Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Біяграфістыка

   Біяграфістыка - дапаможная галіна літаратуразнаўства, галоўная задача якой - стварэнне як мага больш поўных, навукова дакладных і грунтоўных біяграфій буйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры. Найбольш распаўсюджаны жанр біяграфістыкі - крытыка-біяграфічны нарыс.

   Першую спробу напісаць навуковую біяграфію Янкі Купалы зрабіў Я. Шарахоўскі – "Пясняр народных дум". Мастацка-дакументальныя біяграфічныя творы спалучаюць дакладнасць дакумента з мастацкім вымыслам, з жывасцю, а падчас і займальнасцю аўтарскага апавядання. Сярод іх - дакументальныя аповесці С. Александровіча пра Якуба Коласа "Ад роднае зямлі...", "На шырокі прастор" І "Крыжавыя дарогі", раман-эсэ А. Лойкі пра Янку Купалу "Як агонь, як вада" і інш. Асабліва каштоўныя для біяграфістыкі пісьменніцкія аўтабіяграфіі. Асобныя аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў увайшлі ў кнігі "Пяцьдзесят чатыры дарогі" (1963), "Пра час і пра сябе" (1965) і "Вытокі песні" (1973); укладанне і падрыхтоўка тэкстаў усіх трох кніг - Я. Казекі. Арыгінальную аўтабіяграфічную мастацка-дакументальную "Аповесць пра сябе" стварыў Б. Мікуліч.

   Своеасаблівым жанрам біяграфістыкі з'яўляецца летапіс жыцця і творчасці пісьменніка, які звычайна ў якасці дадатку ўключаецца ў ягоны збор твораў, а зрэдку выходзіць і асобным выданнем. Найбольш грунтоўны з іх - укладзены М. Мушынскім "Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа" (1982). Для біяграфістыкі вялікае значэнне маюць розныя крыніцазнаўчыя матэрыялы, даведнікі, накшталт "Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў ХVI-ХХ ст. ст." Я. Саламевіча (1983).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.