Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Народнае вершаванне

   Народнае вершаванне - сістэма вершавання, якая выкарыстоўвалася і часткова яшчэ выкарыстоўваецца ў народнай паэзіі. Гэта - самая ранняя сістэма вершавання ва ўсходнеславянскай літаратуры, калі слова існавала разам з музыкай, жэстам, рухам. Народны верш спяваўся або прамаўляўся рэчытатывам (напеўнай дэкламацыяй). Так, рускія быліны, украінскія думы, беларускія замовы і галашэнні не проста чыталіся, як мы іх цяпер чытаем па фальклорных зборніках, а выконваліся нараспеў, рэчытатывам, прычым (за выключэннем замоў і галашэнняў) у суправаджэнні якога-небудзь музычнага інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Таксама і беларускія народныя песні (гістарычныя, каляндарна-абрадавыя, любоўныя і інш.) паядноўвалі ў сабе слова і мелодыю, сэнс і гук.
   У народным вершаванні вялікую ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі - склада. У выніку гэтага слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася свайго граматычнага націску, дапускала перастаноўку гэтага націску з аднаго складу на другі, у вершаваных радках з'яўляліся лішнія словы - "затычкі", асобныя склады "расцягваліся", другія, наадварот, "сцягваліся" (так, замест "у" і "і" нават пасля зычных з'яўляліся "ў і "й") і г. д.
   Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова вызваляцца ад мелодыі, у якасці арганізуючага рытмічнага пачатку народнага вершавання выступіў моцны (або апорны) націск, які, нібы магнітам, прыцягнуў да сябе націскі некаторых суседніх слоў, і не толькі дапаможных, але і самастойных. Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках і стварыла рытм танічнага ў сваёй аснове народнага верша.
   Існуюць два тыпы народнага верша: песенны і рэчытатыўны, або гутарковы. Рэчытатыўны верш некалькі маладзейшы за песенны. У ім, у адрозненне ад песеннага, некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Самай распаўсюджанай яго формай з'яўляецца былінны верш — бязрыфменны верш, у радках якога звычайна па 4 апорныя націскі (з іх апошні — дапаможны), да гэтага — двухскладовыя анакрузы і клаўзулы. Песенны верш таксама пазбаўлены аднастайнасці. Як падкрэсліваў І. Насовіч у прадмове да зборніка "Беларускія песні" (1874), "ва ўсіх беларускіх песнях, і асабліва старажытных, пануе танічнае вершаванне, у якім націск галоўнага па сэнсу слова падпарадкоўвае сабе ўсе астатнія склады і націскі".
   Народнае вершаванне ў двух яго асноўных тыпах паступова відазмянялася пад уплывам літаратурнага верша, які ў беларусаў узнік на самым пачатку XVІ ст. Гэта быў антычны (метрычны) верш - у паэзіі ня лацінскай мове і сілабічны верш - у паэзіі ня старабеларускай мове. Літаратурны верш з яго роўнаскладовасцю вершаваных радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна паўплываў ня чыста танічныя прынцыпы народнага вершавання. Ужо з XVІ ст. у вершы народных песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, якія паядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавасць у радках рытмічных акцэнтаў) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавасць складоў у радках). У песнях з'яўляюцца рыфмы, а таксама строфы. У сваю чаргу, маладыя сілаба-танічныя формы народнага вершавання пачалі аказваць уплыў на літаратурны сілабічны верш, паскараць фармаванне сілаба-танічнай сістэмы, якая ў беларускай кніжнай паэзіі зараджаецца ў канцы XVІІІ ст.
   Што да чыста танічных форм народнага верша, то яны пазней знайшлі развіццё ў літаратурнай танічнай сістэме вершавання.

Похожие статьи:

ААнтычнае (метрычнае) вершаванне

ССілабічнае вершаванне

ВВершаванне (вершаскладанне)

ККвалітатыўнае вершаванне

ККвантытатыўнае вершаванне