Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Матывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

   Публіцыстычная накіраванасць, пафаснасць — вызначальная адметнасць стылю і творчай манеры П. Броўкі. Сведчанне таму і назвы яго першых зборнікаў: "Гады як шторм", "Прамова фактамі".
   Творы П. Броўкі называюць паэтычным летапісам народнага жыцця. Удакладнім: аднаго яго боку. I гэты бок жыцця "адбіты", адлюстраваны жыццесцвярджальна, аптымістычна, пафасна ў творчасці П. Броўкі: 

У добрым калгасе бліз Нёмна сівога 
Я знаў аднаго каваля маладога...
...Не зоркім паглядам, не постаццю гнуткай
Праславіўся хлопец — праславілі рукі.
Мне нават казалі ў калгасе аднойчы:
"Ён выкуе месяц, як толькі захоча.
Павесіць паўноччу на белай бярозе —
Каторы сапраўдны — ніяк не адрозніш!"
(" Каваль")

   Пафас творчасці паэта вызначае тэма працы, размах аднаўленчага будаўніцтва (вершы "Каваль", "Архітэктар", "Бондар", паэма "Хлеб").
   "Не буду я стаяць на раздарожжы, вачамі сумнымі глядзець удалячынь", — гэта катэгарычная заява яго лірычнага героя шмат у чым вызначае і сутнасць паэзіі П. Броўкі. У ёй пераважае адно пачуццё — аптымізм. Акрамя паэзіі ваеннага перыяду, у якой гучаць трывожныя і трагічныя ноты, а вершы сапраўды напісаны голасам сыноўняга сэрца, у яго творчасці няма змрочных фарбаў. Сёння мы ведаем, што час, у які выпала нарадзіцца і жыць паэту, не мог быць падставай для падобнага бязмежнага аптымізму. Магчыма, матывам яго стала бязмежная ўдзячнасць П. Броўкі за ўсё, чаго дасягнуў у жыцці. Нарадзіўся ён у 1905 г. у мнагадзетнай сям'і, у якой кавалак хлеба быў святам:

Дзяцінства незабыўны час! 
Я рос паміж дажджоў, вятроў,
Я пераходзіў з класа ў клас —
Ад качак, свінняў да кароў.

   Наўрад ці сціплы, чулы чалавек, якім быў Пятрусь Броўка, пайшоў супраць сумлення і быў няшчырым, калі славіў час і чалавека працы, якому выпала жыць у гэтым часе. I такім бачыўся, такім усведамляўся ён паэту. Толькі добры калгас "бліз Нёмана сівога", толькі кавалёў і бондараў, якіх "праславілі рукі", ён ведаў. У гэтым плане творчасць паэта цікавая для нас і як сведчанне таго часу і яго ўплыву на творцу.
   Звернемся да твораў П. Броўкі, якія вытрымалі выпрабаванне не тым часам, у які ён пісаў, а часам наогул, які з'яўляецца самым нестароннім суддзёй.
   А вытрымала выпрабаванне найперш яго лірыка, матывам якой было святое пачуццё да Радзімы і ў час ваеннага ліхалецця, і ў мірны час. Лірычны герой верша "Рана" — салдат-патрыёт. Восем ран пакінула на яго целе вайна, але самая незагойная — рана на целе паланёнай Радзімы. I загаіць яе можа толькі зварот на вольную зямлю:

...Каб чабору таго, 
Каб тае медуніцы,
Каб паветра з бароў
Што пад Мінскам у нас.

   Назва эпічнага верша "Кастусь Каліноўскі" вонкава супярэчыць зместу яго, бо верш пра подзвігі партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны герой верша — партызан Каліна. Фантастычным прыёмам славіцца яго сіла, якой ён бароніць людзей ад фашыстаў:

Калі ён пачуе, як ворагі скачуць, 
Калі ён пачуе сірочыя плачы...
I будзь ён пад Бугам ці далей дзе, можа,
Ён шабляй дастане да самай Бярозы,
Да сэрцаў варожых,
I кацяцца голавы катаў у лозы.

   Пра партызана складаюць легенды, а па беларускай зямлі "пайшла пагалоска": зноў з'явіўся Кастусь Каліноўскі. "Сілай магутны, душою агністы", ён наводзіць жах на ворагаў, яго кулі даганяюць варожую варту за сотні кіламетраў і вызваляюць дзяўчат з палону. Назвай твора, параўнаннем звычайнага сялянскага хлопца з правадыром паўстання 186З г., фальклорнымі рэмінісцэнцыямі паэт сцвярджае думку, што ў самы крытычны для Радзімы час патрэбна незвычайная сіла і любоў да народа, роўная сіле і любові Каліноўскага.
   Ідэя верша "Родныя словы" сфармулявана ў радках, што сталі крылатымі:

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі, 
Каб звонка звінела, была, як агонь.

   Выдатную і пераканаўчую форму выяўлення думкі, што мова — душа народа, што творца мовы — народ, абраў паэт: ён слухае "гаваркія" родныя словы: "Як многа гавораць мне назвы такія..." А назвы родныя роднай зямлі гавораць пра галоўнае: "што продкі любілі спакойную працу", што "трываць не хацелі абразы і слёз".
   Узорам філасофскай лірыкі ў творчасці П.Броўкі з'яўляецца верш "Як ліст дубовы...". Мастацкая вартасць гэтага дасканалага твора вызначаецца асацыятыўнасцю выяўленай у ім думкі: чалавек павінен несці свой крыж да канца, павінен трымацца за жыццё, "як за галлё дубовы ліст". Няхай "мятлюга грае і злосны шчэрыцца мароз", чалавек павінен ісці, павінен усведамляць сваё жыццё як дар і найвялікшую каштоўнасць, адмаўляцца ад якой — неадпушчальны грэх. Асацыятыўнасць, трапнае параўнанне прагі і волі да жыцця з дубовым лістком, метафарычнасць дазваляюць паэту пазбегнуць уласцівай яго творчасці публіцыстычнасці і пафаснасці. У апошняй страфе яшчэ адна філасофская думка пра пераемнасць пакаленняў, повязь паміж пакаленнямі як умову вечнасці жыцця.
   Мудрыя сцвярджаюць: тое, што схаваў, — прапала, што аддаў, — тваё. Такая галоўная думка верша "Ты шчодры будзь!". Лірычны герой гэтага верша, як і верша "Сляды", — чалавек мудры, сталы, сумленны і вопытны. Мудрасць і свой вопыт лірычны герой верша "Сляды" дакляруе маладым:

Вы выйшлі ўдалеч, маладыя,  
Вам доўга крочыць праз гады.
Не забывайцеся ж, якія
Вы пакідаеце сляды.

   Звароты, заклікі, клічныя сказы, дзеясловы загаднага ладу, публіцыстычная лексіка ("след трактарыста, след паэта, канструктара, будаўніка" і інш.) — усё гэта рысы публіцыстычнага стылю, аднак шчырасць, з якой праз свайго лірычнага героя гаворыць з намі паэт, уражвае, палоніць.
   Адным з выдатных твораў інтымнай лірыкі ў нашай паэзіі з'яўляецца верш "Пахне чабор". Тая вечная думка, што валадарыць светам каханне, якое вышэйшае за ўсе пачуцці на свеце, выяўляецца праз успрыманне лірычнага героя — закаханага, чыстага, узнёслага, як і само пачуццё. У гэтым вершы дзівосным чынам спалучаецца лірычнае і эпічнае, узвышанае і зямное, шчасце і горыч, удзячнасць і шкадаванне. У гэтым вершы сцвярджаецца думка, што той і шчаслівы, хто зведаў каханне, нават калі яно і не збылося, не было ўзаемным. Лірычны герой быццам даводзіць нам: не шкадую, што не збылося, удзячны лесу, што было.
   Вялікую ролю ў выяўленні пачуццяў лірычнага героя адыгрывае рэфрэн "Пахне чабор, пахне чабор...". Кожны раз у кантэксце ён напаўняецца новым зместам і выяўляе цэлую гаму пачуццяў: ад шчасця, захаплення да шкадавання і светлага смутку...
   I ў П. Броўкі ёсць вершы, у якіх рубам пастаўлена пытанне:

...Паэзія сучасных дзён 
Павінна быць якою?

   З ракой і дзяўчынай "златакудрай", з арлом і салаўём параўноўвае яе паэт; паэзія, на яго думку, павінна "не знаць прыпынку анідзе ні днём, ні цёмнай ноччу". Галоўнае ж патрабаванне — быць праўдзівай:

Імкнуцца праўду расказаць 
Заўсёды сэрцам чыстым,
Каб, як дзіцячая сляза,
Быць шчырай і празрыстай. 

Похожие статьи:

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Лірыка

ГГрамадзянская лірыка

ІІнтымная лірыка

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

ЛЛірыка