Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пяціскладовік

   Пяціскладовік – акцэнтна-складовы верш з адным ці двума акцэнтамі. У беларускай паэзіі (Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш.) з’явіўся пад уплывам творчасці рускага паэта ХІХ ст. А. Кальцова. Вось некалькі ўзораў такога верша:

 

Ох ты, бор, мой бор,
Бор сасновенькі,
Ты з каторых пор
Шуміш, родненькі.
(Адам Гурыновіч. «Бор»)

Дуб ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Многа бур ты знёс
На вяку сваім!
(Якуб Колас. «Дуб»)


   У выпадку, калі радкі верша складаюцца з аднаго самастойнага слова ці слова самастойнага і дапаможнага (злучніка, прыназоўніка, выклічніка), пяціскладовік можна інтэрпрэтавацца і як пяціскладовая стапа сілаба-танічнага верша з націскам на трэцім (часам – на першым ці пятым) складзе – пентон (ад грэч. pente – пяць), альбо анапест з дактылічнай клаўзулай. Напрыклад:

 

Усяночная
Велікодная
Непраглядная
Распасцёрлася
(Янка Купала. «Усяночная»)


   Генетычна пяціскладовік вядзе сваю радаслоўную з агульнаславянскага 10-складовіка. Сваю сувязь з апошнім ён захаваў да гэтага часу. Пра што, у прыватнасці, сведыць дзесяціскладовы верш "Дзяўчына" Ларысы Геніюш, у якім цэзура дзеліць кожны радок на два пентоны:

 

Не пакінула// ракі Нёмана,
Ні лясоў сваіх // з ціхім гоманам.
Сяла роднага, // краю мілага,
Каб быць паняю, // не пакінула.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.