Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Літаратуразнаўства

   Літаратуразнаўства - навука, якая вывучае літаратуру як форму адлюстравання рэчаіснасці і як від мастацтва ў яе ўзаемадачыненнях з грамадскім жыццём і мастацтвам у цэлым. Мае свой прадмет даследавання (усё, што адносіцца да літаратуры: асобны твор, літаратурны жанр, творчасць пісьменніка і г. д.), сваю тэрміналогію (гл. тэрмін літаратуразнаўчы) і методыку даследавання (гл. і методыка літаратуразнаўства).
Узнікла літаратуразнаўства у глыбокай старажытнасці са спроб асэнсавання літаратуры, яе мастацкай сутнасці і месца ў грамадстве. Часам да літаратуразнаўства адносяць толькі гісторыю і тэорыю літаратуры. На самой справе, да галоўных галін літаратуразнаўства паўнапраўна далучаецца яшчэ і крытыка літаратурная, увага якой скіравана на сучасны літаратурны працэс.
   Гісторыя літаратуры вывучае гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцца нацыянальнай, рэгіянальнай і сусветнай літаратуры, устанаўлівае месца і значэнне творчасці тых ці іншых пісьменнікаў і асобных твораў у літаратурным працэсе. Пра адрозненне гісторыі літаратуры ад літаратурнай крытыкі добра сказаў Іван Франко: "...Калі гісторыя літаратуры мае дадзеную ўжо самой сутнасцю рэчы перспектыву, карыстаецца багатым матэрыялам, увасобленым у творах пэўнага аўтара, у водгуках пра яго сучаснікаў, у мемуарах, лістах і іншых чыста гістарычных дакументах, то звычайны крытык не мае амаль нічога, павінен сам выпрацоўваць перспектыву, угадваць значэнне, высвятляць прыкметы гэтага аўтара, павінен, так сказаць, уздымаць цаліну, у той час як гісторык літаратуры збірае ўжо зусім даспелыя плады". У адпаведнасці з тым, што канкрэтна вывучае гісторыя літаратуры, яна падзяляецца на аўтаразнаўства, гісторыю нацыянальнай, рэгіянальнай і сусветнай літаратуры. Аўтаразнаўчыя даследаванні ахопліваюць творчасць аднаго якога-небудзь пісьменніка. Часам такіх даследаванняў, прысвечаных класіку нацыянальнай літаратуры, накапліваецца столькі, што ўзнікае неабходнасць вылучыць ў аўтаразнаўстве асобны раздзел, які называецца па імені гэтага класіка: скарыназнаўства, пушкіназнаўства, шаўчэнказнаўства, купалазнаўства, коласазнаўства, багдановічазнаўства, танказнаўства...
   Гісторыя беларускай нацыянальнай літаратуры пачала стварацца яшчэ ў першай палове XІX ст. ("Беларусь і Ян Баршчэўскі" Р. Падбярэскага і інш.), аднак пэўную сістэму набыла толькі ў пачатку ХХ ст. (даследаванні С. Палуяна, І. Свянціцкага, Максіма Багдановіча, Я. Карскага, Вацлава Ластоўскага, Антона Луцкевіча і інш.). "Гісторыя беларускае літаратуры" Максіма Гарэцкага (Вільня,1920) - першае грунтоўнае спецыяльнае даследаванне праблем гістарычнага развіцца беларускага прыгожага пісьменства, услед за якім, ужо ў савецкі час, з'явіліся новыя значныя працы такога кшталту ("Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры", Т. 1-2. 1968-1969; "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры", Т. 1-2. 1965-1966 і інш.). Самае грунтоўнае пакуль што выданне гісторыі беларускай літаратуры -"Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" ў 4-х т., 5-і кнігах (1999-2003).
   Нацыянальныя літаратуры на падставе блізкасці мовы, культуры, агульнасці дзяржаўна-палітычнага ладу, тэрыторыі ўваходзяць у розныя рэгіянальныя міжлітаратурныя супольнасці (арабская, іспанамоўная, славянская, еўрапейская літаратуры і г. д.). Час ад часу выдаюцца гісторыі асобных рэгіянальных літаратур (напр., "История советской многонациональной литературы" ў 6-і тамах, 8-і кнігах. М., 1970-1974). Разам з тым нацыянальныя літаратуры ў лепшых сваіх узорах вывучаюцца ў курсе гісторыі сусветнай літаратуры (гл. "История всемирной литературы" ў 9-і т., т. 1-8. М., 1983-1994).
   Тэорыя літаратуры даследуе сутнасць, своеасаблівасць літаратуры як грамадскай з'явы і мастацтва слова, вывучае этапы мастацкага развіцца, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу літаратуры. Грунтуецца на матэрыяле не адной якой-небудзь або некалькіх літаратур, а выкарыстоўвае мастацкі вопыт розных народаў і розных эпох. Без ведаў па тэорыі літаратуры нельга абысціся ні гісторыку літаратуры, ні літаратурнаму крытыку. Як падкрэсліваў М. Чарнышэўскі, "без гісторыі прадмета няма тэорыі прадмета; але і без тэорыі прадмета няма нават думкі пра яго гісторыю, таму што няма ўяўлення пра яго аб'ект, яго значэнне і яго межы". У тэорыі літаратуры можна вылучыць наступныя раздзелы: эстэтыка літаратуры, паэтыка, тэорыя літаратурнага працэсу, метадалогія літаратуры. Эстэтыка літаратуры разглядае літаратуру як адну з форм адлюстравання і мадэлявання рэчаіснасці, паказвае сувязь яе з грамадскім жыццём, месца яе сярод іншых відаў мастацтва (літаратура як від мастацтва, функцыі літаратуры, яе нацыянальны характар і інш.). Тэорыя літаратурнага працэсу выяўляе гістарычны характар развіцца літаратуры як мастацтва слова, устанаўляе заканамернасці, звязаныя з узнікненнем і эвалюцыяй асобных родаў, відаў і жанраў, літаратурных метадаў і напрамкаў. Метадалогія літаратуразнаўства вызначае асноўныя прынцыпы навуковага даследавання літаратуры.
   Цэнтральны раздзел тэорыі літаратуры - паэтыка, што вывучае характар, структуру і змястоўнасць літаратурнай формы.
   Значную ролю ў навуцы пра літаратуру адыгрываюць дапаможныя галіны літаратуры: бібліяграфія, бібліятэказнаўства, гістарыяграфія, біяграфістыка, храналогія, тэксталогія, крыніцазнаўства, літаратурныя краязнаўства, архівазнаўства і музеязнаўства. Глыбокае разуменне літаратуры немагчыма без ведання законаў развіцца грамадства, культуры, мовы. Таму літаратура цесна звязана з гісторыяй, псіхалогіяй, эстэтыкай, мовазнаўствам, некаторымі іншымі гуманітарнымі навукамі.

Похожие статьи:

ММетадалогія літаратуразнаўства