Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Памер вершаваны

   Памер вершаваны — паняцце, якое ўжываецца найчасцей для вызначэння рытмічнай канвы метрычнага верша і паказвае колькасць і характар стопаў у вершаваных радках (трохстопны амфібрахій, пяцістопны ямб і г. д.).
   Асобныя памеры ў антычнай і сілаба-танічнай сістэмах вершавання маюць свае назвы — гекзаметр, пентаметр, александрыйскі верш і інш.
   У сілабічнай сістэме вершавання памер вызначаецца колькасцю складоў у вершаваных радках (дзесяціскладовік, трынаццаціскладовік і г. д.).
   У сілаба-тоніцы адрозніваюць двухскладовыя памеры, у аснове якіх - пэўная колькасць ямбаў і харэяў, і трохскладовыя, што ўлічваюць колькасць дактыляў, амфібрахіяў і анапестаў.
   У апошні час тэрмін "памер верша" прымяняецца і для характарыстыкі асноўных рытмічных асаблівасцей дысметрычнага верша — акцэнтна-складовага, дольніка, тактавіка, акцэнтнага, або чыста танічнага (двухакцэнтны пяціскладовік, чатырохіктны дольнік, трохіктны тактавік, трохакцэнтны верш і г. д.).
   Некаторыя даследчыкі лічаць, што "памеры ёсць і ў свабодным вершы, толькі мы іх не ведаем" (М. Гаспараў).
   Колькасць і характар памераў, якімі карыстаецца паэт, дае пэўнае ўяўленне пра рытмічнае багацце яго творчасці. Па падліках І. Ралько, Максім Багдановіч карыстаўся 101 памерам, з якіх ямбічных — 26, харэічных — 22, анапестычных — 13, дактылічных - 10 і амфібрахічных — 7. На сілаба-танічную сістэму вершавання ў творчасці аўтара "Вянка" прыпадае 78 памераў, а на ўсе астатнія формы верша — 23 памеры. Такая шматлікасць вершаваных памераў у вялікай ступені прадвызначыла рытмічную разнастайнасць яго паэзіі (гл. рытм), паколькі вершаваны памер і канкрэтны рытм верша цесна ўзаемазвязаны. Абумоўлены паэтычным зместам рытм увасабляецца ў вершаваным памеры. У сваю чаргу вершаваны памер, як адзін з дзейсных рытмастваральных кампанентаў метрычнага верша, актыўна ўплывае на рытм, а тым самым і на змест паэтычнага твора. Маючы ўсё гэта на ўвазе, А. Твардоўскі падкрэсліваў: "Я б нават так сказаў, што дакладна адгадаць, якім памерам пра што пісаць, — гэта ўсё роўна, што напісаць рэч напалову".

Похожие статьи:

ТТрохскладовыя памеры

ДДвухскладовыя памеры