Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Алесь Гарун - Варожба
Засцянковая аповесць
Бліжыцца поўнач. У гэтай парэ
Сон пахаджае па панскім дварэ.
Спяць, паканчаўшы звычайную працу,
Чэлядзь ў пякарні, паны у палацу;
Толькі стары вартаўнічы Ігнацы
Ходзіць з клякоткай і піпкай сваёй:
Двор сцеражэ ад людзіны ліхой.
Ходзіць стары і мурмоча пад нос:
– Ну і пракляты ж сягоння мароз!
Новы кажух прабірае, пся вера,
Быццам кажух – не кажух, а папера!
Брэша, не зломіць старога жаўнера, –
Панна Эмілья, хай Бог ёй аддасць,
Вызваліць з гора, не пусціць прапасць.
Цёнгле, як толькі пачнецца цямнець,
Зараз палынаўкі з кухні нясець,
Міла глядзіць і ласкава смяецца:
– Хочаце, можа, Ігнацы, пагрэцца? –
Гэткі парадак не ўсюды вядзецца!
Добрае сэрца! Павет абысці,
Роўную панне, бадай, каб знайсці...
Адвэнт1 на сходзе. Яшчэ да Каляд
Тыдзень астаўся адзін акурат.
Неба у зорках, і кожна з іх ззяе,
Месяц зялёны свой свет пасылае,
Лёгкі марозік за шчокі хапае,
Снег пад нагамі прыемна рыпіць, –
Ведае варту Ігнацы, – не спіць.
Панна Эмілья тым часам сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне, –
Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,
Быццам яна не жывець ў ахвіцыне,
Быццам яна немаведама хто,
Хочацца сэрцу няведама што.
Успомніць мамульку, татульку, свой дом,
Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,
Старшага брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Даўных равесніц... кароўку Рабульку...
Дзе яно ўсё? I не вернеш тых дзён,
Знікла, як дым, расплылося, як сон!..
Страшна і ўспомніць далёкі той год
(Чорным яго называе народ), –
Пошасць з касою па свеце хадзіла,
Панну Эмілью сіроткай зрабіла,
Родных, сямейку зямлёю пакрыла.
Доля, няйначай, – ў яе ўсё руцэ:
Узялі паны гадаваць пры дачцэ.
У стане, паходзіць і сядзе ізноў,
Б’ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкія ў сэрцы парваліся тамы2,
Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы...
Стане прад Маткай Святой з Восграй Брамы3,
Просіць: «Прачыстая, згінуць не дай,
Гора адкінь, ад бяды захавай!»
Ручкі заломіць, і слёзы цякуць...
Новыя думкі ізноў набягуць,
Жыцце у людзях сабе выкладае,
Цяжкае жыцце! Хаця спагадае
Маткі заступніца – пані старая,
Пан як бы родны, – нявесела жыць!
Час у жалобе, ў маркоце бяжыць.
Хочацца сэрцайку ласкі не той, –
Хочацца спогадзі панне другой...
Тэкля, Аршулька, Ганулька – малжонкі,
Шлюбныя носяць на пальцах пярсцёнкі...
Моліцца панна да ўласнай патронкі:
– Панна святая, ты неба ўмалі,
Вернага друга мне ў жыцці пашлі!
Потым ўсміхнецца прыгожа... Каму?
Ведама – пэўне, яму аднаму...
Рожы4 цвітуць на бялюсенькім твары,
Што ж тут за цуд і чые ж гэта чары?
Праўду сказаць? Вінаваты гусары,
Ну, хоць не ўсе, дык, прынамсі, адзін
Панне прычынай маркотных гадзін.
Статны, прыгожы, – праўдзівы жаўнер, –
Гляне – як сокал! Які ж кавалер!
Майстар на жарты які, на хіхоты,
Як удаецца ў шабунькі, ў залёты,
Лёсткі пушчаць – навучыся ў яго ты!
Як ён часамі умее глядзець,
Ў танцы які! – не пазволе сядзець!
Ручку як сцісне, на вуха шапне
Слоўца такое, што й сэрца замрэ!
Шкода, нядоўга яны пастаялі...
Толькі тры дні усяго балявалі
Гэтта ў дварэ і паехалі далей.
Рушылі ў Вязьму, а стуль пад Маскву,
Чуець паненка, маўляў, наяву,
Як прад ад’ездам ён цяжка ўздыхаў;
Помніць – навекі аб ёй прысягаў,
Як ад’язджаючы, бачыць, скланіўся...
Праўда ж? Ці помніць? Ці, можа, забыўся?
Любіць? Не любіць?.. Ў другую ўлюбіўся?
Можа, ўдаваў закаханне на жарт?
Трэба аб гэтым спытацца у карт!
Праўда, што адвэнт і грэх варажба,
Што ж – калі гоніць ў сухоты журба!
Бог міласэрны няхай выбачае...
Панна Эмілья ў красэлка сядае,
Талью картуе, шэсць карт выкладае,
Сёмая карта кладзецца пад ніз
Хітры пасьянс пачынае: «Маркіз».
– Любіць? не любіць? Любіў? не любіў?..
Верным астаўся?.. Ці верным не быў? –
Шэпча паненка. Пасьянс збунтаваўся...
Дзе ж той чырвоны кароль падзяваўся?
Мусіць, не любіць!.. Не, гэты не ўдаўся!..
Іншы спрабую цяпер разлажыць –
Час памаленьку бяжыць ды бяжыць.
Поўнач прайшла. У дварэ петухі
Раз прапяялі з-пад цёплай страхі,
Крайчыкам месяц з-за туч выглядае,
Панна Эмілья варожб не кідае,
Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае:
–Любіць, не любіць, любіў, ашукаў,
Верным астаўся ці ім не бываў?
Рыпнулі дзверы... I вось на парог...
Панначка – зірк! – гэта ж ён, далібог!
Палец да губ прылажыў, усміхнуўся,
Дзверы прымкнуў за сабой, азірнуўся.
– Панна чакала, каб я дый вярнуўся?
Ціха на пальчыках к ёй падышоў,
Дзеўча адразу не знойдзе і слоў.
Потым здзіўленне крыху адышло.
– Скуль пан узяўся і што прывяло? –
Гэтак пытае. Урода асанны.
Сам, як ягнятка, ласкавы, рахманы.
– Жыць не магу без каханае панны!
Мусіць, нігдзе не спаткаю такой...
Дай ты мне шчасце, вярні мой спакой!
Рукі злажыў і на коленкі стаў,
К ножкам дзяўчаці галоўкай упаў.
Панна Эмілья, смуціўшыся гэтым,
Хоча устаць, адхіснуцца, а дзе там!
Ён не пушчае і моліць ўсім светам:
– Будзь гаспадыняй, царыцай маёй,
Сэрца злячы мне, душу заспакой.
Што тут рабіць? Гэта ж могуць пачуць,
Потым у вочы усе засмяюць:
Панна уночы госцяў прымае!
Ручкай гусара з кален падымае,
Просіць устаць, не крычэць, сунімае,
Садзіць у крэсла, прыносіць вады...
– Ціха, мой пане, наробіш бяды!
Людзі пачуюць, – нічога табе, –
Сеў дый паехаў, і сам па сабе.
Я ж і назаўтра тут мушу астацца;
Будзе ад сораму недзе схавацца,
Людзі пачнуць як навокал смяяцца:
«Ў панны Эмілі ёсць кавалер».
– Хай не смяюцца! Бо плакаць, павер,
Будуць, паненка, яны над сабой,
Покуль гуляю яшчэ з галавой,
Покуль не судзіць мне доля прапасці,
Хіба сама ты захочаш напасці,
Думкі не споўніш маеі аб шчасці.
Ведай: прыехаў забраць я цябе,
Ў разе ж нязгоды – застрэліць сябе.
Бачыш, кладу я на стол пісталет:
Коркі падняты, набоі як след.
Добрая гэта турэцкая штука!
Дзед адабраў на вайне ў мамалюка5;
Можа, сягоння прыдасца на ўнука.
Воля твая: рассудзі, выбірай, –
Шчасцем дары ці насмерць пакарай.
– Пан, не даеш мне з чаго выбіраць,
Я не хачу ні судзіць, ні караць!
Як жа так раптам... Ці ж можна, скажэце?
То ж не гульня, а мы з панам не дзеці, –
Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці.
– Панна Эмілія, мне не пярэч!
Хіба не любіш?.. Не панская рэч!
Пану да гэтага дзела няма,
Ведаю думкі свае я сама,
Можа б, любіла, каб гэтак не ягліў6,
Так не пужаў і з адказам не нагліў7,
Быў да паненак не гэтак павадліў,
Можа б, тагды і пайшла... А цяпер?! –
Панна збляднела, маўляў, бы папер;
Хоча сказаць і баіцца сказаць,
Вочкі спусціла, павекі дрыжаць...
Той жа гусар, як смала, прычапіўся,
Ручку цалуе і з крэсла ўсхапіўся,
Зноў на каленях у ног апыніўся.
– Слонейка, – просіць, – кажы, не чакай:
Ў пекла мне судзіш ці разам у рай?
Любіш – не любіш, шкадуеш ці не,
Дай жа спакою, не мучай мяне!
Сэрца паненскае, ведама, з воску,
Возьмем мы места ці звернемся ў вёску,
Толькі б агоньчык і зараз жа слёзку,
Ясную слёзку на вочка пашле,
Хоча – не хоча, дый скажа «але».
Гэтак і з паннай Эмільяй было.
Нешта ад сэрца к грудзям падышло,
Потым у горле клубком перасела,
Быццам бы выскачыць сэрца хацела;
З вочак слязінка скацілась нясмела,
Следам другія спяшаюць ісці..
– Люблю, – кажа панна, – люблю... адпусці!
Ускочыў, падскочыў гусар малады
Так, як бы чорт ад свянцонай вады.
Рады, смяецца і ручкі цалуе,
Пусціць, абніме, ізноў прымілуе,
Ну, не раўнуючы, мора хвалюе!
Нават апомніцца ёй не дае,
Рупіць збірацца, капоцік ўздзяе.
Гасіць лаёўку, вядзець на парог,
Клямку шукае... Ды Бог засцярог:
Панна зірнула каханку у вочы, –
Так, як вуголлі, гараць сярод ночы...
Верыць – баіцца, не верыць – не хоча.
– Хто тут? – пытае. Ён цягне, маўчыць...
Панна ў трывозе тады як ўскрычыць:
– Маці Прачыстая! Ў помач прыйдзі!
Згінь ты, шатане, – мара, прападзі!
Згінь, прападзі ты, нячыстая сіла! –
Правай рукою яго ахрысціла.
Чуе: рука, што трымала, пусціла.
Прывід той страшны прапаў ў цемнаце.
– Кінь варажыць ў адвантовым пасце! –
Голас чужы з-за дзвярэй прагрымеў.
Панна... прачнулась. Ліхтар абгарэў,
Мусіць, даўно дагарэла лаёўка,
Смрод у святліцы... балела галоўка,
Ціха праз сені прайшла пакаёўка.
Стары гадзіннік паказвае пяць...
– Ах, як заспалася!.. Трэба ж так спаць!
1917
1. Адвэнт – калядны пост у католікаў;
2. Тамы (польск.) – перашкоды;
3. ... Прад Маткай Святой з Вострай Брамы – перад вядомай каталіцкай іконай у Вільні;
4. Рожы – ружы;
5. У мамалюка – у турэцкага ваякі;
6. Каб гэтак не ягліў – каб гэтак настырна не дамагаўся;
7. Не нагліў (паланізм) – не прыспешваў.
Похожие статьи:
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Брацця! Досыць цярпець нам і гнуцца...
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень
Алесь Гарун → Алесь Гарун - У чатырохлецце "Нашае Нівы"