Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Музеязнаўства літаратурнае

   Музеязнаўства літаратурнае - навука, якая вывучае прынцыпы збору, захоўвання, даследавання і прапаганды арыгінальных гісторыка-літаратурных і літаратурна-мемарыяльных матэрыялаў. Гэтыя матэрыялы звычайна збіраюцца, захоўваюцца і прапагандуюцца ў спецыяльных навукова-асветных установах — музеях літаратурных.
   На Беларусі прыватныя літаратурныя музеі былі створаны яшчэ ў ХVІ-ХVІП ст. пры дварах Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх і інш. У XІX ст. нямала цікавых літаратурных матэрыялаў захоўвалася ў музеі старажытнасцей К. і Я. Тышкевічаў у Лагойску, у музеі Аляксандра Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага раёна і інш. У 1919 г. пачаў працу Беларускі музей імя І. Луцкевіча ў Вільні, які ўзнік з калекцый "Нашай Нівы" і існаваў да 1946 г.
Сёння ў нас існуе шэраг літаратурных музеяў — дзяржаўных, грамадскіх, прыватных. Гэта Дзяржаўны літаратурны музей (Мінск), літаратурныя музеі Янкі Купалы (Мінск, філіялы ў Вязынцы, Ляўках, Акопах, Яхімоўшчыне), Якуба Коласа (Мінск, філіялы ў Акінчыцах, Смольні, Альбуці), Максіма Багдановіча (Мінск), Петруся Броўкі (Мінск), Францішка Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага раёна), Дом-музей Адама Міцкевіча (Навагрудак, з філіялам у в. Завоссе). Па ініцыятыве школ, калгасаў, прадпрыемстваў, устаноў, прыватных асоб створана нямала грамадскіх і прыватных літаратурных музеяў (Цёткі, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра, Уладзіслава Галубка, Браніслава Тарашкевіча, В. Таўлая, А. Блока, Ф. Дастаеўскага, Гудзевіцкі літаратурны-краязнаўчы музей у Мастоўскім раёне, Музей поліэтнічнай культуры Ракаўшчыны ў Валожынскім раёне і інш.).
   Літаратурныя музеі арганізуюць, апрача іншага, навуковыя канферэнцыі, выдаюць зборнікі навуковых прац, уносячы тым самым адчувальны ўклад у айчыннае літаратуразнаўства. Музейныя экспанаты пра пісьменнікаў захоўваюцца таксама ў зборах дзяржаўных краязнаўчых і гістарычных музеяў, а таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.