Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Грамадзянская лірыка Янкі Купалы перыяду станаўлення беларускай дзяржаўнасці

   Велізарныя зрухі, якія адбываюцца ў свеце ў пачатку XX стагоддзя: рускія рэвалюцыі, Першая сусветная, а потым Грамадзянская войны, разбурэнне Расійскай імперыі і імкненне народаў да незалежнасці — захопліваюць у свой вір і беларускае грамадства. Беларусы таксама хочуць, кажучы словам і Янкі Купалы, "людзьмі звацца" і мець сваю ўласную незалежную дзяржаву. Менавіта ў гэты перыяд светапогляд Янкі Купалы значна эвалюцыяніраваў.
   Паэт адыходзіць ад ранейшых матываў апявання гаротнай долі і спрадвечнай крыўды беларускага народа. Ён уздымаецца да шырокіх гістарычных абагульненняў, робіцца выразнікам запаветных народных дум, правадыром і прарокам, які лічыць сваёй галоўнай мэтай паказаць шлях народу да незалежнасці і свабоды. Купалаўскія публіцыстычныя артыкулы, а таксама вершаваныя творы гэтай пары напоўнены патрыятычным пафасам, эмацыянальным заклікам да дзеяння. Асабліва выразна і вобразна тагачасны душэўны ўздым паэта адлюстраваўся ў вершы 1918 года "Час!":

Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду.
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважа,
Слова цвёрдае хай скажа,
Скажа сам народ!

Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй.
Новы ўзнесць пасад.


   Гэты верш — выдатны ўзор паэтычнай публіцыстыкі, палымяны заклік да беларускага народа самому вырашыць будучыню роднага краю. Вобраз "вялікага сходу", скразны ў творчасці Я. Купалы, паводле меркавання даследчыкаў, асацыіруецца тут з Першым Усебеларускім з'ездам, які закранаў пытанні дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
   Нявырашанае нацыянальнае пытанне надзвычай трывожыла паэта, ён сам актыўна ўключаецца ў грамадскае жыццё, спрабуючы вызначыць сваё месца і ролю на зямлі Бацькаўшчыны. У 1919 годзе Купала стварае верш "Мая навука", у якім асэнсоўвае свой творчы лёс, няпросты шлях ад "яснавалосага хлопчыка", як называлі яго тагачасныя крытыкі, да вялікага песняра, народнага прарока:

 

Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці.
Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
І дум беларускіх без школы і кніг.

Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.
 

   У творы выразна прасочваецца сэнсавая двухпланавасць. З аднаго боку, захаваная праўда жыцця — Янка Купала сапраўды набываў веды ў асноўным самастойна, шляхам самаадукацыі. У яго не было магчымасці вучыцца ў знакамітых універсітэтах, і ён спасцігаў жыццёвую мудрасць і гісторыю народа на практыцы, сэрцам і душой. З другога боку, пералічваючы праявы звычайнага жыцця: "усходы палеткаў і гоманы ў сёлах", "цяністыя бітага шляху прысады", "шопат спелых пшанічных калоссяў", прыгадваючы "бурлівую рэчку і млын гутарлівы", якія яму "складалі... рытму мастацкія звівы", — Купала сцвярджае, што толькі такім чынам і можна стаць сапраўдным паэтам. У вершы творча пераасэнсоўваецца праграма рамантыкаў (у прыватнасці, Адама Міцкевіча), якія лічылі інтуітыўнае адчуванне дасканаласці свету важней і глыбей за сухія тэарэтычныя навуковыя веды:

А сонца, скрозь сеючы іскры па свеце,
Мне песню іскрыла нябесным святлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крылле лунаці арлом.

Каса, і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі;
Марозы і спёкі далі гарт нязбытны —
Мне песню, як звон, як пярун адлілі.
 

   Толькі сапраўдны паэт здольны ўбачыць паэзію ў някідкіх пейзажах роднага краю, у праявах звыклага побыту; прыгадаць гісторыю народа ў метафарычных згадках пра "касу, і сякеру, і цэп малацьбітны", якія былі адначасова і прыладамі працы, і зброяй падчас шматлікіх паўстанняў за незалежнасць. Толькі спасцігнуўшы гэтую навуку, творца можа сцвярджаць, што ён сапраўды валодае "Божым дарам" і можа называць сябе "ўладаром беларускай песні", перакананы Янка Купала.
   Напісаны ў 1919 годзе, у складаны для Беларусі час палітычнага самавызначэння, верш падкрэслівае надзвычай важную для Янкі Купалы думку пра ўнутраную свабоду мастака. Гэты матыў — скразны ў творчасці Купалы:

 

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць. —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
 

   Так вуснамі старога Гусляра з паэмы "Курган" яшчэ ў 1910 годзе даводзіў паэт духоўную моц і няскоранасць творцы. Гэтым маральным прынцыпам Янка Купала заставаўся верным на працягу ўсяго жыцця.
   Першая сусветная вайна прынесла шмат бяды беларускаму народу. Ваеннае становішча, якое было ўведзена на тэрыторыі нашай краіны, змушала сотні тысяч людзей пакідаць абжытыя сядзібы і ўцякаць як мага далей ад страшэннай навалы, ратуючы сябе і сваіх блізкіх ад гібелі. Сярод гэтых людзей быў і Янка Купала. Пакідаючы ў канцы 1915 года горад сваёй маладосці Вільню, ён не здагадваўся, што назаўсёды развітваецца з многімі сябрамі, з газетай "Наша ніва", з самім горадам.
   Светадчуванне звычайнага чалавека, які ва ўмовах вайны і гістарычных катаклізмаў гвалтам вырываецца са свайго натуральнага асяроддзя, спакойнага мірнага жыцця і вымушаны пакутліва шукаць хоць нейкага прыстанку ў шырокім свеце, Янка Купала спазнаў на ўласным лёсе і бліскуча перадаў у знакамітым вершы "Паязджане" (1918). Верш перакладзены на многія мовы свету: англійскую, балгарскую, іспанскую, польскую і рускую. Міжнароднае прызнанне — невыпадковае, яно сведчанне вялікай эстэтычнай вартасці верша. У аснову твора Янка Купала паклаў народнае павер'е, паводле якога ўдзельнікі вяселля, калі ім перабяжыць дарогу ваўкалак, будуць бясконца блудзіць у наваколлі і ніколі не вернуцца ў дом, з якога выехалі.
   У гэтым вершы, як у многіх іншых купалаўскіх творах, ёсць пастаянныя знакі-сімвалы, што маюць іншасказальнае значэнне. Сярод іх вобразы маладой (нявесты), жаніха, вяселля.
   У Новым Запавеце маладая выступае сімвалам царквы, а жаніхом з'яўляецца Ісус Хрыстос, другое прышэсце Якога і сімвалізуе іх сакральны шлюб. Гэта так званы біблейскі архетып або біблейская парадыгма, якую на працягу тысячагоддзяў паэты і мастакі актыўна выкарыстоўваюць і кожны па-свойму інтэрпрэтуюць у сваіх творах.
   Асабліва часта звярталіся да біблейскага архетыпу прадстаўнікі рамантызму Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, З. Красінскі. Інтэрпрэтацыя біблейскага архетыпу ў творах Янкі Купалы ў нечым блізкая да міцкевічаўскага ўвасаблення: маладая — гэта Айчына, Беларусь, якая чакае свайго сімвалічнага жаніха (прарока ці вызваленчых сіл) і шлюбу — гэта значыць нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці.
   Блізкасць сімволікі ў творчасці Адама Міцкевіча і Янкі Купалы тлумачыцца падобнымі мэтамі, якія ставілі перад сабой абодва творцы, — дамагчыся вызвалення з-пад чужацкага ярма роднага краю. Паводле Купалы, у гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войн, рэвалюцыі Беларусь і яе народ блукаюць "у беспрасвецці" і "беспрыстанні", бо палітычныя і сацыяльна-эканамічныя абставіны, геапалітычныя інтарэсы суседніх дзяржаў складваюцца не на іх карысць.
   Але ў вершы "Паязджане" на першы план выходзіць не столькі палітычны, колькі эстэтычны змест. Уражвае арганічнае адзінства зместу і формы, зрокава-адчувальнае гукавое афармленне, згушчаная метафарычнасць. Разнастайнасць вобразна-выяўленчых сродкаў у творы Купалы з'яўляецца прыкметай эстэтычных пошукаў тагачаснай сусветнай літаратуры, яе мадэрнісцкіх кірункаў, і ў першую чаргу сімвалізму.

Похожие статьи:

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Лірыка

ІІнтымная лірыка

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

ЛЛірыка