Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сімвалізм

   Сімвалізм (франц. symbolisme, ад ст.-грэч. symbolon – сімвал, знак) – адна з першых плыней у дэкадансе. Пачатак сімвалісцкаму руху быў пакладзены ў Францыі. Ля вытокаў яго стаялі паэты Ш. Бадлер, П. Верлен, А. Рэмбо, С. Малармэ і драматург М. Метэрлінк. Менавіта ў іх творчасці абазначылася зусім іншая структура вобраза, якая вызначыла своеасаблівасць усяго сімвалісцкага руху ў Еўропе.
   Сімвалізм як метад узнік і аформіўся ў сувязі з агульным крызісам тагачаснай гуманітарнай культуры, а таксама ў выніку пазітывісцкай кампраментацыі рэалістычнага мастацкага вобраза ў «парнасцаў», натуралістаў і прадстаўнікоў белетрыстычнага рамана 2-й паловы ХІХ ст. Акрамя рамантычнай эстэтыкі, да якой хацелі пэўным чынам вярнуцца сімвалісты, на яго ўзнікненне і станаўленне паўплывалі філасофіскія ідэі А. Шапэнгауэра,  Э. Гартмана, А. Бергсана і Ф. Ніцшэ.
   Пачатак сімвалізму звязваюць звычайна з «Маніфестам сімвалізму» (1886) Ж. Марэаса, а таксама з трактатам М. Метэрлінка «Скарб пакорна-мудрых» (1896). Аднак вытокі дадзенай плыні датуюцца 1857 г., калі быў апублікаваны зборнік вершаў Ш. Бадлера «Краскі зла». Менавіта Бадлеру наканавана было стаць папярэднікам сімвалізму і адначасова яго першым прадстаўніком у французскай паэзіі. Другой этапнай з’явай у гісторыі паэтычнага сімвалізму стала з’яўленне першага зборніка П. Верлена «Сатурнічныя вершы» (1866). Як і ў рамантыкаў, мастак ператвараўся ў Верлена ў прарока альбо жраца. Ясна таксама выражана ў французскага паэта імкненне зліцца з прыродай, знайсці ў дадзеным кантакце творчае натхненне, далучыцца да ісціны. Асабліва яскрава гэта назіраецца ў знакамітых «пейзажах душы» Верлена.
   Сімвалісцкі рух звязаны таксама з імем М. Метэрлінка, які выявіў у сваіх п’есах характэрны для таго часу псіхалагічны разлад, трывогу і жах асобы, што адчувае сваё бяссілле перад светам і яго законамі, спасцігчы якія асоба не можа. Менавіта з гэтага разладу нарадзілася імкненне збегчы ў іншы свет альбо ў глыбіні душэўнага жыцця. Наогул, Метэрлінк стварыў свой тэатр, які назваў «тэатрам смерці». Яго склалі п’есы «Няпрошаная» (1890), «Пелеас і Мелісанда» (1892), «Там унутры» (1894). Адкідваючы прынцыпы старой трагедыі, якая адлюстроўвала «зладзействы, здрады і забойствы», пісьменнік паспрабаваў засяродзіцца на ўнутранай драме людзей. П’есы Метэрлінка пазбаўлены традыцыйнай сістэмы вобразаў, падзейнасці, канфлікту, а таксама гістарычнай, часавай і прасторавай канкрэтыкі. Яны падобныя да фрагмента, які выхаплены нават не з жыцця, а з нейкага няпэўнага стану, у якім знаходзіцца чалавек.
   Найбольш поўна і моцна сімвалізм выявіўся, безумоўна, у паэзіі. Паэт-сімваліст абмяжоўваецца намёкамі, унушэннем. Для яго самая простая з’ява заключае ў сабе, акрамя свайго прамога значэння,  яшчэ і вышэйшы таемны сэнс. А вось спасціжэнне гэтых таемных сутнасцей быцця, а таксама душэўнага стану асобнага індывідуума, магчыма, на думку сімвалістаў, толькі праз інтуіцыю, шляхам сугестыі (франц. syggerer – унушаць, падказваць). Сугестыўнасць становіцца неад’емным элементам сімвалісцкага твора, прызначанага, нібы музыка, усяго толькі «даць адчуць», навеяць пэўны настрой, але ні ў якім разе не называць дакладна стан асобы, а тым больш аналізаваць.
   Наогул, сімвалісты практычна першымі сярод іншых паэтаў у літаратуры апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст. пачалі эксперыментатарства над вершам. Сімвалічную трактоўку атрымлівалі ў іх не толькі падзеі, але і сама пабудова фразы, форма верша, розная велічыня і нават таўшчыня і размяшчэнне літар унутры радка і страфы. Аддаючы перавагу гуку над сэнсам, сімвалісты лічылі, што ёсць пэўныя адпаведнасці паміж гукамі, колерамі, пахамі. Набыў вядомасць санет А. Рэмбо «Галосныя», у якім гаворыцца аб пэўнай афарбоўцы галосных гукаў. Менавіта сімвалісты (Г. Кан) увялі ва ўжытак тэрмін «верлібр».
   З адчуваннем сацыяльнага і духоўнага крызісу звязаны ў сімвалістаў апакаліпсічныя матывы, вострае ўспрыманне знішчальнай сілы часу. Нараджаецца жаданне вярнуць «страчаны час» (М. Пруст), зліцца ў нейкім касмічным адзінстве часу і прасторы. Вобраз у мастацтве становіцца мадэллю, сімвалам новай рэчаіснасці; менавіта праз мастацтва, далучэнне да яго ў чалавека можа, на думку сімвалістаў, з’явіцца адчуванне адзінства са светам.
   Акрамя французскага прыгожага пісьменства сімвалізм выявіўся таксама ў аўстрыйскай (Р.М. Рыльке, Г. фон Гофмансталь), нямецкай (С. Георге), нарвежскай (Г. Ібсан) літаратурах. Даволі моцна ён быў запатрабаваны і рускай паэзіяй (В. Брусаў, А. Блок, Ф. Салагуб, К. Бальмонт, Дз. Меражкоўскі, З. Гіпіус і інш.). Адной з асаблівасцей рускага сімвалізму, на думку яго тэарэтыка А. Белага, з’яўлялася арыентацыя на класічную нацыянальную паэтычную і наогул літаратурную традыцыю, галоўнае ў якой – немагчымасць для мастацтва поўнасцю пакінуць рэальнасць і ўсляпую ісці ўслед за лозунгам «мастацтва дзеля мастацтва».
   Некаторыя элементы сімвалісцкай эстэтыкі знойдуць працяг у тэорыі і практыцы такога авангардысцкага напрамку XX ст., як сюррэалізм.
   Сімвалісцкія тэндэнцыі праявіліся і ў беларускай літаратуры: у творчасці Максіма Багдановіча (асабліва ў цыкле вершаў «Вольныя думы»: «Мы доўга плылі ў бурным моры...», «Мне снілася», «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог...» і інш.), Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, у многіх паэтаў беларускай эміграцыі (Наталлі Арсенневай, Я. Юхнаўца і інш.). Заўважым, што ў цэлым яны аказалі досыць плённае ўздзеянне на беларускую паэзію, і асабліва ў плане павышэння агульнай культуры верша.
   Як самастойная літаратурная плынь сімвалізм перастаў існаваць у еўрапейскім прыгожым пісьменстве к канцу XIX ст., аднак шматлікія яго тэндэнцыі знайшлі працяг у першай палове XX ст.; асобныя ж элементы сімвалізму і па сённяшні дзень выкарыстоўваюцца ў літаратуры.
   На адмаўленні сімвалізму вырасла ў пачатку ХХ ст. у рускай паэзіі новая плынь – акмеізм (ад ст.-грэч. akme – вышэйшая ступень чаго-небудзь) альбо кларызм (франц. сlarte – яснасць), альбо, урэшце, адамізм (ад імя біблейскага Адама), прадстаўнікі якой (М. Гумілёў, С. Гарадзецкі, Г. Ахматава, М. Кузмін, В. Мандэльштам і інш.) імкнуліся, як яны лічылі, вызваліцца ад «містычнага туману» сімвалізму. Акмеісты ў сваіх тэарэтычных трактатах і выступленнях прызывалі зблізіць паэзію з рэчаіснасцю, зрабіць яе простай, зямной, даступнай, а ва ўласнай паэтычнай практыцы не надта далёка адыходзілі ад сімвалізму, займаючыся эстэтызацыяй пачуццяў, своеасаблівай тэатралізацыяй жыцця, культываваннем пастаральна-ідылічных матываў.