Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Крытыка літаратурная

   Крытыка літаратурная - від літаратурнай дзейнасці, мэта якой - даць ацэнку бягучым фактам літаратуры з пункту гледжання значэння іх для сучаснасці. Такая ацэнка літаратурнага твора, з аднаго боку, дазваляе пісьменнікам суаднесці вынікі сваёй працы з патрабаваннямі, якія прад'яўляе да літаратуры грамадства. З другога боку, яна дапамагае фарміраваць грамадскую думку, выпрацоўваць у чытачоў аб'ектыўныя погляды на літаратурныя з'явы, удасканальваць эстэтычны густ і эстэтычны ідэал.
   Аб'ектыўна ацаніць літаратурны твор літаратурнай крытыцы дапамагае выкарыстанне асноўных прынцыпаў яго аналізу: эстэтычны, гістарызму, сістэмнасці, цэласнасці, усебаковасці разгляду, спалучэнне аналізу з сінтэзам (гл. метадалогія літаратуразнаўства).
   Узнікшы адразу пасля ўзнікнення самой літаратуры, высокапрафесійная, патрабавальная, зацікаўленая літаратурная крытыка стала яе неабходным спадарожнікам. В. Бялінскі называў літаратурную крытыку "рухомай эстэтыкай", слушна падкрэсліваў: тое, што скажуць пра вялікі твор літаратуры, не менш важна за сам твор.
   Беларуская літаратурная крытыка зарадзілася ў XІX ст. (публікацыі Р. Падбярэскага, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншых), але як самастойная галіна літаратурнай дзейнасці склалася толькі на пачатку ХХ ст. (артыкулы і рэцэнзіі Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, С. Палуяна, Максіма Багдановіча, Л. Гмырака, А. Бульбы, У. Самойлы і інш.). Найбольшага росквіту дасягнула ў савецкі час, асабліва ў пасляваенны перыяд (А. Адамовіч, Адам Бабарэка, В. Бечык, Д. Бугаёў, Р. Бярозкін, У. Гніламёдаў, В. Каваленка, У. Калеснік, Р. Шкраба, Г. Шупенька, У. Юрэвіч і інш.).
   Асноўны жанр сучаснай літаратурнай крытыкі - рэцэнзія (лац. recensio - разгляд, ацэнка), у якой разглядаецца і ацэньваецца твор літаратуры, вызначаюцца яго вартасці і магчымыя хібы. Апрача звычайнай часопіснай ці газетнай рэцэнзіі, яна можа набыць выгляд анатацыі, эсэ, дыялогу, фельетона, памфлета, ліста, аўтарэцэнзіі, рэплікі. Іншыя жанры літаратурнай крытыкі: артыкул (аглядны, праблемны), літаратурны партрэт, бібліяграфічная нататка, рэпліка, літаратурная пародыя, манаграфічнае даследаванне.
    Заканамернасці развіцца беларускай крытыкі даследаваў М. Мушынскі ("Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20 - 30-я гады. Мн., 1975; "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я - першая палавіна 60-х гадоў. Мн.,1985). Асобныя тэарэтычныя пытанні літаратурнай крытыкі знайшлі асэнсаванне ў кнізе В. Каваленкі "Праблемы сучаснай беларускай крытыкі"(1977).

Похожие статьи:

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Янот і Крот