Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...

Світанняў я з табой не сустракаў,
Не рассякаў вяслом азёрнай хвалі.
I толькі ў хваляванні скуб рукаў,
Калі цябе да дошкі выклікалі.

Здавалася, што бачыць увесь клас,
Калі ў твой бок глядзеў я незнарокам.
Каб аб сабе напомніць лішні раз,
Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.

Што стала ты мне нейкаю другой,
Баяўся і сабе прызнацца ў гэтым.
Ды толькі ўсё чамусьці нас з табой
На кніжках плюсавалі без сакрэту.

Ну, а калі кілометры за два
Дамоў з аднавяскоўцамі ішла ты,
Як крыўдна мне было, як я злаваў,
Што каля самай школы наша хата.

Гады прайшлі. У кожнага свой шлях.
I апынуўся я не ў роднай хаце.
... З усмешкай палахлівай на губах
Я сніў цябе ў студэнцкім інтэрнаце.

I вось нарэшце на лістах шасці
Прызнаўся я табе ў сваім каханні.
З трывогай “заказное” апусціў
I атрымаў адказ — тваё маўчанне.

Дамоў прыехаў.
Кажуць, трэці дзень
Грыміць тваё вяселле (я ж не веру).
Вянок з гароху хочуць мне надзець
Сябры, як адстаўному кавалеру.

Хай надзяюць — мне невялікі страх,
Я з гора нацягну з кілішка троху.
Дык пасядзім з табою у вянках,
Твой — з красак палявых, а мой — з гароху.

... Хай снег гадоў асядзе ў валасах,
Хай будзе мне

хоць пяць разоў па дваццаць —

Усмешкай палахлівай на губах
Ты школьніцай мне будзеш усміхацца...

 

Похожие статьи:

Янка ЖурбаЯнка Журба - Каханне

Эдуард АкулінЭдуард Акулін - Трыялет

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Твае вочы

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - Яшчэ ў юнацкія гады

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Свяці, кахання чыстая зара!..