Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы шлях і творчасць Юльюша Славацкага

   Юльюш Славацкі нарадзіўся 4 кастрычніка 1809 года ў Крамянцы, на мяжы сучаснай украінскай Валыні і Падолля. Рана страціўшы бацьку, ён выхоўваўся пад пільнай апекай маці, Саламеі з роду Янушоўскіх. Закончыў Крамянецкі ліцэй, пасля чатыры гады вывучаў юрыспрудэнцыю ў Віленскім універсітэце, муры якога яшчэ памяталі філаматаў і філарэтаў. У 1829 г. Юльюш Славацкі выправіўся ў Варшаву, дзе атрымаў чыноўніцкую пасаду. Падчас паўстання 1830-31 гг. актыўна супрацоўнічаў з Нацыянальным урадам. Дэлегаваны паўстанцамі з дыпламатычнай місіяй у Лондан, Славацкі пасля паразы паўстання застаўся ў эміграцыі: жыў у Парыжы, розных гарадах Швейцарыі і Італіі. У сярэдзіне 30-х гадоў ён наведаў Грэцыю, Егіпет, Лівію, Сірыю, Ліван. З канца 1838 г. зноў жыў у Парыжы, дзе, як і Адам Міцкевіч, напачатку быў далучыўся да кола харызматычнага містыка Анджэя Тавяньскага, але раней за нашага земляка здолеў убачыць адмоўныя ўплывы апошняга на сваю асобу. Падчас Вялікапольскага паўстання 1848 года, ужо цяжка хворы на сухоты, Юльюш Славацкі прыязджаў у Познань і Уроцлаў, выступаў у падтрымку паўстанцаў. Памёр у Парыжы 3 красавіка 1849 г., пахаваны на могілках Манмартр.
   Украінскае паходжанне Славацкага пэўным чынам адбілася ў яго лірыцы, напрыклад, у яго вядомым вершы «Песня дзяўчыны-казáчкі», напісаным у 1829 г., у адпаведнасці з фальклорнай традыцыяй, плённа сінтэзаванай з традыцыяй літаратурнай. Найбольш глыбока падзеі ўкраінскай гісторыі асэнсоўваюцца Юльюшам Славацкім у драматычных творах «Мазепа» (1839), «Срэбны сон Саламеі» (1844), паэмах «Вацлаў» (1839) і «Бянёўскі» (1841).
   Не абмінуў сваёй увагай Юльюш Славацкі і падзеі старадаўняй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Так, у 1829 г. ён напісаў «гістарычную карціну на пяць дзеяў» пад назвай «Міндоўг, кароль літоўскі». У гэтым творы, як адзначаў сам Славацкі, прысутнічаюць «сцэны, нібы жыўцом вырваныя з гісторыі». Акрамя вобраза галоўнага героя, Міндоўга, аўтар па-мастацку ўвасабляе таксама і іншых гістарычных і паўлегендарных асоб: князёў Траняту, Даўмонта, Войшалка, Лютувера, кульмскага біскупа Гайдэнрыха, які ўскладаў на Міндоўга каралеўскую карону… У гэтай ранняй трагедыі Юльюша Славацкага яшчэ досыць яскрава выяўляюцца рысы сентыменталізму.
   "Кардыян". Непасрэдным штуршком да напісання гэтай рамантычнай драмы былі параза вызвольнага паўстання 1830-31 гг. і з’яўленне ў друку ІІІ часткі міцкевічаўскіх "Дзядоў". Юльюш Славацкі пачаў пісаць "Кардыяна" ў сакавіку 1833 г. у Жэневе, а надрукаваны твор быў ананімна годам пазней. Аўтар хацеў, каб з гэтай драмы распачалася яго палеміка з Адамам Міцкевічам, бо ён лічыў апошняга прапаведнікам занадта пасіўнага супраціву тым сілам, праз якія былая Рэч Паспалітая знаходзіцца ў няволі. У Пралогу Славацкі змяшчае маналогі трох неназваных дзейных асоб. Першая з гэтых асоб як бы выказвае погляды Міцкевіча. Славацкі бачыць у іх фальшывыя прароцтвы і імкненне спаралізаваць волю несвабоднага народа.
   Галоўны рамантычны герой твора Кардыян, своеасаблівы польскі Фаўст, пакутуе на "хваробу веку", шукае сэнсу жыцця. Яго біяграфія пачынаецца падобна, як у герояў сентыменталісцкіх твораў: з няшчаснага кахання да абыякавай і бязлітаснай да яго дзяўчыны Лауры і спробы самагубства, акурат у духу гётэўскага героя Вертэра. Наступны этап Кардыянавых расчараванняў звязаны з яго падарожжам па Еўропе, сярод іншага, з візітам да Папы рымскага. Да расчаравання Кардыяна пантыфік не толькі не падтрымлівае, але і фактычна асуджае змаганне палякаў за сваю свабоду (гістарычны факт: папа Рыгор XVI выступіў супраць паўстанцаў 1830-31 гадоў).
   Пераломным момантам жыцця галоўнага героя твора паказана сцэна на гары Манблан. Галоўны герой нарэшце ўсведамляе, што яго сэнс жыцця палягае ў адданым служэнні сваёй айчыне. Таму ён прымае рашэнне вярнуцца на радзіму і ўзяць чынны ўдзел у змове супраць царскага намесніка ў Варшаве вялікага князя Канстанціна, а нават самастойна здзейсніць замах на жыццё апошняга. Рыхтуючыся да гэтага ўчынку, Кардыян пачынае задумвацца над праблемай, ці можа мэта апраўдваць сродкі яе дасягнення? У апошняй хвілі ён адмаўляецца ад замаху і робіць гэта не ад страху за сваё жыццё, а праз усведамленне найперш маральных наступстваў свайго ўчынку. Фінал апошняй сцэны драмы адкрыты: схоплены жандарамі Кардыян чакае выканання смяротнага прысуду, і чытачу не наканавана даведацца, ці царскі ўказ аб памілаванні будзе агалошаны перш, чым героя расстраляюць на Марсавым полі ў Варшаве.
   Дзеянне драмы "Кардыян" фармальна адбываецца ў 20-х гадах ХІХ стагоддзя, але ў ёй немагчыма не заўважыць намёкаў на гісторыю паўстання 1830-31 гг.: аўтар ставіць пытанне наконт эфектыўнасці канспіратыўных метадаў барацьбы за свабоду, непазбежнасці і апраўданасці збройнага змагання нават у імя высокіх ідэалаў.
   "Баладына". Сюжэт гэтай драмы, напісанай Юльюшам Славацкім у снежні 1834 г., разгортваецца наступным чынам. Граф Кіркор прыязджае ў дом Пустэльніка, каб параіцца з ім, каго выбраць сабе жонкай. Тут Кіркор даведваецца пра тую крыўду, якая напаткала колішняга ўладара польскіх земляў Попеля Трэцяга: яго пазбавіў кароны ягоны брутальны брат Попель Чацвёрты. Пасля таго Попель Трэці і зрабіўся Пустэльнікам.
   Німфа Гаплана закаханая ў сялянскага хлопца Грабца, але той аддае перавагу Баладыне. Гаплана пляце інтрыгі, спрабуючы ўнесці разлад паміж Грабцам і Баладынай. У той час у хаце ўдавы, маці Баладыны і Аліны, з’яўляецца граф Кіркор. Малыя духі, якія служаць Гаплане, падказваюць яму спосаб выбару будучай жонкі. Абедзве сястры павінны пайсці ў лес і назбіраць там малін: каторая з іх назбірае больш, тая і стане Кіркоравай жонкай. Баладына бачыць, што Аліна куды хутчэй за яе збірае ягады, і ў прыпадку рэўнасці забівае сваю сястру. Гэтае злачынства пакідае па сабе знак – чырвоную пляму на Баладыніным ілбе. Баладына ідзе замуж за Кіркора, пачынае ўсяляк цкаваць сваю маці і ўвесь час спрабуе пазбавіцца ад чырвонай плямы. Гаплана ператварае Грабца ў званковага караля, уздзявае яму на галаву сімвал улады – карону Леха – і пасылае яго на бяседу ў Кіркораў замак. Падчас навальніцы Баладына выганяе сваю маці з замку, і старая слепне ад удару перуна. Пасля гэтага, прагнучы здабыць карону, Баладына забівае Грабца. Гаплана, агаломшаная наступствамі сваіх інтрыг, адлятае на поўнач разам з жураўлямі. Кіркор пачынае змаганне за вяртанне кароны яе сапраўднаму ўладару, Попелю Трэцяму. У гэты час адбываецца патаемнае забойства Пустэльніка. Разам са сваім памочнікам і каханкам Кострынам Баладына імкнецца прыбраць з дарогі ўсе перашкоды да сваёй неабмежаванай улады. Кострын забівае графа Кіркора, а Баладына распраўляецца з самім Кострынам. Згодна з існуючымі законамі, новая каралева павінна асудзіць забойцаў Аліны, Кострына і іншых. Гэта значыць, што Баладына вымушаная асудзіць на смерць саму сябе. Яна, у выніку, гіне ад удару маланкі.
   У "Баладыне" Славацкі актыўна выкарыстоўвае прыём т. зв. рамантычнай іроніі. Ён адвольна пераплятае ў творы сюжэты казак, легендаў, паданняў і сапраўднай гісторыі, размяшчае гэтыя сюжэты не ў адпаведнасці з гістарычным часам. Учынкі герояў драмы нярэдка выглядаюць ірацыянальнымі, а некаторыя падзеі здаюцца пазбаўленымі ўсялякай логікі. Дзякуючы перапляценню названых элементаў, аўтар стварае гратэскны вобраз рэчаіснасці, высмейваючы або наўмысна вылучаючы такія рысы чалавечай прыроды, як эгаізм, наіўнасць, слабахарактарнасць, жорсткасць, прагу да ўлады.
   Творы Юльюша Славацкага з часоў яго жыцця вядомыя ў нашай краіне. На беларускую мову іх перакладалі Уладзімір Дубоўка, Максім Танк, Язэп Семяжон, Максім Лужанін, Алесь Звонак, Васіль Сёмуха, Серж Мінскевіч і іншыя.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Похожие статьи:

Юльюш СлавацкіЮльюш Славацкі - Мой тастамант

Юльюш СлавацкіЮльюш Славацкі - Гімн

Юльюш СлавацкіЮльюш Славацкі - Песня дзяўчыны-казачкі