Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

   Шмат у беларускай літаратуры сапраўды нацыянальных твораў. Але па энцыклапедычнасці выяўлення нацыянальнага як вышэйшага атрыбута мастацкай вартасці шэдэўраў роўных «Новай зямлі» няма.  

   Калі б і наканавана было нам знікнуць у свеце, то новыя цывілізацыі мелі б поўнае ўяўленне пра нас, пра беларусаў як нацыю, пра зямлю, на якой мы жылі, пра наш побыт, нашу культуру, традыцыі і звычаі, пра наш характар і ментальнасць, пра нашы каштоўнасці, пра нашы мары і памкненні толькі па адной кнізе — паэме «Новая зямля». Усё ў ёй — наша, роднае, нацыянальнае.  

   Найвялікшай каштоўнасцю для кожнай нацыі з'яўляецца зямля, на якой жыве народ. Для нашага народа зямля — гэта не проста тэрыторыя, а прошча, святое месца і «аснова ўсёй айчыне». Малітоўна, прачула і ўзнёсла выявіў Якуб Колас усведамленне нашым народам зямлі як маці-карміцелькі, што «не зменіць і не здрадзіць», што «дасць волю, дасць і сілу», што дасталася нам ад прадзедаў і будзе перададзена дзецям і не пакіне і іх: «зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля паслужыць да магілы»... І прырода гэтай зямлі, «дзе елка ў пары з хваіною, абняўшысь цесна над вадою», дзе «лес кашлаты», дзе «крынічкі вузенькае ложа», дзе «зялёны луг, як скінуць вокам», дзе на дубах «чарнеюць гнёзды буславыя», — усё, усё тут нашае, беларускае, роднае. І вёсны, і «зімы з маразамі, завеі снежныя ў палях», і лета з вясёлым часам касьбы, і восень, якую «на ніцях белай павуціны» прывозяць павучкі, — таксама толькі ў нас такія.  

   Любоў да роднай зямлі, нястомная праца на ёй — адметныя якасці беларускага народа, вядомыя ўсяму свету. Радзіма і зямля для беларуса - «промень волі і свабоды». Трагічны лёс нашага народа, бо і геапалітычнае становішча, і багацце гэтага краю былі надта прынадныя для заваёўнікаў, што скарысталі і памяркоўнасць, міралюбства, цярпенне гэтага народа. Чароўны багаты край, «ды толькі бедны яго дзеці». Аднак, хаця «вякамі дух яго забіты», невынішчальнае ў народзе імкненне да зямлі і волі. Пераканальна паказана пісьменнікам, як «станоўка, ненарокам, ішоў да мэты крок за крокам» яго галоўны герой, у якім увасоблены лепшыя якасці беларуса. 

   Вялікай заслугай песняра з'яўляецца тое, што ён паказаў свой народ нязломным, жывучым і жыццястойкім, з моцным інстынктам самазахавання і прагай, воляй да жыцця. І першае сведчанне таму — працавітасць. За выключэннем рэдкіх хвілін адпачынку, нашы героі — у працы, дзякуючы якой  

Ўсё зацвіло, загаманіла,

Бы жыватворная тут сіла

Ад сну прыроду абудзіла.

   «Жыватворная сіла» — працавітасць беларуса, а працавітасць, як вядома, — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, якая сведчыць пра жыццястойкасць народа.  

   Якуб Колас паказаў беларуса не толькі ў працы, але і ў адпачынку, у час святаў, прычым традыцыйных, нацыянальных, тым самым выявіў душу народа, яго беражлівае стаўленне да звычаяў і традыцый. Не толькі талентам паэта, але і яго жыццёвай мудрасцю напоўнены раздзелы «Падгляд пчол», «На Каляды» і іншыя, у якіх ён выпрабаваў сваіх герояў святамі і здольнасцю адпачываць, ушаноўваць продкаў ці ад душы павесяліцца, сустрэцца з людзьмі, блізкімі па духу. І столькі шчырасці, цеплыні, дасціпнасці і гумару ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі!  

   Тонка і пераканальна паказана і такая якасць беларуса, як уменне жыць з людзьмі па-людску, гасціннасць і шчырасць, гатоўнасць па-дзяліцца добрым з добрымі людзьмі. Так, дзядзька Антось стаўся да ўсяго яшчэ і пчаляром заўзятым, разумна скарыстаўшы тыя багацці, што былі побач: «мора грэчкі» і векавыя ліпы, — і развёў пчол.  

   Народная мудрасць папярэджвае: «Не любіць зайздрасці пчала». І каб людзі не зайздросцілі, каб пчолы не звяліся, нашы героі не толькі шчодра пачаставалі гасцей мёдам, але на развітанне яшчэ далі кожнаму з сабой па збанку мёду. Нельга без хвалявання чытаць, як Ганна ў час пярэбараў яшчэ раз зайшла ў пустую хату, якую ўся сям'я вельмі любіла. Ёй было шкада, што трэба зноў зрывацца з наседжанага і абжытага, але яна вярнулася, каб справіць «звычай дзядоў» — пакінуць на куце хлеб і соль для тых, хто будзе тут жыць, — ім на шчасце.  

   Многія раздзелы паэмы прысвячаюцца дзецям. Назначэнне гэтых раздзелаў — уславіць яшчэ адну нацыянальную якасць беларуса, спрадвечную якасць, дзякуючы якой жыў беларус — і будзе жыць!  

   Гэта клопат пра будучыню сваю, бо дзеці і ёсць будучыня нацыі і кожнага чалавека канкрэтна. Такая пільная і кранальная пісьменніцкая ўвага да дзяцей у паэме тлумачыцца мудрасцю песняра, які папярэджвае нас усіх і напамінае, што вытокі ўсяго — у сям'і. Свой чалавечы ідэал сям'і паэт выявіў на прыкладзе сям'і Міхала і Ганны, у якой панавалі любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат кожнага пра кожнага. У паэме выдатна паказаны не толькі прынцыпы века-вой народнай маралі, але і прынцыпы народнай педагогікі: прыклад і сумленнасць бацькоў, іх чалавечныя ўзаемаадносіны, любоў да дзяцей, працавітасць і строгасць. 

   У нашай беларускай літаратуры няшмат ёсць вобразаў, у якіх бы з такой пераканальнасцю і мастацкай сілай быў увасоблены дар педагога, як ўвасоблены ён у вобразе дзядзькі Антося. Безумоўна, гэтым вобразам славіцца наогул таленавітасць беларускага народа.  

   Аднак, як тонка заўважана Коласам, калі прырода ўзнагароджвае чалавека, то шчодра, і не адным, а многімі талентамі. Менавіта ўслаўленню педагагічнага («ён быў настаўнікам, суддзёю..») таленту дзядзькі Антося прысвячаецца найбольш старонак у паэме, прычым не апісальна, а пераканальна. Мы бачым дзядзьку Антося «як жывога» у час яго «ўрокаў» і нават у самыя крытычныя для кожнага настаўніка моманты, калі, здавалася б, ніякія меры і сродкі ўздзеяння не спрацоўваюць: «О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога!»  

   Паэма «Новая зямля» — мастацкая этнаграфія Беларусі. Натуралістычна выпісана ў паэме выключна ўсё, што характарызуе побыт беларуса: гаспадарчыя забудовы, хатні інтэр'ер, прылады працы, нацыянальныя стравы, жаночыя і мужчынскія строі, танцы, песні, народныя «залацінкі». Чытаючы паэму, мы захапляемся мудрасцю і цвярозым розумам нашых продкаў: у іх не было нічога непатрэбнага, лішняга, і разам з тым яны мелі ўсё неабходнае для здаровага ладу жыцця.  

   Энцыклапедычнасць паэмы дасягаецца і панарамным адлюстраваннем жыцця беларускага народа. Раздзелы «Агляд зямлі», «Па дарозе ў Вільню» і «Дзядзька ў Вільні» — своеасаблівая вандроўка, «адысея» нашых продкаў да «новай зямлі». Гэты мастацкі прыём дазволіў паэту паказаць усю Беларусь «ад краю ў край». Пісьменніцкі вывад — і ў захапленні герояў («старонка міла і цікава»), і ў горкім Антосевым усведамленні, што «ўсё гэта — скарбы чужаніцы», а дух народа «забіты вякамі». І тым больш уражвае невынішчальнае імкненне нашых продкаў да зямлі і волі, усведамленне імі гэтых каштоўнасцей як найвялікшых у свеце і вартых чалавека. А любая нацыя вызначаецца менавіта тым, што яна лічыць для сябе самым галоўным і першасным. І яшчэ тым, як ставіцца да каштоўнасцей, акрэсленых ёю самой. Значнасць каштоўнасцей і тая воля, з якой героі паэмы імкнуцца імі авалодаць, даюць падставы спадзявацца, што такая нацыя неўміручая.

Похожие статьи:

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Вобраз Лабановіча. Духоўны свет, маральная высакароднасць героя

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»