Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Двухскладовыя памеры

   Двухскладовыя памеры – памеры вершаваныя, у аснове якіх – стопы ямба ці харэя. Дзякуючы пірыхіям і спандэям (радзей) валодаюць вялікімі магчымасцямі рытмічнага вар’іравання, намнога большымі, чым трохскладовыя памеры. Асаблівасць іх – абавязковая наяўнасць метрычнага націску ў апошняй стапе вершарада.
   Колькасць стопаў вагаецца ад двух да дзесяці, найбольш часта ўжываюцца трох- («Жняя» Янкі Купалы, «На Нарачы» Ю. Голуба), чатырох- («Бог не роўна дзеле» Францішка Багушэвіча, «Лукішскія вершы» В. Таўлая) і пяцістопныя («Заместа слоў» Раісы Баравіковай, «Верасы» І. Скурко) памеры. У шматстопных прысутнічае цэзура.
   Вось прыклады двухскладовых памераў – адпаведна Я2, а таксама цэзураваныя Х6 і Х8:

 

О майскі вечар!
Святло і цені...…
Мае сустрэчы
І летуценні…...
Пра сны чыесьці
Шапоча вецце…...
І вось, нарэшце,
Ідзе, смяецца…...
(Я. Міклашэўскі.

«…...О майскі вечар!»)


Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай,
Цішыня у хаце згорбленай, старой,
Ды гарыць памалу ноч даўгой лучынай,
Сцелючы сасновым дымам і смалой…
(Максім Танк. «Песня кулікоў»)

Вы – пачатак прыгажосці, вы – жыцця першапрычына,
Бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству.
Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!
(Алесь Звонак. «Беларускія жанчыны»)


   Да двухскладовых памераў адносяцца і двухскладовікі з пераменнай анакрузай (Па2), у якіх нерэгулярная анакруза абумоўлівае спарадычнае з’яўленне ў вершы то ямбічных, то харэічных радкоў. Б. Тамашэўскі, праўда, сцвярджаў, што «ніводзін рускі паэт не пісаў вершаў, у якіх ямбы і харэі знаходзіліся ў адвольным спалучэнні». Але М. Гаспараў знайшоў такія вершы ў Б. Пастэрнака, У. Лугаўскога, С. Міхалкова і А. Барто. Сустракаюцца яны і ў беларускай вершатворчасці. Імі, у прыватнасці, напісаны дзве раннія байкі Якуба Коласа «Дуб і кветкі» і «Мужык і клёпкі». Вось урывак з апошняй байкі:

Узяў сякеру, клін дубовы,
Прынёс абруч ён, праўда, новы –
На абруч – абруч ён садзіць,
Каб потым дно дастаць смялей.
Абруч загоніць – дна не выне,
Дно дастане – абруч скіне,
Ну, як мыш, ўспацеў Андрэй.

Похожие статьи:

ТТрохскладовыя памеры

ППамер вершаваны

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.