Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Балада

   Балада (франц. ballade, ад праванс. balada - танцавальная песня) - драматычна напружаны, сюжэтны ліра-эпічны верш казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу. Існуюць два віды балады - народныя і літаратурныя. Народныя балады - больш раннія на часе ўзнікнення. У аснове іх - незвычайныя, нярэдка трагічныя падзеі ў асабістым ці сямейным жыцці чалавека, гераічныя моманты ў жыцці грамадства, пэўнага сацыяльнага асяроддзя. У беларускай фалькларыстыцы вылучаюцца наступныя жанравыя разнавіднасці балад:
   - з міфалагічнымі матывамі;
   - казачныя і легендарныя;
   - якія змяшчаюць загадкі;
   - гульнёва-карагоднага складу;
   - навелестычныя.
   Літаратурныя балады узніклі на аснове народных яшчэ ў сярэднія вякі. Асаблівае пашырэнне набыла героіка-фантастычная балада у паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў (Бёрнс, Колрыдж - у Шатландыі і Англіі, Гётэ, Шылер, Гейне - у Германіі, Гюго - у Францыі, В. Жукоўскі, А. Пушкін, М. Лермантаў - у Расіі, П. Гулак-Арцямоўскі, Л. Баравікоўскі - ва Украіне і інш.). На аснове беларускага фальклору цыкл яскравых балад напісаў польскі паэт, ураджэнец Беларусі Адам Міцкевіч - "Свіцязянка", "Рыбка", "Пані Твардоўская", "Тры Будрысы" і інш. Ад роднага фальклору ішлі Аляксандр Рыпінскі і Францішак Багушэвіч, якія ў XIX ст. паклалі пачатак беларускай літаратурнай балады.
   У баладах Янкі Купалы ("Забытая карчма", "Страшны вір"), Якуба Коласа ("Няшчасная маці", "На адзіноце"), Алеся Гаруна ("Варожба"), Змітрака Бядулі ("У калядную ноч", "Балада") таксама звычайна выкарыстоўваліся фальклорныя сюжэты. Беларуская балада ХХ стагоддзя наблізілася да рэальнага жыцця чалавека, стала важным сродкам паказу яго гераічных учынкаў ("Астрожнік" П. Труса, "Машыніст" Алеся Дудара і інш.).

   Асаблівага росквіту дасягнула балада падчас Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці Аркадзя Куляшова ("Балада аб чатырох заложніках", "Маці", "Камсамольскі білет"). Вядомыя балады Максіма Танка ("Балада пра партызана Дубягу", "Антон Нябаба"), А. Вялюгіна ("Балада аб уральскім танку"), Ніла Гілевіча ("Балада пра чырвоны каснічок"), А. Лойкі ("Балада пра беленькія чаравічкі") і інш. Цяпер плённа развіваюцца самыя розныя жанравыя формы балад. Цэлую кнігу арыгінальных гістарычных балад напісаў Янка Сіпакоў ("Веча славянскіх балад"). Існуюць сказавыя балады ("Кастусь Каліноўскі" Петруся Броўкі), балады песеннага тыпу ("Надзя-Надзейка" Петруся Броўкі), партрэтныя ("Герой" Пімена Панчанкі), псіхалагічныя ("Юнак быў з-пад Слоніма родам" А. Лойкі) і інш. Значная колькасць беларускіх народных і літаратурных балад увайшла ў выданні: "Балады" (кн. 1-2; 1977-1978) і "Беларуская балада" (1978).

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Урок. Сербская балада. ХХ стагоддзе

Ян ЧачотЯн Чачот - Бекеш

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках

Алесь ПісьмянкоўАлесь Пісьмянкоў - Балада роду

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Альпійская балада