Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Бібліятэказнаўства
Бібліятэказнаўства — (ад гр. biblia - кнігі і theke – сховішча) — навука, якая даследуе правілы збору, сістэматызацыі, зберажэння і прапаганды твораў друку (кніг, часопісаў, газет і г. д.).
Збор, зберажэнне і прапаганда друкаванай, аўдыё- і відэапрадукцыі ажыццяўляюць спецыяльныя ўстановы - бібліятэкі. Яны падраздзяляюцца на масавыя (разлічаныя на чытачоў розных густаў), навуковыя (існуюць пры навуковых і навучальных установах) і спецыялізаваныя (зберагаюць літаратуру па пэўных галінах ведаў: тэхнічныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя і г. д.).
Бібліятэкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці (Кітай, Індыя, Асірыя, Вавілон). На тэрыторыі ўсходніх славян самая даўняя бібліятэка з'явілася на тэрыторыі Украіны - заснавана Яраславам Мудрым у Кіеве пры Сафійскім саборы ў 1037 г.
На Беларусі бібліятэкі вядомыя з ХІ ст. (бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора). Яны ствараліся спачатку пры манастырах і цэрквах, кляштарах і касцёлах, сінагогах і мячэцях, пазней — пры розных навучальных установах (Віленская акадэмія, Полацкая езуіцкая калегія, Слуцкая пратэстанцкая школа і інш.), магнацкіх дварах (Радзівілаў у Нясвіжы, Храптовічаў у Шчорсах, Агінскага ў Слоніме), іх збіралі асобныя вучоныя, дзеячы культуры (I. Даніловіч, А. Кіркор, Аляксандр Ельскі, Я. Карскі, А. Я. Багдановіч і інш.). У ХІХ ст. з'явіліся публічныя бібліятэкі - у Гродне (1830), Магілёве (1833), Мінску (1845), Віцебску (1857)...
Сёння на Беларусі існуе цэлая бібліятэчная сістэма, куды ўваходзяць раённыя, гарадскія, абласныя і рэспубліканскія бібліятэкі. Буйнейшыя сярод іх — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай АН Беларусі імя Я. Коласа, Фундаментальная бібліятэка БДУ. У бібліятэках існуе інфармацыйна-даведачная служба (картатэкі, каталогі), сродкі капіравання друкаваных тэкстаў і інш. Буйнейшыя бібліятэкі выдаюць розныя бібліяграфічныя даведнікі (гл. бібліяграфія). Улікам і рэгістрацыяй навінак друкаванай прадукцыі займаецца спецыяльная ўстанова — Кніжная палата Беларусі. Вялікую каштоўнасць мае бібліятэка пісьменніка - кнігазборы асобных выдатных пісьменнікаў, якія сведчаць пра кола іх духоўных запатрабаванняў, сувязі з іншымі дзеячамі культуры, адносіны да тых ці іншых сваіх і чужых друкаваных тэкстаў (праз розныя паметкі, надпісы, выпраўленні) і інш. Таму бібліятэка пісьменніка, як правіла, цалкам захоўваецца як асобная каштоўнасць у літаратурным музеі (гл. музеязнаўства) або бібліятэцы, падчас выдаецца яе апісанне.
Похожие статьи:
Пераказы → Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк