Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Шамякін

   Іван Пятровіч Шамякін – класік нашай нацыянальнай літаратуры. Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў у Беларусі і за яе межамі. Яго творы перакладзены больш чым на трыццаць моў свету, выдаваліся шматтысячнымі і мільённымі тыражамі.
   Жыццё Івана Пятровіча – гэта шлях ад вясковага хлапчука з сям’і лесніка да знакамітага пісьменніка. Сям’я пераязджала з месца на месца бацькавай службы. Праз усё жыццё Іван Пятровіч трымаў у памяці леснічоўку з вялікай печчу. У дзяцінстве яго сэрца запаланілі родныя краявіды: вялікая рака Сож, дубы і вольхі на яе беразе, лясныя дарогі і сцежкі. Пісьменнік у аўтабіяграфіі пісаў, што да лесу ў яго была нейкая асаблівая, хвалюючая любоў, былі любімыя дрэвы, з якімі можна было размаўляць. Згадаем: сярод хараства лясных краявідаў гадаваўся і будучы народны паэт Якуб Колас, які таксама быў сынам лесніка. У гэтым дзіцячыя гады Коласа і Шамякіна падобныя. Шамякін прызнаваўся: "Хацеў было напісаць аповесць аб сваім лясным маленстве. Але ўспомніў “Новую зямлю”. Лепш не напішаш!"
   Бацька будучага пісьменніка спадзяваўся, што яго Іван стане ляснічым. Аднак сын паступіў вучыцца ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Больш за тое, ён захапіўся мастацкай літаратурай і сам пачаў пісаць вершы. У газеце "Гомельская праўда" надрукаваў свае першыя паэтычныя творы. Пасля юнак аддаў перавагу прозе. Пісаў па-беларуску. Набраўся адвагі, рызыкнуў – і адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэхнікума адаслаў у рэдакцыю часопіса "Полымя рэвалюцыі". Шамякін прыгадваў, што вельмі здзівіўся, атрымаўшы пісьмо ажно на тры старонкі машынапісу з дэталёвым разборам апавядання ад самога Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў. Увосень 1940 года Шамякін пайшоў служыць у войска. Гэты ліст Лынькова ён забраў з сабой і беражліва захоўваў праз усю вайну.
   У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі гарадамі, затым удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Вярнуўся з вайны на роднае Палессе, калі яму ішоў дваццаць пяты год, пачаў працаваць у школе ў Церахоўскім раёне, паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. Ім зноў авалодала стыхія літаратурнай творчасці. У пасляваенныя гады малады літаратар, які тады настаўнічаў, узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: ён пачаў пісаць маштабны твор пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. Поспех "Глыбокай плыні" быў проста ашаламляльны. Пісьменніку не было і трыццаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава.
   У пасляваенны час ён стаў сведкам многіх значных падзей і змен у грамадстве. Шамякін заўсёды ўмела распрацоўваў матэрыял сучаснага жыцця, браўся за многія тэмы, надаваў ім вострае і палемічнае гучанне. Шамякін – аўтар этапных твораў у беларускай прозе, кожны з якіх стаў адметнай літаратурнай падзеяй. Дастаткова назваць раманы "Крыніцы", "Сэрца на далоні", "Снежныя зімы", "Атланты і карыятыды", "Вазьму твой боль", "Злая зорка", цыкл аповесцей "Трывожнае шчасце", аповесці "Гандлярка і паэт", "Ахвяры" і многія іншыя. Можна сказаць: творы Івана Шамякіна сёння складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў дваццатым стагоддзі.
(461 слова)

Паводле А. Бельскага.

 

Похожие статьи:

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні