Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

   Беларуская сучасная паэзія — суквецце талентаў, якое вызначаецца самабытнасцю і непаўторнасцю кожнага, бо кожны, паводле афарыстычнага выразу Аркадзя Куляшова, капае "рэчышча ўласнай ракі", якую скіроўвае ў акіян сусветнай культуры.

Сапраўднаму паэту трэба мець 
Уласны курс і вугал свой атакі,

— так вобразна і вычарпальна вызначыў паэт У. Скарынкін галоўнае патрабаванне да кожнага творцы, што шчыруе на ніве паэзіі: у кожнага павінен быць свой голас, свой почырк. "Аблог цалінны" сэрцаў людскіх, якія, як папярэджваў класік, "цвёрдыя, быццам з камення", падуладны толькі дару выключнай сілы.
   Сучасная беларуская паэзія прадстаўлена паэтамі розных пакаленняў і рознай творчай манеры. Гэта і вядомыя майстры паэтычнага радка, чыё дзяцінства было апалена вайной (Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў), і пакаленне, народжанае ў цяжкія пасляваенныя гады (С. Законнікаў, У. Някляеў, Aлесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц), і паэты, якія адчулі радасць творчай працы ў 70-80-я гг. (Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Бадак). 
   Тэматыка сучаснай паэзіі надзвычай разнастайная: Радзіма, бацькоўскі дом, родная мова, гістарычнае мінулае, прырода, экалогія, чарнобыльская трагедыя, праца, каханне...
   Рэквіемам па загінуўшых, абеліскам героям і напамінам быць пільнымі і берагчы мір з'яўляюцца "Рэквіем па кожным чацвёртым" Анатоля Вярцінскага, "Абеліск" Яўгеніі Янішчыц.
   Герой многіх твораў — чалавек працы. Сялянскую працу паэтызуюць Анатоль Вярцінскі ("Маці пячэ хлеб"), Еўдакія Лось ("Жніво"), Іх творы паказваюць, што працай чалавек і выпрабоўваецца, і рэалізуе сябе, і сцвярджае сябе на гэтай зямлі.
   Самыя задушэўныя радкі шматлікіх вершаваных твораў прысвячаюцца Радзіме. Паэты ўзнімаюць пытанне аб адказнасці чалавека за зберажэнне яе прыгажосці, заклікаюць да гармоніі, адзінства чалавека з прыродай. У паэме "Чорная быль" С. Законнікаў спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, папярэджвае аб наступствах духоўнага Чарнобыля:

Кал і ж і зараз ты не загукаеш, 
А будзеш жыць пад страхам і прынукай,
Чарнобыль не такі яшчэ чакае
Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.

   Вялікае месца ў сучаснай паэзіі займае тэма кахання. Вершам "Ты пакліч мяне. Пазаві" Яўгенія Янішчыц зноў нагадвае ўсім вечную ісціну, што "пачынаецца ўсё з любві". Для выяўлення стану душы, вартага чалавека, і сцвярджэння думкі, што каханне — самая галоўная з усіх каштоўнасцей, якая робіць немагчымае магчымым, паэтка выкарыстала аксюмаран, што найлепш і вызначыў загадкавую сілу гэтай найвялікшай тайны і найвялікшага дару: "прыручаюцца салаўі". Паэтам і закаханым падуладна тое, чаго не можа ніхто, — прыручыць салаўя.
   Магчыма, нехта з чытачоў усвядоміць метафару "пры ручаюцца салаўі" як напамін паэтэсы пра тое, што "мы ў адказе за тых, каго прыручылі". Каханне як вялікі дар патрабуе ад закаханых і вялікай працы душы, пра што даводзіў і Маленькі Прынц з аднайменнага твора Сент Экзюперы.
   "Сто паэтаў цягнуць хорам, ты — салістам", — так пра унікальнасць паэтычнага дару Рыгора Барадуліна сказаў Пімен Панчанка
   Сапраўды, яго вершы нават без подпісу пазнаюцца па яркай вобразнасці, метафарычнасці, унутранай рыфме, выразным гукапісе.
   Балючая памяць пра апаленае вайной маленства пранізвае паэмы "Блакада", "Куліна". Матыў чакання з вайны родных і блізкіх моцна і трагічна гучыць у вершы "Бацьку": 

Каторы раз сыходзіць снег...
Далюў вярталіся суседзі.
Я кожному насустрач бег
I чуў кароткае: "Прыедзе".

 Н  ямала радкоў прысвяціў паэт матчынай хаце, роднай вёсцы, кутку, дзе былі зроблены першыя крокі, дзе вучыўся, спаткаў першае каханне ("Ушацкай школе", "Світанняў я з табой не сустракаў..."). 
   Шчымлівыя, пранізлівая барадулінскія радкі аб вернасці бацькоўскаму дому робяць чалавека лепшым, напамінаюць кожнаму пра святыні, здрада якім — вялікі грэх:

Трэба дома бываць часцей
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.

   Паэзія Барадуліна пазбаўлена маралізавання, публіцыстычнасці, але часам паэт звяртаецца непасрэдна да нас, каб папярэдзіць пра тое, што трэба зрабіць неадкладна, бо можна спазніцца...

Наведвайце бацькоў,
пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны —
наведвайце бацькоў.

   Бадай, галоўным у творчасці Р. Барадуліна з'яўляецца вобраз маці. 
   Яна — пачатак жыцця, ідэал чалавека, зберагальніца маральных каштоўнасцей, а неруш матчынага слова — невычэрпная крыніца паэта. Маці прысвячаецца адна з апошніх кніг паэта "Евангелле ад Мамы" (1995).
   Назва зборніка "Міласэрнасць плахі" (1992) вызначае яго філасофскі змест і адначасова ўласцівую толькі Р. Барадуліну манеру выяўлення думак і пачуццяў — метафарычную, парадаксальную. Асабліва характэрным для творчасці Рыгора Барадуліна апошніх гадоў з'яўляецца верш, пра які ўхвальна азваўся Васіль Быкаў, — "Лёс да кожнага прыходзіць босы...". Біблейская рэмінісцэнцыя, метафарычнасць спрыяюць выяўленню філасофскай думкі пра поўную залежнасць чалавека ад лёсу, як і пра поўную свабоду выбару, якім і вызначаецца сутнасць чалавека. Працытуем яго поўнасцю:

Лёс да кожнага прыходзіць босы, 
Як Хрыстос,
Каб бядзілі кожнага турботы,
Як абуць свой лёс у лапці, боты.
А яму не занасіць калёсы:
Боссю — каб нячутна! —
Ходзіць лёс.
Ты, нявольнік, вольны выбраць путы,
Пасталы змяніць на кірзачы,
Грукай збітым, як парог, абцасам,
Смелы і ў руцэ з кавалкам ласым,
Помні заўсягды пра лес разуты,
Ногі босаму не адтапчы.

   Метафарычнасць, прычым індывідуальная, аўтарская, вылучае гэты філасофскі верш. Па сутнасці, ён уяўляе сабой вянок метафар і аўтарскіх перыфраз.
   Паэтам-філосафам у беларускай літаратуры заслужана лічыцца і Анатоль Вярцінскі, толькі філасафічнасць сваіх твораў ён выяўляе ў характэрнай для яго манеры. Пра што б ні пісаў паэт, ён праз асацыятыўныя сувязі падымаецца да філасофскага абагульнення.
   У вершы "Гавары са мной ласкава..." апісваюцца ўзаеміны лірычнага героя з дачкой. Яна на нейкую бяскрыўдную, здавалася б, заўвагу заплакала наўзрыд і праз слёзы ўвесь час паўтарала: "Гавары са мной ласкава! гавары са мной ласкава!" Паэт разам са сваім героем прыходзіць да высновы:

Пачуццё справядлівасці, годнасці ўласнай, 
Мабыць, разам з жыццём нам прырода дае.

   Верш "Медсястры" таксама заканчваецца філасофскім вывадам, з якім нельга не пагадзіцца:

Не ўсе хочуць быць добрымі, 
Ды хочуць усе дабраты.

   Афарыстычнае выяўленне філасофскай думкі — асаблівасць лірыкі A. Вярцінскага. Так, да прыкладу, думку пра тое, што чалавек не павінен умешвацца ў асабістыя справы іншых, але ён не павінен быць абыякавым да людской бяды, паэт сфармуляваў у вершы "Бачу я...", які ўяўляе сабой афарызм.

Бачу я: нехта некага любіць — 
Гэта іх справа, гэта іх права;
Бачу я: нехта некага губіць —
Тут і мая ўжо справа.

   Усёй сваёй паэзіяй A. Вярцінскі сцвярджае ідэі дабра, міру, згоды, узаемаразумення паміж людзьмі: "Варожасць — самае горшае ў свеце людскім пачуццё. Дружыце — і будзе харошае, прыгожае ваша жыццё".
   Ідэяй бесканфліктнага жыцця як умовы нашага існавання, гуманістычным пафасам прасякнута ўся творчасць паэта. Яго лірычны герой — інтэлігентны, выхаваны, памяркоўны чалавек, які схільны да разваг, да пераацэнкі каштоўнасцей, здольны ўбачыць высокае неба ідэала ("адзін са зборнікаў паэта так і называецца: "Высокае неба ідэала"):

Я не супраць гнева, 
Ды я за тое, каб нас
Не білі ні справа, ні злева.
Ні ў профіль, ні ў анфас.
Каб годнасці нашай і гордасці
Ніхто не наносіў абраз,
Каб не было неабходнасці
Рашаць: ці біць у адказ?
("Вы зразумейце правільна...")

   Верш "Чалавек маленькага роста..." вельмі цікавы сваёй арыгінальнай формай выяўлення аўтарскай пазіцыі адносна таго, што чалавек не бязгрэшны. Таму людзі павінны быць тактоўнымі адзін да аднаго, даравальнымі, цярпімымі да хібаў і да таго, што ад чалавека сапраўды не залежыць. Але галоўнае і вызначальнае ў чалавеку — людскасць — залежыць ад яго, і чалавек за гэта ў адказе.

Чалавек маленькага роста, 
Чаму не рос, па чыёй віне?
Чалавек адказвае проста:
"Гэта залежыць не ад мяне".
Чалавек маленькага розуму,
Мог ты быць разумнейшым ці не?
Чалавек адказвае цвяроза:
"I гэта залежыць не ад мяне".
Чалавек душы маленькай,
Мог ты лепшым быць ці не?
Чалавек маўклівы нейкі,
Не адказвае ён мне...
Мабыць, цяжкае гэта пытанне,
Чалавек маўчыць нездарма:
Хібам нашым ёсць апраўданне,
Подласці апраўдання няма.

   Асаблівасць вершаў Вярцінскага яшчэ і ў тым, што яны лёгка запамінаюцца. I не толькі таму, што, выяўляючы агульначалавечае і людскае, выяўляюць і нашы асабістыя пачуцці, думкі. Яны надзвычай арганічныя па сваім гучанні, рытмізаваныя. Рыфма вершаў моцная, мэтавая, сэнсавая. Рыфмуюцца не толькі канчаткі вершаваных радкоў, а часам некалькі складоў і нават цэлае слова: роста — проста; любіць — губіць; Талаша — малыша; распасцёрты — чацвёрты; года — пагода.
   Адчувальна, што многія радкі вершаў А. Вярцінскага створаны пад уплывам фальклору (асабліва прыказак і прымавак).
   Паэт плённа працуе ў розных жанрах і спрыяе сціранню ўмоўных межаў паміж імі. Ён першы ў беларускай літаратуры стварыў новы жанр прозапаэзіі, які ўяўляе своеасаблівы пераход ад вершаванай да празаічнай мовы. 

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіТэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская драматургія

Сучасная літаратура БеларусіСучасная літаратура Беларусі