы могуць мець для чалавека нялюдскія абставіны, але найперш у тым, што стварыў эстэтычны ідэал чалавека.
Сваё маральна-эстэтычнае крэда Франціш Багушэвіч выявіў праз лірычнага героя верша «Ахвяра», які для сябе акрэсліў тыя прынцыпы, што і вызначаюць сутнасць чалавека. На думку лірычнага героя, той і чалавек, хто, жывучы на гэтай зямлі, за яе, калі спатрэбіцца, «умерці гатоў»; хто ўмее з людзьмі жыць па-людску; хто валодае пачуццём уласнай годнасці, гэта значыць, не прыніжаецца і не прыніжае («каб прад меншым я носа не драў, а прад большым не корчыў спіны»).
Сапраўдны чалавек, на думку паэта, гэта найперш добры сем'янін, верны муж сваёй жонцы («Чужых жон каб не вёў да граху, а сваю каб як трэба любіў»), добры бацька для сваіх дзяцей, для якіх ён — прыклад: толькі пры такой умове дзеці баньку будуць «у слуху». Так сцісла і вобразна паэт нагадаў нам асноўны прынцып народнай педагогікі: бацькі — «навука і прыклад» для сваіх дзяцей.
Свой эстэтычны ідэал чалавека паэт увасобіў і ў эпічных вобразах паэмы «Кепска будзе!» — Аліндарку і айчыме, надзяліўшы іх самымі лепшымі нацыянальнымі якасцямі беларуса. Чалавечую вартасць сваіх герояў пісьменнік выпрабоўвае бесчалавечнымі абставінамі, і яны з гонарам вытрымліваюць гэтыя выпрабаванні. Разам са сваімі героямі пісьменнік-філосаф дае нам урок перамогі над злом.
Увасобленыя ў багушэвічаўскіх героях дабрыня, людскасць, удзячнасць, цярпенне і настойлівасць, усведамленне волі як найвялікшай чалавечай каштоўнасці былі сілай, мацнейшай за бесчалавечныя абставіны. Хто верыць і ідзе да сваёй свабоды, той абавязкова яе здабудзе.
У творчасці Францішка Багушэвіча вылучаюцца тры ўзаемазвязаныя асноўныя тэмы: паказ сацыяльнага становішча беларускага народа; патрыятычная; прызначэнне і роля мастацтва ў жыцці народа. Творы на гэтыя тэмы складаюць змест яго асноўных зборнікаў «Дудка беларуская» (выдадзены ў 1891 г. у Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок) і «Смык беларускі» (выдадзены ў 1894 г. у Познані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава).
Адметнай асаблівасцю творчасці Францішка Багушэвіча з'яўляецца яе фальклорная аснова. Фальклорныя рэмінісцэнцыі (пазычанні) у лірыцы паэта не толькі на ўзроўні сюжэтаў (так, верш «Гора» напісаны паводле народнай песні «А я ў горы не радзілася — само гора прыкацілася»), вобразаў, але і на ўзроўні тых жа мастацкіх сродкаў: алегорыі, сімвала, паўтораў, паэтычных народных параўнанняў і эпітэтаў. Гора ў аднайменным вершы паэта — фантастычная істота, нейкая пачвара, ад якой немагчыма пазбавіцца. І пры ўсім тым паэт здолеў дасягнуць парадаксальнага эфекту: верш не гучыць песімістычна. Гору як невынішчальнай пачвары супрацьстаіць багушэвічаўскі герой, надзелены дзейсным, настойлівым характарам.
Верш «Гора» напісаны ў форме маналога-споведзі селяніна пра змаганне з гэтым невынішчальным цмокам. Селянін яго і ў рэчку кідае, і ў полымя-агонь, і да пня прывязвае, і ў зямлю закопвае, і нават адвозіць у Амерыку, — усё дарэмна. Верш сатырычны, у ім чуецца іронія, насмешка селяніна з свайго гора, якое не дае яму жыць, але і зламаць не можа. Чалавек іранізуе і са свайго становішча, а пакуль чалавек на такое здольны - ён непераможны. Ды і надзея ў героя ёсць, што вечна так не будзе, што ўдасца яму «заспяваць вясёла».
Адчуваецца, што маналог-споведзь — улюбёная аўтарам форма адлюстравання жыцця, бо, сапраўды, надзвычай эфектыўная: ніхто лепш пра свае пакуты не раскажа, чым сам пакутнік. І настрой у багушэвічаўскага героя мяняецца: ад іранічнага да бунтоўна-абуральнага, як у вершы «Бог не роўна дзеле». Іронія перарастае ў сарказм, здзіўленне — у гнеў, нянавісць, абурэнне бесчалавечнымі абставінамі. Такія абставіны не маюць права на існаванне, бо той, хто працуе, не можа «прыкрыцца хоць анучкай», а хто балюе — «ходзе у саеце, у золаце з плеч да ног». Выяўленню пісьменніцкага абурэння і непрыняцця такога ладу жыцця спрыяе не толькі гіпербалічнае супрацьпастаўленне, але і лексічныя сродкі — антонімы: адзін — другі; золата, саеты — бруд, латы.
Наступная адметная асаблівасць паэзіі Багушэвіча — палымяная публіцыстычная пафаснасць. Многія вершы маюць адзнакі публіцыстычных жанраў: верша-прамовы («Не цурайся»), верша-фельетона («Як праўды шукаюць»). А вось для выяўлення свайго разумення дарэформеннага і паслярэформеннага перыядаў гісторыі, што адрозніваюцца толькі формамі прыгнёту, паэт выдатна выкарыстаў у вершы «Быў у чысцы» і публіцыстычныя, і сатырычныя сродкі, і біблейскія рэмінісцэнцыі. Апісаўшы прыгоды і назіранні свайго героя, што трапіў у чысцец пасля смерці, Багушэвіч афарыстычна выявіў сваё разуменне тых змен і «палёгкаў» для народа, што адбыліся пасля адмены прыгону. Аксюмаранам «не надта свабодна ў гэтай свабодзе» вынес ён аканчальны прысуд і ладу, і тым, хто яго такім зладаваў.
Творчасць Францішка Багушэвіча вызначаецца і яго грамадзянскім усведамленнем ролі духоўнага ў жыцці народа. Якім павінна быць мастацтва? Каму павінен служыць мастак? Гэтай праблеме прысвечаны алегарычны верш «Мая дудка». У вобразе дудкі ўвасоблена паэзія і мастацтва наогул, у вобразе дудара, народнага музыкі – творца. Вялікую ролю ў выражэнні ідэі твора і пісьменніцкай канцэпцыі адыгрывае кампазіцыя верша. У першай яго частцы расказваецца пра спробы дудара змайстраваць «вясёлую» дудку «ад жалю, ад смутку». Але такая не зайграла: «Га! Чаму ж не играет?!» У другой частцы расказваецца, як дудар зрабіў такую дудку, «каб зямля стагнала... каб слязьмі прабрала». І дудка зайграла... Ідэя верша — у апошніх афарыстычных радках: «Як крыві не стане, тады скончу гранне». Творца павінен жыць жыццём народа: разам з ім і весяліцца, і пакутаваць; павінен падзяліць са сваім народам яго лёс — такое разуменне Багушэвічам ролі і прызначэння мастака ў грамадстве. Вершы «Мая дудка» і «Смык» — праграмныя, адзін і другі адкрываюць зборнікі паэта.
«Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека», — так вобразна, афарыстычна выявіў Багушэвіч сваё разуменне ролі і сілы роднага слова ў «Прадмове» да «Дудкі беларускай». І па сённяшні дзень гэты твор — узор публіцыстыкі, пераканальны прыклад уздзеяння на розум і пачуцці тых, што хочуць людзьмі звацца. Пераканальна і доказна даводзіць сваім чытачам палкі патрыёт Багушэвіч, што любоў да мовы ёсць адно з праяўленняў патрыятызму. Сваё ўсведамленне неабвержнага закону вечнасці, што пакуль жыве мова — жыве народ, ён сфармуляваў у звароце да кожнага з нас: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». І эпітэты святая, Богам дадзеная — гэта не проста мастацкі прыём, а напамін усім нам, што святое — гэта тое, што мы не выбіраем (у сваім выбары мы можам і памыліцца), а што даецца нам ад нараджэння ці нараджаецца намі: нашы бацькі, радзіма, дзеці. І Мова як «святыня народа, бяссмерце яго». Здрада святому — недаравальны грэх.
Похожие статьи:
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Гора
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Ахвяра
Биографии → Францішак Багушэвіч
Францішак Багушэвіч → Францішак Багушэвіч - Бог не роўна дзеле