Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Мадэрнізм

   Мадэрнізм - (ад франц. moderne - самы новы, сучасны) — літаратурны метад. Нарадзіўся ён у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. як філасофска-эстэтычны рух авангардысцкага (ад франц. avant-garde - перадавы атрад) кірунку, што не прымаў сацыяльна-гістарычнай абумоўленасці мастацтва, затым набыў уласцівасці мастацкага метаду, ахапіўшы сабой усе асноўныя віды мастацтва (літаратуру, архітэктуру, жывапіс і інш.).
   Для пісьменнікаў-мадэрністаў характэрная засяроджанасць выключна на ўнутраным свеце чалавека (лірычнага героя або вобраза-персанажа), сацыяльная індэферэнтнасць, падкрэслены антыгістарызм, элітарнасць, вышуканасць, незвычайнасць мастацкай формы (Дж. Джойс, Ф. Кафка, М. Пруст, Э. Паўнд, А. Камю, Э. Іанеска, ранняя творчасць У. Маякоўскага, Л. Аргона, П. Элюара, І. Бехера і інш.).
Мадэрнізм мае разгалінаваную сістэму літаратурных напрамкаў. Філасофія дэкадансу (ад франц. dekadence – заняпад) — заняпадніцкая плынь у еўрапейскай грамадскай думцы і мастацтве на пераломе ХІХ і ХХ ст., што выяўляла крайні індывідуалізм, настрой безнадзейнасці, непрыняцца жыцця, увасобілася найперш у сімвалізме (ад гр. symbolon - знак), які на месца шматграннага мастацкага вобраза імкнуўся паставіць сімвал.
   Сімвалісты (у Францыі - А. Рэмбо, у Бельгіі - Э. Верхарн, у Расіі - Д. Меражкоўскі, З. Гіпіус, Ф. Салагуб, В. Брусаў, К. Бальмонт, А. Блок, А. Белы і інш.) разглядалі сімвал як пазакласавую і пазачасавую катэгорыю, прапаведвалі самацэннасць унутранага, ірацыянальнага свету, імкнуліся ўнесці ў паэзію "дух музыкі" як мастацтва найменш рацыянальнага, найменш прывязанага да канкрэтнай рэчаіснасці. У супрацьлегласць яму футурызм (ад лац. futurum - будучае) і яго адгалінаванні (эгафутурызм і кубафутурызм) выяўлялі сваю арыентацыю на новую рэчаіснасць, дакладней - на век "небаскроба-машынна-аўтамабільны".
   Футурысты (а сярод іх у Расіі былі У. Маякоўскі, В. Хлебнікаў, М. Асееў, І. Севяранін і інш.) увогуле слушна сцвярджалі, што будучае належыць тэхніцы, гораду, рабочаму класу. Але яны глыбока памыляліся, калі лічылі, што традыцыйнае рэалістычнае мастацтва для будучыні непрыгоднае і парывалі з класічнымі традыцыямі, дэфармавалі слова, разбуралі літаратурны сінтаксіс, тварылі сваю мудрагельшчыну. Супрацьпастаўляючы сябе, з аднаго боку, сімвалістам і, з другога, футурыстам, невялікая група расійскіх паэтаў на чале з М. Гумілёвым і С. Гарадзецкім абвясціла сябе прыхільнікамі прынцыпаў акмеізму (ад грэч. akme - вышэйшая ступень ці якасць чаго-небудзь), якія зводзіліся да разумення самадастатковасці паэтычнага слова, стварэння элітарнай паэзіі. Выразны эстэтызм гэтага напрамку канкрэтызаваўся як у выкарыстанні вечных тэм і вобразаў (А. Ахматава), так і экзатычнай, у прыватнасці афрыканскай (М. Гумілёў), тэматыкі, у звароце да міфалогіі, яго праекцыі на сучаснасць (О. Мандэльштам).
   Імажынізм (ад франц. image - вобраз) у аснову паэтычнай творчасці паклаў самацэнную вобразнасць, паэтычны твор разумеў як своеасаблівы каталог разнастайных тропаў. Імажыністы (малады С. Ясенін, Р. Іўнеў, А. Марыенгоф, В. Шаршаневіч і інш.) на поўны сур'ёз гаварылі, што "верш - не арганізм, а хваля вобразаў, з яго можна выняць адзін вобраз, уставіць яшчэ дзесяць" (В. Шараневіч).
   Шэраг напрамкаў мадэрнізму ва ўсходнеславянскія літаратуры прыйшоў у канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. з Заходняй Еўропы, узнікшы спярша ў асяроддзі выяўленчага мастацтва. Гэта найперш адносіцца да імпрэсіянізму і экспрэсіянізму. Так, імпрэсіянізм (франц. impressioion - уражанне) засноўваўся найперш не на выразным выяўленні аб'екта паказу, а на перадачы асабістага ўражання мастака ад яго ўспрымання. Французскае выяўленчае мастацтва (К. Манэ, Э. Манэ, А. Рэнуар, Э. Дэга і інш.), дзе ён упершыню заявіў пра сябе, паўплывала і на мастацтва слова. Літаратура стала фіксаваць амаль няўлоўныя ўражанні аўтараў, персанажаў твораў, проза напоўнілася лірызмам, набыла эскізнасць, фрагментарнасць, паэзія павысіла пошукі ў галіне ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасці, рытма-мелодыкі, музычнасці вершаванага радка (браты Ж. і Э. Ганкуры, П. Верлен, А. Чэхаў, І. Бунін, М. Валошын, Б. Пастарнак і інш.).
   У адрозненне ад імпрэсіянізму, экспрэсіянізм (ад лац. expression - выражэнне), які таксама спачатку ўзнік у асяроддзі выяўленчага мастацтва (Германія, пачатак ХХ ст.), паставіў за мэту не рэалістычны паказ рэчаіснасці, а выяўленне яе сутнасці. Прычым, выяўленне праз гіпертрафіраванае аўтарскае "Я", напружаную эмацыйнасць, ірацыянальнасць, з выкарыстаннем сімволікі, гіпербал, гратэску, у якім паядноўваюцца рэзка супрацьлеглыя з'явы (гутарковы стыль з вышуканымі паэтызмамі, вульгарнасць з высокім пафасам, прымітывізм будзёншчыны з касмічнымі настроямі і г. д.).
   У савецкі час асобныя прадстаўнікі гэтых літаратурных напрамкаў М. (У. Маякоўскі, А. Блок, В. Брусаў, С. Ясенін і нш.) перайшлі на пазіцыі рэалізму, узбагаціўшы яго паэтыку ў галіне вобразнасці (сэнсавая паліфонія, пашырэнне межаў метафорыкі), жанраў (абнаўленне жанраў лірыкі і ліра-эпасу), вершавання (рэформа напеўнага верша, "лесвіца Маякоўскага"), кампазіцыі (новыя прынцыпы цыклізацыі вершаў), фонікі (больш глыбокае разуменне ўзаемасувязі гуку і сэнсу).
   Асобнымі сваімі гранямі мадэрнізм аказаў уплыў і на станаўленне новай беларускай літаратуры (Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Жылка, Максім Танк і інш.). Некаторыя яго прыёмы, фармальныя знаходкі ў галіне вершатворчасці (вобразнасць, рытміка), прозы ("паток свядомасці", "новы раман"), драматургіі ("драма абсурду") уплываюць і на сучаснае беларускае мастацтва слова (А. Аркуш, Ю. Гумянюк, В. Жыбуль, Ю. Пацюпа, Б. Пятровіч, Алесь Разанаў, Л. Рублеўская, І. Сідарук, Ю. Станкевіч, А. Хадановіч і інш).
   У сучаснай літаратуры мадэрнізм увасабляецца галоўным чынам у мастацкіх прыёмах і прынцыпах постмадэрнізму — літаратурнага напрамку другой паловы ХХ ст., заснаванага на наўмысным, часта іранічным, гратэскна-сатырычным, пераасэнсаванні элементаў мінулай культуры, на своеасаблівай гульні з агульнапрынятымі традыцыямі, свядомым сінтэзе розных літаратурных узораў і розных відаў запазычанняў, аж да яўнага і скрытнага цытавання ранейшых тэкстаў (гл. "Тамбурны маскіт" (Санкт-Пецярбург, 2001) З. Вішнёва, "Прыкры крык" (Вільня, 2001) В. Жыбуля, "Лісты з-пад коўдры" (Мінск, 2003) А. Хадановіча і інш.).