Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксандр Ельскі

(1834-1916)

   Беларускі пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнавец, перакладчык, публіцыст. Брат М. К. Ельскага. Нарадзіўся ў вёсцы Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён) у сям’і памешчыка. Пачатковую адукацыю атрымаў у нямецкай школе ў Лясдэнене (цяпер Калінінградская вобласць). У 1852 г. скончыў Мінскую класічную гімназію. У 1852-1856 гг. быў на вайсковай службе, удзельнічаў у Крымскай вайне. У чыне паручніка выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў вёсцы Замосце (цяпер Пухавіцкі раён), дзе пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак. Быў жанаты, меў сына і дачку. У гаспадарцы значную ўвагу аддаваў паляпшэнню культуры земляробства, меліярацыі глебы, дагляду лесу, развядзенню рыбы, заклаў парк, сад і цагельню.
   З 1861 г. быў міравым суддзёй 2-й акругі Ігуменскага павета, у 1882-1887 гг. — членам апякунскага камітэта пры рэальным вучылішчы ў Мінску, а з 1901 г. — ганаровым куратарам павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару. Літаратурна-публіцыстычную дзейнасць пачаў з допісаў у газету «Kurier Wilenski» («Віленскі кур’ер», 1860), прысвечаных пераважна вызваленню сялян ад прыгону. Пісаў на беларускай, польскай, рускай мовах. У час паўстання 1863-1864 гг. знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У 1864 г. заснаваў у Замосці краязнаўчы музей, у якім з часам назапасілася значная колькасць карцін, гравюр, малюнкаў і эскізаў заходнееўрапейскіх і мясцовых мастакоў, зберагаліся асобныя прадметы і лісты Адама Міцкевіча, А. Т. Касцюшкі, калекцыі фарфору, шкла, слуцкіх паясоў, каля 20 тысяч аўтографаў і дакументаў (у тым ліку Пятра I, Напалеона, Лютэра, Вашынгтона, Адама Міцкевіча і інш.). Бесперапынна Аляксандр Ельскі папаўняў сваю бібліятэку, пад канец жыцця ў ёй было больш за 10 тысяч кніжных адзінак, сярод іх старадрукі, выданні XVII ст., амаль усе польскія і літоўска-беларускія хронікі, дыярыюшы, розныя біяграфічныя даведнікі, энцыклапедыі, атласы, вопісы архіваў і г. д., багатыя матэрыялы па беларусістыцы. Зборамі Ельскага карысталіся вучоныя, Кракаўская акадэмія, музей Румянцава ў Маскве, Маскоўскае этнаграфічнае таварыства, бібліятэка імя Асалінскіх «Асалінэум» у Вроцлаве. У кнізе наведвальнікаў музея меліся запісы на рускай, польскай, французскай, нямецкай, дацкай, беларускай мовах.
   Аляксандр Ельскі напісаў больш за 10 тысяч гісторыка-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі». Ён прымаў удзел у археалагічных з’ездах у Вільні (1893) і Рызе (1896). Літаратурна-журналісцкая праца Ельскага была найбольш актыўная ў 1880-я гады, супрацоўнічаў больш як у 20 перыядычных выданнях.
   У яго карэспандэнцыях, незалежна ад тэматыкі, заўсёды закраналіся пытанні маральнасці грамадскіх узаемаадносін. З культурна-асветніцкіх пазіцый ім напісаны матэрыялы пра гісторыі ўкраінскай трупы М. Старыцкага ў Мінску, пра бібліятэку Храптовічаў у Шчорсах, збіранне беларускага фальклору ў Мінскай губерні, «Паўночна-Заходні каляндар» і інш. Ельскі ведаў і цаніў творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, зберагаў у замосцінскім музеі аўтографы яго твораў, прысвяціў яму верш «Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу, беларускаму паэту» (1872), стаў яго першым біёграфам, быў знаёмы з арыгінальнай паэзіяй і перакладамі Янкі Лучыны, перапісваўся з Францішакам Багушэвічам і інш. З клопатамі пра маральнае жыццё вёскі і аптымістычным поглядам у будучыню напісаў вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок» (1895), «Выбіраймася ў прочкі» (1896), «Слова аб праклятай гарэліцы і аб жыцці і смерці п’яніцы» (1900), распаўсюджваў іх сярод дваран і сялян у літаграфаваным выглядзе. У сваіх творах «Гутарка аб тым, якая мае быць «Зямля і Воля» сельскаму народу» (1906) і іншых асуджаў асобныя маральныя заганы тагачаснага грамадства, заклікаў да прыватных рэформ, рацыянальнага вядзення гаспадаркі, апраўдваў сацыяльную няроўнасць. Пераклаў на беларускую мову 1-ю частку паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1893), рабіў захады, каб арганізаваць папулярныя выданні для народа накшталт перакладзенай ім на беларускую мову працы польскага эканаміста Ю. Супінскага «Сем вечароў». На рускую мову перакладаў даследаванні польскага філосафа Ю. Ахаровіча «Каханне, злачынства і мараль» (1876), «Пра асноўныя супярэчнасці ў нашых ведах пра сусвет» (1877). Выдаў зборнік «100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа» (1908). Гісторыі этнаграфіі, фальклору, мове і літаратуры Беларусі прысвечаны яго працы на польскай мове: «Заўвагі аб сялянскім пытанні» (1884), «Пра беларускую гаворку» (1885), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да астатніх часоў» (1893-1897), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак ва Урэччы Радзівілаўскім на Літве» (1899) і інш.
   Падзвіжніцкая культурная праца, плённыя навуковыя намаганні Аляксандра Ельскага мелі шырокі розгалас у славянскім свеце, высока цаніліся ў грамадска-культурных колах і ў навуковым асяроддзі. У 1885 г. яму прысвоена званне члена-супрацоўніка Вольнаэканамічнага таварыства ў Пецярбургу, а ў 1892 г. — правадзейнага члена камісіі гісторыі і мастацтва філалагічнага аддзялення Акадэміі навук у Кракаве. Па малюнку I. Урублеўскага быў адліты медаль Ельскага. Пасля смерці Ельскага большасць экспанатаў яго музея загінула, частка рукапісных і кніжных збораў трапіла ў музеі і архівы Вільнюса, Мінска, Кракава і Варшавы (фонд Прозараў і Ельскіх у Галоўным архіве старажытных актаў).


У. Мархель