Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццё і творчасць Максіма Танка

   Максім Танк — адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт бунтар, паэт патрыёт, паэт сатырык, паэт філосаф, паэт наватар…  Яму суджана было з'явіцца і на поўны голас загаварыць у адну з самых буйных нацыянальна-вызваленчых эпох, калі надзвычай востра паўстала пытанне — быць ці ня быць народу Заходняй Беларусі і ўсяму беларускаму народу з яго самабытнасцю, культурай, мовай, з яго гістарычнай спадчынай.
   Максім Танк (сапраўднае імя Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Фарміраванне будучага выдатнага паэта праходзіла ва ўмовах бурных, складаных і супярэчлівых падзей Першай сусветнай вайны. Яго бацька, Іван Фёдаравіч, быў мабілізаваны ў войска і служыў салдатам у чыгуначным батальёне, потым — у вайсковай шавецкай майстэрні. У 1916 г. з набліжэннем фронту М. Танк разам з маці, Домнай Іванаўнай,  пераехаў ў Маскву, дзе яны пэўны час жылі на ўскрайку горада з яшчэ чатырма сем’ямі бежанцаў. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой — паводле ўмоў Рыжскага міру адышла да Польшчы.
   Восень 1926 года прывяла будучага паэта Максіма Танка, а тады яшчэ маладога Яўгена Скурко ў Вілейку, куды ён паступіў у трэці клас рускай прыватнай гімназіі. Хаця таго магло і не атрымацца. Бо сям’я не мела дастаткова грошай на далейшае навучанне сына. У рукапіснай аўтабіяграфіі паэта зазначаецца: "Бацькі мае хацелі, каб я пайшоў вучыцца далей. Але непрыхільна на гэта глядзелі хатнія, баючыся лішніх расходаў у гаспадарцы. Маці плакала начамі, прасіла дзеда, каб пусціў мяне вучыцца ў Вілейку, дзе ў той час была сярэдняя школа. Стары згадзіўся. За лета, пасучы статак, я падрыхтаваўся да экзамена, які я здаў і быў прыняты…". У гімназіі паэт вучыўся даволі паспяхова. Менавіта там настаўніца рускай мовы і літаратуры прывіла хлопчыку Яўгену любоў да літаратуры, заахвоціла да творчасці. Там жа ён і зрабіў сваю першую літаратурную спробу, пераказваючы ў вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера (у Шкленікова паэт хадзіў у польскую пачатковую школу). Але ўжо восенню 1928 года Яўгену Скурко прыйшлося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягваў спасцігаць вучнёўства з прычыны закрыцця Вілейскай гімназіі польскімі ўладамі. Тут ён уступіў у члены падпольнай камсамольскай арганізацыі і пачаў актыўна удзельнічаць у грамадскім жыцці. За ўдзел у забастоўцы ў пачатку 1929 года быў выключаны з гімназіі. Нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з якой таксама выключылі як вальнадумца і непаслушэнца. Потым  ўладкаваўся ў Віленскую рускую гімназію імя А. Пушкіна, дзе зноў працягваў займацца падпольнай камсамольскай работай. За гэта быў арыштаваны і трапіў у віленскую турму Лукішкі. Праз месяц удалося вырвацца на волю.
   Восенню 1932 года, у надзеі прадоўжыць вучобу, М. Танк нелегальна перайшоў польска-савецкую граніцу і трапіў у Мінск. Неўзабаве вярнуўся назад на падпольную работу. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, у легальных і падпольных віленскіх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную і культурна-асветную дзейнасць, за што падвяргаўся арыштам і турэмнаму зняволенню на Лукішках, былі допыты ў засценках НКУС.
   З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь  Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну, але ўжо легальна. Ён працаваў у сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы і ў аддзеле культуры  абласной газеты "Вілейская праўда" (выдавалася з лістапада 1939 па люты 1940).
   Пісаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназістам, а друкавацца — у 1932 г. у часопісах "Пралом" (выдаваў з паэтам Я. Гарохам), "Часопісе для ўсіх", газетах-аднадзёнках "На пераломе" і "Беларускае жыццё" (апошняя выдадзена ў Львове, у ёй змешчаны першы верш паэта "Заштрайкавалі гіганты-коміны", падпісаны псеўданімам Максім Танк). За ўдзел у выданні часопіса "Часопіс для ўсіх" 27 красавіка 1932 года Максім Танк быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі.
   На танальнасць ранняй паэзіі Максіма Танка налажыла адбітак палітычная сітуацыя ў Заходняй Беларусі і асабісты лёс самога паэта: актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці, арышты, турмы. Максім Танк, як сапраўдны патрыёт, нацыянальна свядомы беларус, з юнацтва ўключыўся ў барацьбу з ненавісным акупацыйным рэжымам панскай Польшчы. Яго творчасць была цалкам прысвечана рэвалюцыйнай барацьбе. Паэт апісвае шэрыя змрочныя хаты беларускіх сялян, вузкія палоскі зямлі, цяжкую працу, якая не прыносіць ні радасці, ні здабытку, бо плёнам яе карыстаюцца польскія ўлады.
   Паэт у сваіх вершах увасобіў духоўны воблік прафесійнага рэвалюцыянера, перадаў свет яго пачуццяў, думак, імкненняў і перажыванняў.
   У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму "Нарач". Паэма была навеяная Нарачанскай забастоўкай рыбакоў, якая рэхам прайшла па азёрах суседняй Вілейшчыны і даволі далёкім Палессі. З-за цэнзуры цалкам твор надрукаваць было немагчыма. Аўтару прыходзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў "Калосьсі". І тым не менш некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы.
   У 1936 годзе выйшаў першы зборнік вершаў М. Танка "На этапах" (канфіскаваны паліцыяй), у 1937 — другі зборнік "Журавінавы цвет" і асобным выданнем паэма "Нарач", у 1938 — трэці зборнік "Пад мачтай". Паэт апынуўся ў цэнтры літаратурна-мастацкага жыцця ў Заходняй Беларусі. Пра яго загаварылі ў друку, яго творы і кнігі сталі прадметам шырокага і зацікаўленага абмеркавання, літаратурна-творчых дыскусій. "Максім Танк гэта вельмі маладая, але сільная творчасцю індывідуальнасць, — пісала газета "Наша воля", даючы інфармацыю аб вечары беларускай паэзіі і песні, які адбыўся ў Віленскім універсітэце 15 сакавіка 1936 года. — Ягоная творчасць вырасла ў вастрогах і, вырваўшыся з турмы, заліла Заходнюю Беларусь. Творы Танка — гэта лявіна, гэта бурная хваля, якая парывае ўсіх, трасе ўсім і ламае ўсё. Танк можа стацца вялікім песьняром Беларусі, калі не забудзе аб найважнейшай умове — згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу". Гэта дадзеная ўмова станецца адным з вядучых мастацка-выяўленчых прынцыпаў, стылеўтваральных сродкаў паэта.
   Творчасць Максіма Танка 30-х гадоў вызначаецца маштабнасцю гістарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкіх даляглядаў аўтара. Вялікую папулярнасць у чытача набылі яго вершы: "Спатканне", "Песня кулікоў", "Чорныя скібы", "Да дня", "Акт першы", "Тры песні", "Паслухайце, вясна ідзе…", "Раманс", "На пероне" і інш. Лірычны герой паэта прываблівае паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю і нязмушанасцю сваіх паводзін і ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасці, жыццесцвярджальныя сілы грамадства. Ён засяроджваецца на пошуках адказаў на самыя балючыя пытанні часу, на асэнсаванні актуальных грамадска-патрыятычных і сацыяльных праблем рэчаіснасці, глыбокім выяўленні душэўна-псіхалагічнага свету свайго сучасніка. Філасофская лірыка суседнічае ў паэта з сатырычнымі творамі, пейзажныя матывы і вобразы пераплятаюцца з выяўленнем асаблівасцей інтымнага свету героя.
   У вершы "Паслухайце, вясна ідзе..." кранае, што нават простыя з'явы прыроды паэт бачыць вачыма арыштаванага рэвалюцыянера, для якога кожны глыток свежага паветра — туга па волі, па магчымасці любавацца самымі звычайнымі і такімі недасягальнымі ў турэмных умовах праявамі абуджанай вясной прыроды. Малады вязень убачыў зранку ў акне незвычайны, поўны жыцця, маляўнічы куст бэзу:

 

Расцвіў, агнём гарыць,
Такім пахучым, мяккім, сінім:
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ўскінуў.


   Пасля 1939 года, калі збыліся мары паэта аб аб'яднанні Заходняй Беларусі з усёй краінай, паэзія Танка напоўнілася новымі тэмамі і вобразамі.    Але ўслаўляць стваральную працу савецкага народа доўга не давялося: пачалася вайна. Максім Танк балюча перажываў расставанне з Радзімай. У гады вайны ён працуе ў газеце "За Савецкую Беларусь", агітплакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну", піша і выдае паэму "Янук Сяліба" (1943), зборнікі вершаў "Вастрыце зброю" і "Праз вогненны небасхіл" (1945).
   Асноўная тэма лірыкі М. Танка перыяду вайны — патрыятычная. Сапраўдным шэдэўрам, узорам патрыятычнай лірыкі з'яўляецца верш "Родная мова". Верш напісаны ў 1943 годзе, у крытычны і трагічны для Радзімы час. Галоўная думка верша: пакуль жыве мова — жыве народ, бо мова — ёсць выяўленне духоўнасці народа, яго сілы і непераможнасці.

 

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і горы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
I нівы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром
I вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.


   Аднак тэма мінулай вайны адкрылася паэту ва ўсім драматызме толькі ў першыя пасляваенныя гады. У 1948 г. выходзіць зборнік паэзіі "Каб ведалі", справядліва адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Сваім зместам і пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мінулае: лірычны герой кнігі засяродзіўся на асэнсаванні драматычных і трагічных старонак Другой сусветнай вайны. Зборнік  называецца не выпадкова: "Каб ведалі"... Каб ведалі. Не забываліся на страты. Каб не забываліся на спрадвечнае і агульначалавечае.
   Вайна стала адной з галоўных тэм і ў пазнейшай паэзіі Максіма Танка. Ёй прысвечаны многія вершы паэта: "Трасцянец", "Гета", "Дума пра Веру Харужую", "Балада пра партызана Дубягу" і інш. Трагедыя вайны заўсёды застанецца ў памяці народнай.  Сведчаннем таму — яго радкі з кнігі "Збор калосся":

О, колькі яшчэ
Праз гады штармавыя
Палаючай праўды
Нікім не адкрыта,
Каб сталі праўдзівымі
Словы святыя:
"Ніхто не забыты,
Нішто не забыта…"


   Шмат цікавых і арыгінальных твораў увайшло ў наступныя зборнікі паэта : "На камні, жалезе і золаце" (1951), "У дарозе" (1954), "След бліскавіцы" (1957).
   З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарам часопіса "Полымя", з 1966 па 1990 год — першым сакратаром, старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі. Абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1971) і СССР (1969—1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI—VII скліканняў (1963—1971), з'яўляецца членам шматлікіх грамадскіх арганізацый.
   У 60-90-я гады выходзяць лепшыя кнігі паэта, якія атрымалі высокую ацэнку крытыкі і літаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасці: "Мой хлеб надзённы" (1962), "Глыток вады" (1964), "Перапіска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсці праз вернасць" (1979), "За маім сталом" (1984) і інш. Яго мастацкая індывідуальнасць дасягае сапраўднага росквіту. М. Танк "моцным творчым парываннем разрывае абалонку звыклай штодзённасці, адкрывае глыбінныя ўнутраныя сувязі", якія існуюць паміж асобнымі прадметамі і грамадскімі працэсамі.
   Тэмамі апошніх зборнікаў паэзіі Максіма Танка становяцца прырода, праца, унутраны свет чалавека, гісторыя і сучаснасць. Яго паэзія сагрэта дабрынёй і даверам да чалавека. Яна выхоўвае ў чытачоў душэўную прыгажосць, высокую інтэлектуальнасць, заклікае да філасофскіх роздумаў аб жыцці, аб чалавецтве. На працягу ўсёй сваёй творчасці паэт імкнецца знайсці адказы на пытанні чалавечага быцця: што такое жыццё і смерць, любоў і нянавісць, ісціна, вера, сумленне, дабро, шчасце? У чым сэнс чалавечага жыцця?  Адказы на гэтыя пытанні ў паэта самыя розныя. Адказам на пытанне, што такое чалавечае шчасце, можа служыць верш-мініяцюра Максіма Танка "Шчасце":

 

Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... І так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем.


   У цэнтры ўвагі М. Танка заўсёды знаходзіцца чалавек. Агульначалавечыя адносіны да маці, жанчыны выяўляюцца ў вершах: "Рукі маці", "Мыццё бабкі Улляны", "Голас". Гімнам працавітым матчыным рукам, якія ніколі не ведалі адпачынку, можна назваць верш "Рукі маці":

 

Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
І каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.


   Маці з'яўляецца для паэта ўвасабленнем чалавечай дабрыні, высакароднасці, сціпласці, увасабленнем вечнасці.
   У творчасці М. Танка нямала цудоўных песень аб Бацькаўшчыне і гераічным беларускім народзе. Паэта хвалююць агульначалавечыя пытанні аб гістарычным мінулым і сучасным Беларусі. М. Танк адчувае адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне, выступае супраць духоўнага мяшчанства, прыстасавальніцтва, кар'ерызму. Трывога за сённяшні дзень гучыць актуальна і зараз у паэтычнай малітве "З даўніх запаведзяў":

 

Ратуй, Божа, ад вар'яцтва,
Нематы і засляплення,
Ад пярэваратняў, злыдняў,
Ханжаскіх богаслужэнняў,
Пошасці,
Вайны,
Бясхлеб'я,
Нашых дум апусташэння.


   Максім Танк – паэт шырокага творчага дыяпазону. У яго творчай спадчыне ёсць вершаваныя казкі, лірычныя вершы і паэмы, апрацоўкі легенд, публіцыстыка, літаратурна-крытычныя артыкулы, пераклады, дзённікі, а апошнія гады свайго жыцця паэт выступаў у новай і малараспрацаванай у беларускай паэзіі вершаванай форме верлібра або свабоднага верша. Яго верлібр – гэта верш-развага, верш-роздум, даверлівая размова з чытачом ("Гравюры Скарыны", "Мой хлеб надзённы", "Шчаслівы дзень", "Прайсці праз вернасць" і інш.). Многія вершы паэта пакладзены на музыку . Песні, кантаты, араторыі на словы М. Танка пісалі Л. Абеліёвіч, М. Аладаў, В. Алоўнікаў, Г. Вагнер, І. Лучанок, У. Мулявін, А. Пахмутава, Ю. Семяняка і інш.
   Максім Танк быў яшчэ выдатным перакладчыкам. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Р. Дабравольскага, Т. Ружэвіча, А. Германава і інш.
   Да якіх бы тэм ні звяртаўся паэт: мір паміж народамі, Радзіма, мова, маці, экалогія, стваральная праца — усе яны прасякнуты любоўю да сваёй роднай Беларусі. Яго насычанае жыццё, багатая і шматстайная творчая дзейнасць — прыклад і ўзор падкрэслена сумленнага, ахвярнага служэння роднай зямлі і яе народу, Бацькаўшчыне-Беларусі, яркая старонка ў гісторыі нацыянальнага літаратурнага мастацтва.
   Вялікая і плённая грамадска-сацыяльная дзейнасць і багатая і шматстайная літаратурна-творчая праца М. Танка былі адзначаны прысваеннем яму высокіх званняў: народнага паэта Беларусі (1968), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаннем шматлікімі ордэнамі і медалямі: чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі заслугі ПНР. Ён з'яўляўся акадэмікам НАН Беларусі (1972), ганаровым грамадзянінам г. Мінска (1987). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі "Каб ведалі", Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік "След бліскавіцы", Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік "Мой хлеб надзённы", Ленінскай прэміі (1978) за зборнік "Нарачанскія сосны" (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980) за кнігу "Прайсці праз вернасць". Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб'яднання "ЗАІКС" (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.
   Тонкі лірык, нястомны шукальнік праўды і красы, сэнсу жыцця і чалавечага прызвання, Максім Танк да апошніх сваіх дзён не выпускаў з рук пяро. Яго сэрца чутка адгукалася на праблемы часу, яго голас заўсёды моцна гучаў у абарону народа. У зборніку "Errata", які выйшаў ужо пасля смерці паэта ў 1996 годзе, сабраны вершы паэта, напісаныя ў апошнія гады. Лацінская назва зборніка азначае "выпраўленне памылак". Напрыканцы жыцця кожны павінен паспрабаваць выправіць свае памылкі, сабраць раскіданыя камяні. Танк нёс нам сваю споведзь.

 

Гартаючы
Жыцця свайго старонкі
Шмат бачу
Дат, падзей, імён,
То выкрасленых
Некалі цэнзурай,
То спаленных
Агнём выратавальным...
Таму хацелася б
Да эпілога –
Калі паспею –
Дапісаць эрату
І вены перарваныя
Злучыць.


   7 жніўня 1995 года Максіма Танка не стала. Пахаваны ён на вясковых могілках побач з бацькамі. Памяць вялікага паэта старанна ўшаноўваецца. Яго імя носіць педуніверсітэт і педагагічны каледж у Мінску, цэнтральная раённая бібліятэка ў Мядзелі, Сваткаўская сярэдняя школа, яго імем названы вуліцы ў Мінску, Мядзелі і Сватках.  Да дня нараджэння паэта ў бібліятэках афармляюцца кніжныя выставы, праводзяцца вечары памяці і літаратурна-музычныя кампазіцыі, ладзяцца танкаўскія чытанні, падчас якіх на радзіму паэта наведваюцца літаратары, якія  ведалі Яўгена Іванавіча, працавалі побач з ім.
   Творчасць Максіма Танка — выдатная з'ява ў свеце сучаснай еўрапейскай літаратуры. Па меркаванні У. Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусі — "на ўзроўні сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, калі не вышэй некаторых з іх". Напоўненыя глыбокім філасофска-аналітычным асэнсаваннем жыцця і чалавека, высокім гуманістычным зместам і грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылі асаблівасці нацыянальнага характару, гістарычнага шляху і лёсу беларускага народа, выявілі багацце і шматстайнасць яго гісторыі і культуры, вялікія патэнцыяльныя магчымасці мовы, пераканаўча абгрунтавалі паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасці.

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля