Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Пятрусь Броўка - Хлеб
I
Смачны хлеб працавіты.
Сейбіт ходзіць палямі, –
Сыпле, сыпле ён жыта
Залатымі дажджамі.
Пяць гадоў, можа, болей,
Як не быў тут, напэўне,
Праслаўляе ён поле
I ліповую сеўню.
I агні на рабінах
З баравое паляны,
I красуню-дзяўчыну,
Што так лешыць старанна.
Што саломкаю меціць
Шлях ці голлем зялёным,
I да долу хінецца
З урачыстым паклонам.
Прамільгнуць светлякамі
Зерні з ветрам імкліва –
Пакладуцца радамі
На пуховую ніву.
А дзе зернета пала –
Шум калоссяў здаецца.
Што вясёлка, зайграла
Сёння ў сейбіта сэрца.
Бо сваімі рукамі
Засявае палетак, –
Колькі год між баямі
Ён памарыў пра гэта.
Колькі раз ў завіруху
Чуў узрушаны голас –
Гэта шэптам, на вуха,
Гаманіў яму колас.
Між агню франтавога,
Між гарматнага грому –
Быццам зваў да жытнога,
Да далёкага дому.
Як хацеў ён, да болю,
Той паслухацца рады,
Ды салдацкае поле
Узнімалі снарады.
Ды салдацкае поле
Кулямёты аралі,
Ды салдацкае поле
Кулі скрозь засявалі.
Да далёкае Эльбы
Гнаў чужынцаў наш сейбіт
I вярнуўся дахаты,
Зноў да жытніх зярнятаў.
Вось ён ходзіць палямі,
Па прасторах шырозных, –
Нібы ў кнізе, радамі
Роўна леглі барозны.
Сыпне горсць залатую,
Восень звонкую збудзіць,
Вецер з бору цалуе
Расхрыстаныя грудзі.
Чырванеецца неба,
Чырвань з краю да краю.
На вільготную глебу
Мякка ногі ступаюць.
Сейбіт марыць, ды годзе,
Быццам хвіляю тою,
Дзе ён толькі ні пройдзе, –
Войска ўстане сцяною.
Ды, не знаючы зморы,
Сее дбала і многа –
Сонца села за борам,
Сеў і ён ля дарогі.
Нахіліліся травы
Перад захадам сінім.
Сейбіт глянуў ласкава
На красуню дзяўчыну.
Ды сказаў ён з усмешкай: –
Ты ляшыла са спрытам,
Не забудзься на сцежкі,
Дзе мы сеялі жыта!
II
Быццам кроў, журавіны
Чырванеюць між лозаў,
Адплыло павуцінне,
Пажаўцелі бярозы.
Замаркотнелі далі,
Абляцелі крушыны,
Толькі зерні ўставалі
Там, дзе сейбіт іх кінуў.
Як бы выраслі крыллі
У зярнят за плячамі,
Як бы поле прабілі
Скрозь яны аганькамі.
Сейбіт прыйдзе з надзеяй,
Паглядзіць, усміхнецца,
Быццам там ён пасеяў
Свой кавалачак сэрца.
Падышоў па загоны
I ў глыбокую восень –
Хваляй, морам зялёным
Жыта скрозь разлілося.
Падышоў, як заранка
Поле скрозь ахінула,
Падышоў, калі ранкам
Срэбра рунь закранула.
Ці то сам напрарочыў
Ён пра тую хвіліну,
Бо на руні аднойчы
Зноў сустрэўся з дзяўчынай.
Шчыра з ёй прывітаўся
Ды нясмела спытаўся:
– Ці не поле жытное
Нас так вабіць з табою?
А дзявочыя бровы
Узляцелі, што крылы,
Адказала сурова:
– Я каралі згубіла!
III
З пушчаў, з даляў сасновых
Палі белыя стрэлы,
На палоззях ліповых
I зіма прыляцела.
Як бы ўсім на пацеху
Упрыгожыла хаты, –
Аж па самыя стрэхі
Абляпіла іх ватай.
Дрэў бухматае голле
Замяла, запушыла, –
Рунь зялёную ў полі
Абрусамі накрыла.
Снежань сцягі развесіў,
Глянуць радасна, люба.
Ходзіць сейбіт на лесе,
Сосны валіць для зруба.
Бор, як сонца усходзіць,
Быццам срэбрам заліты,
Толькі з думак не сходзіць
Пад завеямі жыта.
Рунь цяпер пад снягамі
Не праб’ецца да вонку,
Ды якая начамі
У жытоў за гамонка?
Так ідзе ён ды марыць
Ад сасны да сасёнкі,
Адгукнецца гушчарам
Ён сякераю звонкай.
Вецер песню зайграе,
Ён успомніць дзяўчыну
Ды сябе прыгадае
З ёй у новай хаціне.
Дні прабеглі за днямі
За работаю плённай, –
Зруб узняўся вянцамі
Аж па голаву клёну.
Хто ні йдзе, – прывітае,
Гляне радасным вокам.
А за рэчкай, над гаем
Сонца стала высока.
Ветры скрозь разышліся
Ад вясны пасланцамі,
Снег са ўзгоркаў скаціўся
Аж на дол ручаямі.
Птушцы ў небе раздолле,
Разляцеліся роем...
Закупнела па волі,
Зашумела жытное.
Стала вышай ўзнімацца,
Што дружына якая, –
Сейбіт гляне, ад шчасця
Быццам сам вырастео.
Неяк раз раніцою
Сэрца ў грудзях заныла:
Зноў угледзеўся з тою,
З той, што жыта ляшыла.
Глянуў дзеўчыне ў вочы,
Пакланіўся няўдала:
– Гэта поле, як хочаш,
I цябе счаравала.
Твар яе заружовеў,
Што знайсці за прычыну?..
Адказала тры словы:
– Я згубіла хусціну!
IV
Загудзела, як трэба,
Жыта скрозь галасамі,
Заглядзелася ў неба
Да аблок каласамі.
Будзе хлеба багата,
Жыта стала сцяною,
Светла сейбіта хата.
Светла смольнай сасною.
Студня з гонкім асверам
Цэлы дзень размаўляюць,
У раскрытыя дзверы
Да сябе запрашаюць.
Ну, чаго яшчэ болей –
Ўсё наладжана быццам!
Гаспадар жа на полі,
Аднаму не сядзіцца.
Раніцою і ўпрыцем,
Толькі час выпадае,
Ходзіць сцежкамі ў жыце
Ды кагосьці чакае.
Не ляжыцца, не спіцца,
Што ж магло гэта стацца?
А ўжо скрозь завушніцы
На калоссях дымяцца.
А ўжо скрозь налітое
Жыта шэпча вясёла,
Дзе-нідзе галавою
Паглядае да долу.
Сейбіт ходзіць лагчынай,
Штосьці сэрца скарыла...
Бачыць, ходзіць дзяўчына,
Як бы нешта згубіла.
Ціха крочыць па сцежцы,
Васілёчкі трымае...
Значыць, вось каго сэрцу
Доўга так не хапае!
Падышоў вінавата
Ды сказаў ёй з душою:
– Не кажы мне пра страту –
Усё знайшоў я з табою!
V
Жыта звесіла шыю,
Каласы зашапталі,
Каласы медзяныя
Шмат цяжэйшымі сталі.
Вецер, быццам калыску,
Усё жытное гайдае,
Што, схіліўшыся нізка,
Да зямлі прыпадае.
Нельга,
Нельга марудзіць,
Бо заплача слязамі,
Выйшлі з песняю людзі,
Са жняяркай, з сярпамі.
Як аглянуць іх вокам –
Можа, сотня ці болей,
А шырока, шырока,
Ты, калгаснае поле!
Выйшлі людзі на працу,
А між імі са спрытам
Два сярпы зіхацяцца,
Тых, што сеялі жыта.
Жыта іхнія ночы
Між усіх распазнала:
Гэта іх яно ўночы
Ад вятроў прыкрывала.
Колькі ў цемры глыбокай
Чула любых размовы
Ды схавала далёка
Іх таемныя словы.
Роўна, роўна радамі
На шырокай лагчыне
Усцілаюць снапамі
Поле сейбіт з дзяўчынай.
Між сабой размаўляюць,
Добра ім, як ніколі.
Ставяць бабкі і знаюць –
Тут з’яднала іх доля.
А як выйшлі дадому
Познім, змрочлівым часам,
Нізка полю жытному
Пакланіліся разам.
VI
Каласы адспявалі,
Іх пажалі, сабралі,
Бараду завязалі
Ды дажынкі згулялі.
Сейбіт меў асалоду –
Жыта слаўна ўрадзіла!
Дзе б ні быў ён, заўсёды
Зерне з ім гаманіла.
Ён глядзеў гаспадарна,
Браў на спробу рукою,
Як ішло з малатарні,
Быццам золата тое.
Як выносілі з току,
На калёсы грузілі,
Як займалі шырока
Ветраковыя крылы.
Што, заняўшы паўнеба,
Раскруціліся спорна, –
Новым, ліпеньскім хлебам
Запыліліся жорны.
А як зносіў па сходнях
Мех за мехам ён дбала,
Як улетку, апоўдні –
У спіну прыгравала.
У жыцці сваім, мусіць,
Так не быў ён багаты, –
З поўным возам вярнуўся
Да уласнае хаты.
А назаўтра сышліся
Людзі ў хаце прыбранай,
Караван задыміўся
На абрусе ільняным.
I ўся вуліца чула
Iхні гоман шчаслівы...
Ўсім у твары дыхнула
Спелай,
жытняю нівай.
Мабыць, гэтак ніколі,
Як тады,
не спявалі,
I да самае столі
Чаркі ўсе падымалі.
Быў між імі адзіны,
Быццам сонцам абліты.
А сядзеў ён з дзяўчынай,
З той, што сеялі жыта!
Похожие статьи:
Пераказы → Хлеб для партызанаў
Пераказы → Хлеб (Паводле В. Цітова)