Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Францішак Багушэвіч

Фатаграфія Францішака Багушэвіча   Ніколі не зарасце, не згубіцца дарога да нацыянальнай святыні, літаратурна-мемарыяльнага Музея-сядзібы аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, пісьменніка, публіцыста, перакладчыка Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.
   Францішак Багушэвіч – самы яркі нацыянальны паэт XIX стагоддзя. Талент яго, гэты "Божы дар", дадзены яму ад прыроды, выдатна дачыніўся да станаўлення літаратуры, якую тады не прызнавалі, а калі прызнавалі, дык адгукаліся з вялікаю неахвотаю і пагардаю. Калі да Францішка Багушэвіча беларуская паэзія мела нешырокі рэзананс, дык пасля яго розгалас пра яе пайшоў па ўсім славянскім свеце. Менавіта творчасць Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе), хай сабе і невялікая, аднак яркая літаратурная спадчына, адназначна зацвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг. Францішак Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая "і ёсць адзежа душы", акрэсліваючы межы роднай старонкі: " Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…".
   Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч нарадзіўся 21(9) сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны пад Вільняй, зараз Вільнюскага раёна Літвы. Бацька, Казімір Восіпавіч, і маці, Канстанцыя Галаўня, паходзілі з незаможнай мясцовай шляхты. Сям'я Багушэвічаў спачатку жыла ў Свіранах, але неўзабаве перабралася ў невялікі спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета (цяпер Смаргонскі раён). Там прамільгнула маленства Францішка. Дзіцячыя гады прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага. Тут палюбіў ён маляўнічыя краявіды роднай зямлі, адкрыў для сябе душэўную шчырасць, прыродную дабрыню і працавітасць мужыка-беларуса. Адсюль, з Кушлян, Францішак падаўся ў недалёкую Вільню па навуку. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у ліку найлепшых вучняў у 1861 годзе. У гэтым жа годзе паступіў і быў залічаны на першы курс Пецярбургскага універсітэта на фізіка-матэматычны факультэт, але Францішак Багушэвіч так і не распачаў вучобы, бо прыняў удзел у студэнцкіх хваляваннях і адмовіўся прыняць новыя універсітэцскія правілы, якія абмяжоўвалі правы навучэнцаў.
   Такі паварот падзей вярнуў юнака на радзіму. У прыватнай школе, адкрытай на Лідчыне ўладальнікам маёнтка Доцішкі Аляксандрам Звяровічам, Францішак Багушэвіч навучае сялянскіх дзяцей зразумела, што не ў адпаведнасці з афіцыйнай ідэалогіяй, паводле якой "православие, самодержавие, народность – три незыблемые основы русского царства". Тут, у Доцішках, яго заспела паўстанне 1863 года. Ён выступаў са зброяй у руках пакуль не быў паранены ў Аўгустоўскіх лясах. Так ён шукаў праўду для зняволенага народа. Так падказвала яму сэрца і сумленне, урэшце, так дыктавала сямейнае выхаванне, гераічнае мінулае народа.
   З-за пагрозы рэпрэсій на доўгіх дваццаць гадоў дваццацічатырохгадовы Францішак Багушэвіч вымушаны быў пакінуць Беларусь. Ён тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. У 1865-1868 вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Пасля вучобы быў памочнікам пісара пятага Чарнігаўскага губернскага праўлення, выконваючы абавязкі судовага следчага. Працаваў судзебным следчым у іншых гарадах, мястэчках, сёлах на Украіне і Расіі (Кралявец, Канатоп, Старадуб, Волагда і інш.). Але куды б ні трапляў Францішак Багушэвіч у пошуках прытулку і кавалка хлеба, душа і думкі яго заўсёды былі дома, у роднай Беларусі: "Умёр бы то, мусіць, я тут. Каб не жменька той роднай зямлі…" – пісаў паэт.    У 1884 годзе ў Вільні з'явіўся грамадзянскі суд, суд прысяжных павераных. З'явіўся шчаслівы шанс вярнуцца ў Вільню, якая заўсёды была асяродкам развіцця культуры, свежай думкі. 25 сакавіка 1884 года – Францішак Багушэвіч ступіць на віленскі брук, убачыць горад сваёй маладосці. Цяпер ён быў ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкай, з якой узяў шлюб у 1874 годзе і ад якой меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. У Вільні намнога менш клопату ў саракачатырохгадовага Францішка Багушэвіча не стала. Ён працуе адвакатам судзебнай палаты. На гэтай пасадзе ён вядзе пераважна справы сялян і гарадской беднаты. Браўся за самыя складаныя і цяжкія судовыя справы. Прычым займаўся своеасаблівай адвакацкай дабрачыннасцю: спачувальна ставіўся да клопатаў сялян, абараняў іх бясплатна. І ўсё гэта на фоне таго, што грошай у сям'і не хапала. А самае галоўнае, што яго засмучала – ён не меў магчымасці друкаваць свае творы.
   Пакуль што першымі, паводле храналогіі, вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча трэба лічыць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: "Новы 1886 год", "Прывід надзеі", "Хто гэта?", напісаныя ў 1885-1886 гадах. Вершы дасылаліся ў лістах да Яна Карловіча, вядомага лінгвіста, этнографа, музыказнаўца, з якім, пасля вяртання на Радзіму, у Францішка Багушэвіча наладзіліся больш травалыя сувязі і якому Беларусь павінна быць удзячнай не толькі за выданне ў далейшым "кантрабандных" зборнікаў паэта, але і за нараджэнне Багушэвіча-публіцыста.
   Першае вядомае публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 года на старонках польскага часопіса "Край", што выдаваўся ў Пецярбургу. За сем гадоў (1885-1891) "Край" змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псеўданімамі. Супрацоўніцтва з гэтым выданнем з'явілася выдатнай школай для Багушэвіча-публіцыста.
   Першыя свае друкаваныя вершы ўбачыў Францішак Багушэвіч толькі ў 1891 годзе. Менавіта тады ў Кракаве выходзіць першы паэтычны зборнік паэта "Дудка беларуская" пад псеўданімам Мацей Бурачок. На поўную моц загучалі Багушэвічавыя строфы:

 

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!

"Мая дудка"


   У прадмове да зборніка ён піша: "Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"… Я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова наша ёсць такая людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая…". Пасля Францыска Скарыны ўпершыню Францішак Багушэвіч заявіў аб сваёй прыналежнасці да нацыянальнага паэтычнага свету, да мовы народа, пра якую ён пакінуў свой мудры запавет: "Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як чалавек той прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі". Як было не пачуць закліку: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!". У зборнік увайшлі творы аб штодзённым побыце сялянства, напоўненыя горкімі скаргамі і прасякнутыя бязвыхаднымі трагічнымі інтанацыямі, а таксама гумарыстычныя вершы ("Мая хата", "Хрэсьбіны Мацюка", "Воўк і авечка", "У судзе", "Думка" і інш.).    Першы паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча паклаў пачатак таму, што беларуская кніга больш ніколі не спынялася на дарозе да беларускага чытача і стала з'яўляцца штогод. Сам жа Францішак Багушэвіч па-ранейшаму не выпускаў з рук сваёй дудкі-самаграйкі, пісаў і пісаў новыя вершы:

 

Ох, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я знік,
Абы голас даў;
Каб той голас чуць
Па усёй зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі!...

"Смык"


   Такой палкай споведзю пачынаўся другі паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча "Смык беларускі", што выйшаў у 1894 годзе ў Познані (па іншых звестках у нейкай літоўскай друкарні ва Усходняй Прусіі) пад новым псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава. "Смык беларускі" стаў кнігай больш антыпрыгонніцкай, антыпанскай, чым "Дудка беларуская". Да гонару Францішка Багушэвіча яго прыжыццёвыя зборнікі "Дудка беларуская" і "Смык беларускі" склалі вершы выключна на беларускай мове. Так прарываючы гнятлівую немату маўчання, цэнзурную перашкоду, на ўвесь голас, на беларускай мове, таленавіта грала чыстая і непадкупная дудка Францішка Багушэвіча. Ён яскрава паказаў, што можна і аднаму быць у полі Змагаром, калі ты Народны Паэт; і адзін Абаронца, калі ты жыццё і талент кладзеш за пакрыўджаных і бяздольных; калі, як Хрыстос, робіш усё, каб наталіць знявераных духоўным хлебам. Ён ніколі не парываў свае сувязі з народам, і дзякуючы менавіта Францішку Багушэвічу беларускі народ і беларуская літаратура набывалі сваё ўласнае імя.
   Тэма народнага жыцця – цэнтральная ў творчасці паэта. Заслуга Францішка Багушэвіча ў тым, што ён стварыў тыповы вобраз селяніна-беларуса, паказаў яго не заскарузлым мужычком, нехлямяжым, вечным няўдачнікам, а дасціпным, мудрым, іранічным, з трывалымі жыццёвымі каранямі і глыбокай філасофіяй. Ён не толькі пакутнік, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, якога абдзірае казна, крыўдзіць суд і царскія чыноўнікі, але і праўдашукальнік, асоба з развітым пачуццём чалавечай годнасці.
   Матывы паэзіі Францішка Багушэвіча самыя разнастайныя: сацыяльны аналіз рэчаіснасці ("Гора", "Бог не роўна дзеле"), матывы праўдашукальніцтва ("Праўда", "Думка", "Як праўды шукаюць"), маральная праблематыка ("Ахвяра", "Не цурайся"), грэх і свабодалюбства ("Кепска будзе!", "У астрозе", "Быў у чысцы", "Свая зямля"), міжнацыянальныя і міжканфесійныя зносіны ("Жыдок", "Падарожныя жыды"), тэматычнае пашырэнне традыцыйнай "вясковай паэзіі" і нараджэнне так званай гарадской тэматыкі ("Немец"). Вытокі яго творчасці цесна звязаны з фальклорам. Фальклорныя матывы назіраюцца ў цыкле "Песні", балады "Хцівец і скарб на святога Яна", "Балада", байка "Дзе чорт не можа, там бабу пашле", "Воўк, ягня, авечка". Пад пяром паэта паўсталі і першыя парасткі мастацкай нацыянальнай прозы. Францішак Багушэвіч стаяў ля вытокаў беларускай мастацкай прозы. Праўда, празаічная спадчына яго значна меншая, чым паэтычная. У 1892 годзе ў Кракаве асобнай кнігай выйшла яго невялікае апавяданне "Тралялёначка", у якім пісьменнік яскрава ўвасобіў расслаенне беларускай вёскі. Твор гэты невялікі, але створаныя ў ім вобразы (асабліва Барткі Саска) вельмі каларытныя. Услед за "Тралялёначкай" у Кракаве выйшла яшчэ адна кніжачка-аповесць на беларускай мове без імя-псеўданіма і нават без назвы, прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894 годзе.
   Калі раней у Францішка Багушэвіча была туга па Беларусі, то ў апошнія гады ён адчуваў тугу па бацькоўскай зямлі. І хоць тут ён бываў часта, бо жыў у Вільні, яго не пакідала мара вярнуцца ў Кушляны назаўсёды. Пасяліцца ў дарагім сэрцу кутку, жыць сярод простага вясковага люду. І гэта выразна чуецца ў яго вершаваных радках:

А хоць сілай нават адарвалі б з дому,
Калісьці вярнуўся б, як мядзьведзь да лому.
Заваліца хай хата, зарастуць пакосы,
Усё б вярнуўся, голы ды босы!

"Мая хата"

   Ужо на схіле гадоў мара Францішка Багушэвіча збылася. У 1896 годзе ён нечакана атрымаў у спадчыну добрую суму грошай. Ён будуе ў Кушлянах новы дом і канчаткова тут пасяляецца. Францішак Багушэвіч шмат піша. А пісаць было пра што. У новым сваім доме Францішак Багушэвіч пражыў няшмат: усяго якія няпоўныя два гады. Але тут ён паспеў падрыхтаваць аж дзве новыя кнігі – зборнік прозы "Беларускія апавяданні Бурачка" і трэці паэтычны зборнік "Скрыпачка беларуская", якія ў 1899 годзе здаў у Віленскую губернскую друкарню і якія цэнзура не палічыла патрэбнымі. Забароненыя царскай цэнзурай, рукапісы гэтыя загінулі, а лёс іх і сёння невядомы. Пазней былі апублікаваны толькі яго навелы "Сведка", "Палясоўшчык", "Дзядзіна". У Кушлянах Францішак Багушэвіч працягваў карпатлівую працу па складанню слоўніка беларускай мовы, марыў пра выданне граматыкі, але зрабіць усё гэта не паспеў.
   28(15) красавіка 1900 года ў адзіных на Беларусі XIX стагоддзя ацалелых літаратурных пенатах перастала біцца сэрца Беларускага сына – Прарока. І народ, які змог нарадзіць такога Валадара Слова, ужо не маленькі народ. Францішак Багушэвіч – эпоха ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры.
   Пахаваны Францішак Багушэвіч у Жупранах (цяпер Ашмянскі раён) на звычайных вясковых могілках побач з бацькамі і роднымі.
   Сёння мы азіраемся ў мінулае, узгадваем Дудара Беларусі Францішка Багушэвіча, услухоўваемся і вывучаем гукі яго Дудкі. Сёння амаль кожны беларус ганарыцца светлым імем Францішка Багушэвіча і ўсім тым добрым, што ён зрабіў для нашага самапазнання Беларусі, сцвярджэння яе самабытнасці і незалежнасці.

Похожие статьи:

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Гора

Францішак БагушэвічТворчасць Францішка Багушэвіча

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Бог не роўна дзеле

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Ахвяра

Францішак БагушэвічФранцішак Багушэвіч - Смык