Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Дзіцячая паэзія Рыгора Барадуліна
Галоўны выток барадулінскай дзіцячай паэзіі – вопыт народнай творчасці, мудрай педагогікі. Творчае асэнсаванне народнапаэтычных традыцый ярка люструецца ў аўтарскіх калыханках, забаўлянках, лічылках, дражнілках, хуткамоўках, загадках, казках, небыліцах-перакрутках, прыбабуньках, жартоўных і гумарыстычных вершах. Свае першыя творы для дзяцей Рыгор Барадулін напісаў у пачатку далёкіх 1960-х гг., калі ў самога падрастала дачка Ілона. Ён свядома з бацькоўскім замілаваннем абірае пастаяннай гераіняй-субяседніцай дзяўчынку Лану. Сваім першым творам ён лічыць напісаную спецыяльна для дачушкі па просьбе мамы «Калыханку». Вобразны свет сваіх калыханак Рыгор Барадулін насяліў і любімым персанажам гэтага жанру – катом.
У кожным творы паэта прысутнічае запрашэнне да гульні. Дзіцяці неабходна пастаяннае самасцвярджэнне ў свеце.
Непахіснае пачуццё справядлівасці, вабную таямнічасць, выпадковасць утрымліваюць менавіта лічылкі як спецыфічны жанр дзіцячага гульнявога фальклору. Аўтарскія лічылкі, у адрозненне ад фальклорных, перш за ўсё сюжэтныя. Напрыклад, лічылка «Колькі кошак у кашы?») актывізуе думку дзіцяці. Кожны паэтычны радок – гэта новая прыгода. У лічылцы-загадцы дзеці пільна сочаць за гарэзлівымі кошкамі. Сярод лічылак-загадак, у якіх пералічэнне адсутнічае, але патрабуецца ў адказе, прывабнай выглядае лічылка «Грышка, Мішка і Шчыпай ехалі на чоўне», разлічаная на дзіцячую кемлівасць і дапытлівасць.
Шырокае прызнанне маюць загадкі Рыгора Барадуліна. Кожная загадка заахвочвае да максімальнай аддачы разумовых здольнасцей дзяцей.
Пашыраючы сферу псіхалагічнага жыцця герояў, Барадулін прыходзіць да літаратурнай апрацоўкі такога няпростага і прывабнага фальклорнага жанру, як казка. У замысле апрацаванай казкі «Мех шэрых, мех белых» (па матывах народнай «Мужык, мядзведзь і ліса»), відавочна жыццёвая ісціна: нішто на зямлі без працы не даецца. Аўтар вядзе сваіх выхаванцаў у зачараваны казачны свет праз прасякнуты духам народна-казачнай традыцыі спахмурнелы зачын («Пыхцеў, пацеў, Ды больш не змог цярпець, Над сошкаю-крывуляй гнуцца полазам) і шчаслівую канцоўку («І зараз у футры мядзведжай // Са стрэльбаю // ходзіць дзед, // А бабка гатуе ежу, // Хвастом лісіным // Змятае загнет), выпукласць характараў-тыпаў (працавіты мужык, лянівы мядзведзь, хітрая ліса). Усё гэта сведчаць пра захаванне многіх атрыбутаў народных казак. У аснову барадулінскай «Бабулінай казкі» таксама лёг народны сюжэт пра казу і семярых казлянят, якіх з'еў злы воўк. Барадулін удала перадае ўсю непасрэднасць і каларыт казкі: мацярынскую любоў казы-гаспадыні да сваіх любых рахманых казлянятак, атмасферу паразумення і дабрабыту ў іх хацінцы да прыходу ваўка. Канцоўка казкі шчаслівая.
Яркай мастацкай знаходкай з арсенала барадулінскай творчасці вылучаюцца прыбабунькі.
Вытокі гумарыстычнай дзіцячай паэзіі Рыгора Барадуліна – у фальклоры. Сакавітым гумарам, парадаксальнай вобразнасцю розняцца жарты-перакруткі. Тонкая павучальная іронія прыхавана ў многіх барадулінскіх запамінальных вобразах. Гэта шкодны раскідач (Нежаданы гэты госць // Раскідае ўсё як ёсць) з верша «Раскідач», гэта і тры Ланіны сястрычкі-капрызулі Ай!, Не буду!, Не хачу!, з якімі не хочуць сябраваць дзеткі і самі падказваюць, як пазбавіцца ад непаслухмяных. Старэйшыя дзеткі распазнаюць і невука-задаваку Максімку («на ўроках Няўседу, у класс Непрыходу»), з якога насмяяліся месячане (касмічная быль «Не такі… Не такое…»), і абяцалу-Мікітку, у якога «двойкі ў сшытку Шыі гнуць, Як тыя гусі», і непаседу з самым доўгім носам («Хто паўсюль Яго суе У свае І не ў свае Справы І забавы) з верша «Пытанне ўсім», і няспрытнага гультаяватага хлопчыка-ўсхопчыка, які прарадзіў бабулі агарод так, што « - Дзякуй! Крычалі Асот І макрыца» (верш «Хлопчык-усхопчык»). Даспадобы дзецям апісанне адухоўленых з'яў прыроды.
Рыгор Барадулін – непаўторны пейзажыст. Красавік-чараўнік напоўніў наваколле ластаўкамі, засеяў кветкамі луг і «Закасаўшы рукавы, Неба ўзняў вясёлкамі» («Красавік»). Вершы пра жывёл развіваюць пачуццё прыгожага як найпершы элемент чалавечнасці. Верш-казка «Экзамены» знаёміць з прадстаўнікамі жывёльнага, птушынага і насякомага свету. Многія творы актыўна пашыраюць дзіцячы пазнаваўчы кругагляд. «Ці ляцяць вароны ў вырай?», «Ці пазяхае бегемот?».Творчасць Рыгора Барадуліна для дзяцей носіць арыгінальны характар. Паэт па натуры сваёй гумарыст.
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Дзеці
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Беражы зямлю і неба!
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Дзеці вайны