Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Экзамены

Страус змораны зусім
Ну і ну!
Ён паведаміў усім
Навіну.
 
Лятуць,
Імчацца ў высі,
Плывуць,
Прастуюць,
Тупаюць, –
У ЦЫРКУ ПАЧАЛІСЯ
ЭКЗАМЕНЫ УСТУПНЫЯ!
 
У дзверы не ламіся,
Сябе паводзь як след.
Па выкліку камісіі
Заходзь, цягні білет.
 
КАМІСІЯ ГЛЮГАТАЯ,
ІКЛАТАЯ,
ПУЛЯТАЯ.
Ім, пэўна, свет не любы,
Аж трое села ў рад.
Насіць такія дзюбы
Згадзіўся б хто наўрад:
ТУКАН, МАРАБУ,
ЧАЎНАДЗЮБЕЦ
З іх жартаваць ніхто не любіць.
 
Ад усіх старшынь не горш
Важны і спакойны МОРЖ.
 
Бач, пяро тырчыць за вухам.
Каб сачыць за кожным рухам,
Нельга ёй без акуляр.
Гэта ж –
ПТУШКА-САКРАТАР!
 
Плавае, а без лускі.
Хто такі ён?
ЛЕЎ МАРСКІ.
Смешна пляскае ў далоні,
Выступаць гатоў хоць сёння.
 
Гэта што за велікан,
Хобат, як пад’ёмны кран?
Ну, вядома, дужы СЛОН.
Ці не праўда,
Смешны ён?
Паказаць задумаў стойку,
Атрымаў за стойку двойку.
 
У вачах спакой, пагарда –
ТЫГРА, ЛЬВА і ЛЕАПАРДА
 
Падганяе РЫЖЫ КОТ
Ды пагладжвае жывот.
Хоць ад злосці аж трасе,
Скачуць праз агонь усе.
 
Кажа АНТЫЛОПА ГНУ:
– Я рагамі дугі гну.
Засмяяліся МЯДЗВЕДЗІ:
– Ты ў бярлогу спала недзе.
Мы ад дуг даўно адвыклі –
Кожны мчыць на матацыкле.
 
Так і не злічыў БУЛЬДОГ,
Колькі ў СКАЛАПЕНДРЫ ног.
Пяцьдзясят ног –
Ведаў ДОГ,
Сябру ж памагчы не мог.
 
Прыйшоў і жмурыць вочы.
Не думайце, што хворы, –
Прывык хадзіць уночы,
Днём спіць маленькі ЛОРЫ.
 
Запыталіся ў МІНОГІ:
– Дзе твае, мінога, ногі.
Доўга думала МІНОГА –
Не змагла сказаць нічога.
 
Прыскакаў МАРСКІ КАНЁК,
Паглядзеў на ўсё – і ўцёк.
Ледзь не збіў ён з перапуду
КАРАКАЦІЦУ-маруду.
 
РЫБА-ПОЎНЯ не ў гуморы:
– Суха ў цырку,
Лепш у моры!
 
Пастагналі цягачы,
Цяжка давялося
НАСАРОГА валачы
На сталёвым тросе.
А ягоная радня
Паспяшалася да дня.
Радуецца НАСАРОГ:
– Будзем выступаць утрох!
 
Ну, а потым з БЕГЕМОТАМ
Селі на арэлі.
Абліваючыся потам,
Так і прасядзелі –
Ніхто нікога ўзняць не змог:
Ні БЕГЕМОТ, ні НАСАРОГ.
 
КРАКАДЗІЛ сядзіць і плача:
Не рашылася задача.
Кажа сябру АЛІГАTАP:
– Выступаць я не аматар.
Плакаць ты знайшоў прычыну –
Лепей выпі аспірыну.
 
Бачыць ВОЖЫК ДЗІКАБРАЗА:
– Гэта што мне за абраза?
Здзіўлены і ДЗІКАБРАЗ.
У абоіх іх ураз
Голкі вострыя, зірніце,
Сталі, быццам на магніце.
 
Важныя прыйшлі БАБРЫ:
– Мы па дрэву разьбяры.
– Паспрабуй вас разбяры –
Потым прыйдзеце, сябры!
 
Віртуозамі павінны
Стаць старанныя ПІНГВІНЫ.
Шлях прайшлі даўгі і цяжкі –
Пінжакі ў іх наапашкі.
 
Ну хіба не цыркачы –
Спрытна круцяць абручы.
Даўгашыіх толькі так
Змог намаляваць мастак.

Падвяла САРОКА ГАЛКУ,
ГАЛЦЫ кінула шпаргалку.
На экзаменах закон:
За шпаргалку –
З класа вон!
 
Малыя сёстры Ламіны
Прыбеглі на экзамены.
Чакаюць ля дзвярэй яе,
А ЛАМА ўсё на «пяць» здае.
 
Запыталі ЛАМУ:
– Як завуць маму?
Адказала ЛАМА:
– Гэта знае мама...
 
А ў ПАВІЯНА і ГАМАДРЫЛА
Зайсці адвагі не хапіла.
Яны, старыя плеткары,
Шушукаюцца на двары.
 
МАЛПАЧЦЫ маленькай хвост
Выдалі, як навырост.
Падрасла, і хвост падрос,
Гэтак смешна ёй –
да слёз.
 
Стогнуць СОВЫ, ПУГАЧЫ –
Ведаў хоць бы крышку.
Лепей спалі б уначы,
Днём чыталі кніжку!
 
Як ФЛАМІНГА танцавалі,
Стала ў момант ціха ў зале.
Для танцораў грала шчыра
Чарадзейка ПТУШКА-ЛІРА.
 
Загнулі ПАПУГАЯМ дзюбы,
Цяпер хоць будзе ціха-люба.
Ды па-ранейшаму яны –
Няўседы і балбатуны.

Прыйшоў рагач
– Завуць вас як?
Адказвае спакойна:
– ЯК.
Як гэта як?
А так вось – ЯК!
Не можа зразумець ніяк,
Ну як ён гэтак ЯК не ЯК.
І ставяць забі-
яку
Дрэнную адзнаку.
 
Дрэсіруе змей МАНГУСТА.
Гэта праца ёй па густу.
Паслухмянай стала КОБРА –
Паганяла злую добра.

Лятаюць КАЛІБРЫ
Уперад хвастамі,
З сукенак сваіх не нацешацца самі.
 
Заспявалі ЖАБЫ хорам:
– Безгалосым сорам, сорам!
Кіраўнік адменны ЖОРАЎ,
Самы лепшы з дырыжораў.
 
Сказаў МУРАШКАЕД-няўклюда:
– Чапаць мурашнікаў не буду.
Хаваецца МУРАШКА:
– Яму паверыць цяжка!
 
Дужа вушы не тапыр –
Ты яшчэ малы, ТАПІР.
Мыйся з мылам і таксама
Станеш без палос, як мама.
 
Ну хто касцюм пашые
АКАПІ без трывогі –
Як у жырафы шыя
І як у зебры ногі.
Нібыта з маскарада,
Прыйшла – і дужа рада.
 
Ці ў шлях падаўся нашча,
Ці ў джунглях заблудзіўся,
Ды АФРЫКАНСКІ ЯШЧАР
Пазней за ўсіх з’явіўся.
 
Ну, вядома, ЦІХАХОД –
Пройдзе кіламетр за год.
 
Не спяшайся лепш дарма –
Больш экзаменаў няма.
Раз такі цельпукаваты,
Усміхайся вінавата.
 
ХТО ЗДАЎ ЭКЗАМЕНЫ НЯДРЭННА,
ЧАКАЕ ШУМНАЯ АРЭНА.
 
Прыходзьце ў цырк –
Здалёк відаць
Агнёў вясёлых водбліскі.
З САБОЮ, ДЗЕЦІ, ТРЭБА ЎЗЯЦЬ
І ШЧЫРЫ СМЕХ, І ВОПЛЕСКІ.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЦырк высокіх тэхналогій

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Экзамен

Пераказы, дыктантыУ цырку

Пераказы, дыктантыПераможам экзаменацыйны стрэс!

Пераказы, дыктантыТэорыя імавернасці