Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Драма абсурду

   Драма абсурду (антыдрама) – шэраг твораў у еўрапейскай драматургіі 1950-1960-х гг., на аснове якіх узнік адпаведны тэатр.
   Як і большасць мадэрнісцкіх з’яў у літаратуры і мастацтве ХХ ст., тэатр абсурду (яго яшчэ імянуюць «тэатрам жарту», «тэатрам парадоксу») склаўся найперш у Францыі. У пачатку 1950-х гг. у Парыжы прайшлі прэм’еры п’ес «Лысая спявачка» (1950) Э. Іанэска і «У чаканні Гадо» (1952) С. Бекета, якія і сталі першымі творамі новага тэатра. Пошукі і эксперыменты Э. Іанэска і С. Бекета, іх аднадумцаў і паслядоўнікаў Г. Пінтэра, Т. Стопарда, Н. Сімпсана, С. Мрожака, Ж. Жэнэ, Б. Віяна, А. Адамава, Д. Буцаці і інш. былі ў пэўным сэнсе вельмі блізкімі да тых пошукаў, што вяліся ў прозе неараманістамі. Як і неараманісты, драматургі-абсурдысты адмовіліся ад традыцыйных персанажа і сюжэта, канкрэтных карцін-вобразаў. На змену апошнім прыйшлі абагульнена-сімвалічныя, універсальныя вобразы, якія маглі б інтэрпрэтавацца па-рознаму, а часам і зусім супярэчліва. «У тэатры абсурду паказвалася не столькі само жыццё, колькі яго ілюзорнасць, уяўнасць; чалавечае існаванне пазбаўлялася руху, дынамікі, дзеяння, прыпадабнялася да працэсу ўспамінаў ці простага гаварэння – з-за адсутнасці іншых форм рэалізацыі сябе чалавекам» .
   Праблемы, што закраналіся ў тэатры абсурду, мелі дачыненне да самых драматычных і нават трагічных аспектаў чалавечага жыцця і вырашаліся, як правіла, у экзістэнцыялісцкім духу. Таму невыпадкова, што найбольш распаўсюджанымі ў тэатры абсурду сталі жанры трагікамедыі і трагіфарсу.
   Пэўны комплекс прыёмаў характарызуе кампазіцыйна-стылёвую структуру антыдрамы. Надзвычай важная роля надаецца ў п’есе маналогу, пабудаванаму практычна па аналогіі з маналогам твораў «плыні свядомасці». Рэальнасць у п’есе трансфармуецца, у ёй дамінуе гратэск, па-сюррэалісцку спалучаецца неспалучальнае. «Антып’есы часта будуюцца па прынцыпу калейдаскопа, мантажу асобных рэплік ці спроб учынкаў (менавіта спроб, а не ўласна ўчынкаў, бо, як правіла, у тэатры абсурду нічога па-сапраўднаму не адбываецца). Персанажы часта ананімныя, што падкрэслівае іх безасабовасць, неадэкватнасць уласнаму «я», уніфікаванасць, а яшчэ – іх шматлікасць, множнасць» .
   Асяроддзе, у якім дзейнічаюць героі (больш правільна іх называць «негероямі» і яны «не дзейнічаюць»), – гэта замкнёная прастора, што ў выніку ўказвае на несвабоду чалавека, ягоную немагчымасць хоць нешта змяніць у сваім існаванні ці хоць бы пайсці з жыцця па ўласнаму жаданню. Гэтае асяроддзе нельга нават па-сапраўднаму ўявіць. Адсутнічае ў тэатры абсурду і час, таму невыпадкова яго часта называюць «тэатрам спыненага гадзінніка».
   Творы драмы абсурду ў выніку сацыяльна-палітычных змен у нашым грамадстве сталі ставіцца і на Беларусі. Шэраг беларускіх драматургаў, у асноўным маладых (І. Сідарук, С. Мінскевіч, З. Вішнёў, А. Туровіч і інш.), пачалі спрабаваць свае сілы ў напісанні п’ес у абсурдысцкай (ці блізкай да яе) манеры.

Похожие статьи:

Іван ШамякінІван Шамякін - Драма

ДДрама