Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Прырода ў творчасці Якуба Коласа
Вуснамі свайго героя Андрэя Лабановіча знакаміты аўтар трылогіі "На ростанях" Якуб Колас разважае: "Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для на цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас".
Яшчэ тысячагоддзі таму чалавек адкрыў у навакольнай прыродзе паэзію. Убачыў і адчуў праз непасрэднае, адухоўленае і наіўна-казачнае стаўленне да яе. Прырода па сутнасці зрабіла чалавекам паэтам. У гэтай сувязі вядомы даследчык міфалогіі і фальклору А. Афанасьеў піша, што "ў ёй (прыродзе) знаходзіў ён жывую істоту, заўсёды гатовую адгукнуцца і на журбу і на весялосць. Сам не ўсведамляючы таго, ён быў паэтам...". Мастакі слова зрабіліся своеасаблівымі перакладчыкамі мовы прыроды на мову паэтычную, "яны — сілай мастацкага бачання — пераўтварылі прыроду на свой лад і па падабенстве" (Я. Асятроў). Вялікія паэты стварылі свой надзвычай яркі і змястоўны мастацка-эстэтычны свет разумення прыроды, у якім кожны з нас знойдзе і часцінку ўласнага "я". Адным з такіх вялікіх паэтаў нацыянальнай прыроды і яе глыбокім знаўцам, натурфілосафам з'яўляецца Якуб Колас.
Да пачатку ХХ ст. беларуская паэзія мела нешматлікія ўзоры прыродаапісальнай лірыкі (Ян Чачот, Янка Лучына, Адам Гурыновіч і некаторыя іншыя). Вельмі прыкметнай мастацкай з'явай на шляху эвалюцыі пейзажнага жанру ў паэзіі ўспрымаюцца вершы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) "Лета" і "Восень" (1902-1903). Аднак менавіта з выхадам зборніка Якуба Коласа "Песні-жальбы" (1910) і яго ж "Другога чытання для дзяцей беларусаў" (1909) можна звязваць якасна новы этап у эстэтычным адкрыцці роднай прыроды, які прывёў да актыўнага станаўлення і развіцця пейзажнай паэзіі ў нацыянальнай літаратуры.
Якуб Колас быў адкрывальнікам прыгожага і цудоўнага ў беларускай прыродзе. Так, у яго творах гучалі элегічныя песні-жальбы, сацыяльныя матывы, але разам з тым нельга не адчуць, што ён з вялікім захапленнем і любоўю паэтызаваў "вобразы мілыя роднага краю" (верш "Родныя вобразы"). Нягледзячы на сацыяльную заглыбленасць погляду на свет, Якуб Колас не толькі пазначыў, але і магутна сцвердзіў шлях эстэтызацыі паэтычнага мастацтва, і найперш — праз лірыку прыроды. Яго пейзажная творчасць, якая жывапісна і непаўторна выяўляе прыгажосць нацыянальнага пейзажу, пейзажных вобразаў, поўніцца красой пачуццяў і красой слова, якраз і была падпарадкавана тым ідэйна-эстэтычным мэтам і задачам, якія пазней акрэсліў перад паэзіяй на пачатку ХХ ст. Вацлаў Ластоўскі. У артыкуле "Сплачывайце доўг" (1913), надрукаваным пад псеўданімам "Юры Верашчака", гэты вядомы "нашаніўскі" крытык і публіцыст гаварыў пра жаданне "з... твораў навучыцца бачыць каля сябе красу', заклікаў паэтаў "выяўляць красу свайго народа і краю", вучыць беларуса "любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы...".
Ужо са старонак "Нашай нівы", у першай кнізе "Песні-жальбы" Якуб Колас прадэманстраваў праніклівае эстэтычнае ўспрыманне навакольнай рэчаіснасці, яркае жывапісанне фарбамі, колерамі, гукамі. Паэт маляваў роднае прыроднае ўлонне надзвычай уражальна і запамінальна і тым самым арыентаваў чытача "нашаніўскага часу" на "самае тонкае бачанне, адчуванне прыгажосці навакольнага свету і прыроды" (Іван Навуменка). Якуб Колас па сутнасці стварыў культ хараства беларускай прыроды. Верш "Усход сонца" здзіўляе яркім спалучэннем святла і колеру, незвычайнай паэтызацыяй беларускай раніцы:
На ўсходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золатам над гаем
І над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, прыліецца
Чырвань на ўсходзе —
Гэта неба ўсміхнецца
Людзям і прыродзе.
Якуб Колас адкрывае нам беларускі вобраз свету, нашу этнасферу. Сваёй творчасцю ён сфармаваў нацыянальнае пачуццё прыроды. Яго паэзія красамоўна пераконвае ў тым, што радзіма пачынаецца для чалавека з пэўнага кутка. Пэўны рэгіён, асяродак, мікрасвет — гэта духоўны выток вялікіх і глыбокіх пачуццяў. Краса прыроды абуджае любоў да роднага кутка, Радзімы:
Парэчча — слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы,
Зіхціць у кветках лугавіна...
У многіх выпадках у коласаўскіх прыродапісаннях мы сустракаем апазнавальныя рэаліі і знакі беларускага Панямоння. Тыповы рэгіянальны вобраз свету намаляваны мастаком слова, напрыклад, у вершы "Высокі Бераг":
Струменіць Нёман срэбраводны
Ў тваіх прыўдалых: берагах,
А ў лозах ветрык вее згодны,
І ходзіць шум па чаратах
Высокі Бераг, кут мой мілы!
Люблю я жоўць тваіх пяскоў,
Разложныж хвоек гурт пахілы
І ціхі гоман лазнякоў.
Своеасаблівасць ландшафту, прыродна-рэгіянальны каларыт панямонскага краю паэт раскрыў даволі яскрава і ўсебакова (паэма "Новая зямля", вершы "Роднае поле", "Родныя вобразы" і інш.). Колас не быў бы Коласам-мастаком, каб пэўны куточак прыроды ці рэгіянальны пейзаж не набылі ў яго выяўленні максімальна аб'ектывізаваны пачуццёвы змест, абагульняльны сэнс. Нёман вырастае ў яго мастацкай свядомасці да этнічнага сімвалу Беларусі. Гэтая рака — увасабленне свабоды, сілы і красы, своеасаблівы духоўны медыум паміж народамі:
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!
Ты цячэш далёка, знаю,
З веку ў век і з году ў год.
Раскажы ж другому краю,
Як у нас жыве народ.
("Нёман")
Разам з тым у паэзіі і прозе Якуба Коласа знайшоў адлюстраванне свет беларускага Палесся. З трылогіі "На ростанях", вершаў "Палескія вобразы", "Палессе" і некаторых іншых твораў перад намі паўстае адрозная прыродная стыхія, іншыя ўмовы побыту беларуса, пры гэтым дамінантную ролю тут адыгрываюць іншыя вобразы і рэаліі ландшафту. Калі ў панямонскіх малюнках пейзажны позірк фіксуе "ўзгорачкі роднага поля, рэчкі, курганы, лясы", "поле пясчанае... між гор і лясоў", крывую дарогу "між спелага жыта", "хмызнякі, каменне", "дуб разложысты" і каля яго Нёман, то палеская рэчаіснасць паўстае іншаю — гэта "балот краіна", "гмах шырокі балот": "Цёмны бор, кусты, балоты, Куча лоз і дубняку, Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку" ("Палескія вобразы"). Значыць, для пэўнага беларускага рэгіёну ўласцівы свае найбольш характэрныя вобразныя знакі свету, што, безумоўна, ускладняе вылучэнне шэрага топасаў у якасці галоўных этнічных сімвалаў. Якуб Колас стварыў шырокапанарамную карціну нацыянальнага свету, прычым рэгіянальны панямонскі кампанент зрабіўся ў яго творчасці неад'емнай асновай выяўлення духоўнай повязі з родным краем. Славуты рускі мастак I. Шышкін зазначаў, што пейзаж павінен быць не толькі нацыянальным, але і мясцовым. Асяроддзе, якое нарадзіла творцу, становіцца сферай яго этнічнай прыналежнасці, вытокам фармавання нацыянальнай душы і ментальнасці. Бацькоўскі кут стаўся для паэта асяродкам вялікага і багатага духоўнага зместу жыцця беларуса сярод прыроды: "Мой родны кут, як ты мне мілы! / / Забыць цябе не маю сілы!".
Сістэма вобразаў у коласаўскай творчасці надзвычай багатая, яна адлюстроўвае карціну нацыянальнага свету. У яго творах часта гучаць пералічэнні родных вобразаў, і разам узятыя яны раскрываюць рэалістычна-канкрэтны і геаграфічна дакладны беларускі пейзаж: "Лес і гай, палі і логі, / / Луг, узгоркі і груды, / / Крыж, крыніцы і дарогі..." ("З дарогі"). Кожны з гэтых пейзажных вобразаў набыў у мастацкім мысленні паэта важнае ідэйна-эстэтычнае значэнне. Нацыянальнае пачуццё прыроды ў творчасці Я. Коласа вырастае з пантэістычнага, адухоўленага ўспрымання навакольнай рэчаіснасці і характарызуецца мяккасцю і замілаванасцю позірку, адчуваннем гарманічнай зладжанасці свету, трымаецца на глыбокай еднасці душы чалавека і душы прыроды. Найвялікшае шчасце і асалода для паэта — "свой голас разам зліць з песнямі прыроды".
Якуб Колас — віртуоз гукапісу і малявання словам. Эстэтыка колеру і паэтыка гуку вызначальныя ў яго пейзажных вершах "Ручэй", "Першы гром","Перад навальніцай", "Усход сонца" і інш. У гэтых пейзажах мастак слова праз колер паказаў, якія тоіць у сабе родная прырода дзівосна-чароўныя "скарбы гожства, сугалосся". У многіх выпадках гук, музыка-спеў у паэтавых прыродапісальных малюнках — праява высока адухоўленага ўспрымання свету, сведчанне чуйнай філасофскай повязі чалавека з прыродай і космасам:
Між палёў шырокіх
Я адзін стаю,
Ахваціла ціша
Ўсю душу маю.
Ночанька мая ты,
Водбліск глыбіні!
Ты душу чаруеш
Спевам цішыні.
Многа ў гэтым спеве
Водгукаў жывых,
Іх не зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.
("Ноч")
Якуб Колас вельмі вобразна перадаваў з'явы прыроды, сузіраў і адкрываў у ёй красу, гармонію. А гэта вымагала незвычайнага ўзнясення паэтычнага духу, бо "прыгажосць мастацтва, — як адзначаў Гегель, — з'яўляецца прыгажосцю, народжанай на глебе духу, і наколькі дух і твор вышэй прыроды і яе з'яў, настолькі ж цудоўнае ў мастацтве вышэй натуральнай прыгажосці". Якуб Колас стварыў высокую паэзію прыроды, уклаў у яе глыбокую эстэтыку слова, змест свайго "я". Шматлікія прыродаапісанні паэта вельмі лірычныя, інтымныя.
Галоўнае ў творчай манеры Якуба Коласа — гукавыяўленчасць, якая характарызуецца выкарыстаннем такіх сродкаў мастацкай выразнасці, як асанансы, анафары, алітэрацыі. Сапраўды, "найбольш услухоўваўся паэт у прыроду "вухам" (Алег Лойка). Асновай музыкі ў яго творах становяцца прыродныя стыхіі: гром, навальніца, вецер, завея, бура... Прырода ў Коласа выпраменьвае "жыватворчы дух" музыкі, яна шуміць і звініць, гаворыць і спявае. Згадаем звонка-пералівістую мелодыю ручая ў вершах "Ручэй" і "Песні вясны". Музыка верша Якуба Коласа — апісальна-маляўнічая, гукавобразная, пластычная, гэта музыка яркіх колераў і фарбаў.
Партытура кожнага з такіх пейзажных твораў, як "Вясна" ("Вясна, вясна жаданая!.."), "Мяцеліца", "Першы гром", "На полі вясною", "Гусі", "Адлёт жураўлёў", "Пад шум ветру ", "Лес", "Да вясны", "Зіма" і інш., вызначаецца тонкай інтанацыйна-фанічнай спалучанасцю слоў, плаўнасцю рытму, гібкасцю ліній. Якуб Колас — майстар стварэння яркіх гукавых комплексаў, віртуоз у выкарыстанні музычна-выяўленчых сродкаў: "Громам узрушана грозная раць". Паэт, быццам чалавек-аркестр, здолеў увабраць у сябе ўсю поліфанію гукаў, і ўзнаўляе ён музыку прыроды з глыбокай прачутасцю, эмацыянальнай насычанасцю слова. Паэтыка гуку, будова рытмічнага малюнка ў Коласа характарызуецца незвычайнай выразнасцю, прасторавай разгорнутасцю і мяккасцю, як сама беларуская прырода. У яго творах, кажучы словамі І. Ралько, "кожная фанема (гук) атрымлівае найбольшую магчымасць чысціні свайго гучання, чысціні, якая не зацямняецца пабочнымі шумамі, і ад таго кожны гук у слове ці рытмарадзе атрымлівае тыя празрыстасць і чысціню, якія з найбольшым эфектам і сілай могуць уплываць на стварэнне ў рытмарадзе эстэтыка-пачуццёвай прыгажосці кожнага гука, а значыць, і вершаванага радка ў цэлым...". Усю прыгажосць музычнасці, маляўнічай гукапіснасці коласаўскіх пейзажных тэкстаў пранікліва і па-свойму адметна раскрылі такія беларускія кампазітары, як М. Чуркін, М. Равенскі, А. Багатыроў, Л. Абеліёвіч, У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, І. Лучанок і інш. Так, у песні на коласаўскія словы "Люблю я прыволле шырокіх палёў" (музыка А. Багатырова, арыя Кузьміча ў оперы "У пушчах Палесся") хараство пейзажнага ўлоння апяваецца ўзнёсла і задушэўна. Мелодыка тут вызначаецца свабодным і шырока спеўным, нават эпічным характарам гучання.
Пейзажны малюнак "Лес" У. Алоўнікава гэтак, як і аднайменны верш Якуба Коласа, заснаваны на гука- і рытмаперайманні шэпту-шуму лесу. Фартэпіяннае суправаджэнне пранікліва выяўляе інтанацыйна-фанічную змястоўнасць тэксту, у спалучэнні з вакальнай партыяй характарызуецца павольнасцю, размеранасцю гучання. У мелодыцы і тэксце звяртае ўвагу інструментоўка, выразная і адметная тэмбравая афарбоўка — паўторы ў музыцы гукавых лейтматываў, а ў тэксце алітэрацыя на гук "ш", дакладней, фанічнае спалучэнне "шэ", "шу", "шы", "ша": "Глуха шэпча лес зялёны, // І шуміць ён і шуміць...". Песеннае гучанне набыў і пейзажны верш Якуба Коласа "Зіма" ("Надышлі марозы..."). У музычнай інтэрпрэтацыі гэтага пейзажу І. Лучанком тонка выяўлена суразмернасць і ўнутраная ладнасць радка, удала перададзена яго рытмічная манатоннасць, што стварае ўражанне зімовага спакою, цішыні і нібы загіпнатызоўвае слухача. І ў той жа час музыка напоўнена адчуваннем дзівоснасці зімовага прастору, незвычайнага святла і ззяння белага снегу.
Аркестровая музыка гучыць у прыродаапісаннях "Новай зямлі", якую, апрача іншага, можна назваць беларускай паэмай-сімфоніяй. А кожная карціна прыроды, узятая паасобку, — гэта своеасаблівая сімфаньета: вясновая, летняя, восеньская і г. д. Якуб Колас тут вельмі гарманічна паяднаў мову музыкі і жывапісу, па сутнасці яго паэтычны стыль — гэта музычны жывапіс. Музычна-каляровая вобразнасць, тэмбрава-поліфанічны характар строфікі ўласцівы пейзажам "Новай зямлі". Экспрэсіўная, дынамічная мова гукаў і фарбаў вызначае стылістыку раздзелаў "Каля зямлянкі", "Дарэктар", "Таемныя гукі". Прырода з апісанняў Коласа паўстае як шматгалосы свет зыкаў, шолахаў, звону, галасоў, песень:
Скідае лес убор зімовы,
І шум другі на лад-спеў новы
Над борам цягне несканчона...
Мелодыка, абраная паэтам, заўсёды адпавядае пэўнай часіне года, пары сутак, стану прыроды і стварае неабходны эмацыянальны фон.
Музыка ў творах Коласа — гэта выява глыбіннай сутнасці нацыянальнага паэтычнага светаадчування, гарманічнай духоўнай повязі беларускай душы з родным наваколлем. У пейзажных карцінах паэмы "Сымон-музыка" яскрава выяўлены лірыка-драматычны сімфанізм.
У першай частцы створаны тры восеньскія пейзажы, якія прасякнуты музыкай суму, жалю, кранальных псіхалагічна-медытатыўных перажыванняў. Інтанацыйна-завостраным, кульмінацыйным момантам у другой частцы становіцца закліканне вясны (трэці раздзел), а таксама малюнак абуджэння прыроды, вясновай пары з навальніцай і громам. Далей, у трэцяй і чацвёртай частках, вельмі кантрастна, з драматычнай афарбаванасцю гучаць апісанні ночы і раніцы, зімы і вясны. Гэта мова вобразных сімвалаў, фанічна-семантычнага падтэксту. Паэт з душэўнай прыўзнятасцю сцвярджае непераможнасць святла, услаўляе адраджэнскую моц прыроды і духоўнага свету асобы: "Дню складаюць гімн паляны. / / Хлопец чуе адраджэнне..." У фінале твора пейзажны малюнак раніцы напоўнены песняй жаўранка, гучыць як музыка "душы світання" і вечнага адраджэння.
У душы Сымона з'явы і галасы прыроды (шум лесу, спеў збожжа, крык жураўлёў і інш.) адклікаюцца глыбока эмацыянальна і нараджаюць тую жывую музыку, якая гучыць ва унісон з навакольным светам. Музыка — лад светаўспрымання і жыцця героя, бо пастаянна "ў ім штось грае, / / Нейкіх спеваў шум дзіўны, / / І няма ім канца-краю, // Ім валодаюць яны". Яго "чуткая струна" галосіць "смутнай восені дажджом", перадае гайданне каласоў, шэпт лістоты... Свае мелодыі з асаблівай шчырасцю ён давярае лесу. Дзед Даніла адкрывае хлопцу жывую і гаваркую душу лесу. "Вось дзе музыка — паслухаць..." — кажа ён. Між тым музыка ў Сымоне — гэта і праява Боскага духу, які скіроўвае позірк і пачуццё ў прасцягі сусвету. Невыпадкова ў касмічным краявідзе ён адчувае "песню зорак", "хор зорак", "песень блескаў", "спеў музычнай цішыні", усім сэрцам імкне к "ясным зоркам на спатканне", каб спасцігнуць, перадаць тых "гукаў сэнс і мову". Зорны краявід зачароўвае героя сваёй таямнічасцю і дзівоцтвам, нараджае ў яго істоце музыку нябёсаў, космасу. Зямныя і касмічныя гукі перадаюць музычную аснову прыроды, жыцця, свету.
Коласаўскае адлюстраванне прыроды змяшчае глыбокую філасофію духу і думкі. Свет пейзажных карцін і малюнкаў вельмі часта нясе ў сабе экзістэнцыйны, філасофскі змест — змест, які пазначаны праніклівым адчуваннем складанасці і плыннасці чалавечага жыцця, суадносінаў часовага і вечнага, змрочнага і светлага (паэмы "Новая зямля", "Сымон-музыка", вершы "Апошні лісток", "Адлёт жураўлёў", "У цемры" і інш.). Прырода ў творах Якуба Коласа — адбітак не проста настрою душы, а ў значнай ступені ўмова быційна-філасофскага існавання, сродак духоўна-медытатыўнага выяўлення:
Зварот пары, знікненне лета...
То — водгулле душы паэта,
То — смутны вобраз развітання,
То — струн дрыгучых заміранне,
Натхненнай песні жаль сардэчны,
Жыцця і смерці — сымбаль вечны!
І люб і смуцен час прыгоды,
Калі душіа ўсяе прыроды
З тваёю злучыцца душою
Ў адным суладдзі і настроі!
У паэзіі прыроды Якуба Коласа выяўляецца глыбінна-адухоўленая сувязь з сусветам, космасам. I гэтую сувязь паэт наладжвае праз вобразы касмічнага плана — найперш праз вобразы неба, сонца, зорак, месяца (паэма "Сымон-музыка", вершы "Неба", "Усход сонца", "Заход сонца", "Ноч" і інш.). Сымон-музыка з аднайменнай паэмы паўстае як дзіця сусвету, якое апякуюць касмічныя сілы: яму "зоркі... спагадаюць", а "сонца — радасць, сонца — казка, што зганяе з сэрца дым". Неба і нябесныя свяцілы — увасабленне незвычайнай прыгажосці, нечага ідэальнага: "Палюбуйся, паглядзі ты, Як прыгожанька ўгары, Як усюды бляск разліты, Быццам неба ў пажары!" ("Неба"). Прычым — і гэта вельмі істотная рыса — вобразы прыродных і касмічных стыхій набываюць нярэдка сімвалічнасць.
Паэта цікавіў не толькі рэальны свет краявідаў, ён імкнуўся надаць адлюстраванню прыроды ідэйна-значны, алегорыка-філасофскі план выяўлення. Яскравым прыкладам такога асэнсавання прыроды могуць служыць "Казкі жыцця" (1908-1956). Жыццё прыроды тут становіцца падставай для філасофскіх аналогій, паралеляў, асацыяцый з чалавечым быццём. Прырода і яе вобразы (хмарка, вадаспад, дрэвы, і інш.) становяцца жывымі дзейнымі асобамі, увасабляюць у сабе вялікі і мудры змест, і, раскрываючы яго, пісьменнік па сутнасці стварае філасофскія вобразы-сімвалы, вобразы-метафары ("Балотны агонь", "Вадаспад", "Дуб і чароціна", "Хмарка" і інш.). Прырода ў Якуба Коласа — гэта, з аднаго боку, асобнае і аўтаномнае ўлонне, якое ўспрымаецца як умяшчальня таямніц і загадак, а, з другога, прырода — маці і настаўніца, якая вучыць, падказвае кожнаму з нас штосьці важнае, тое, як жыць, існаваць, уладкоўваць асабісты і грамадскі свет. Як кніга быцця паўстае прырода ва ўспрыманні героя трылогіі "На ростанях" настаўніка Лабановіча, які ўсведамляе, што "ёсць дзве часціны, з якіх складаецца жыццё, і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода". У мудрай, гарманічнай паяднанасці чалавека і прыроды Якуб Колас бачыў сэнс сапраўднага духоўнага існавання.
Нямала гаварылася нашымі даследчыкамі пра міфа-паэтычнае і язычніцкае, у сваёй сутнасці народнае, успрыманне прыроды. I большасць разважанняў у гэтым кірунку выглядаюць абсалютна слушнымі. Аднак часам падобны падыход не ўлічваў хрысціянскасць, рэлігійнасць светаўспрымання Якуба Коласа. Даволі распаўсюджанымі ў 70-80-я гг. зрабіліся меркаванні наконт таго, што "трэба "апрасціцца", выкінуць з душы еурапейска-хрысціянскую цывілізацыю, вярнуцца да язычніцкага зліцця з прыродай...". Часам гучала і такое: Колас, маўляў, паэт-язычнік. Сакральнасць у коласаўскім пачуцці прыроды адныя з першых адзначылі даследчыкі Т. Шамякіна і М. Мушынскі. Рэлігійна-сакральны элемент прысутнічае ў паэзіі Я. Коласа даволі прыкметна: "Йдзе вясна ўжо, дзякуй Богу!" ("Вясна"); "I Божы свет здаваўся мілы", "Як бы сам Бог тут над зямлёю / / Прайшоў і глянуў міласціва" ("Новая зямля") і інш. Каб пераканацца ў рэлігійна-хрысціянскай аснове пачуцця прыроды Коласа-паэта, варта разгарнуць хаця б старонкі перавыдадзенага ў 1982 г. факсімільным спосабам зборніка "Песні-жальбы": сонейка "паліць свечку дарагую прад алтарам Бога" ("Усход сонца"); "Бедная ніва, знаць, Богам забыта..." ("Хмары"); "А у небе, ў Божым полі..." ("Пташкі ў лесе шчабяталі...") і інш. Духоўная прысутнасць, вобраз і імя Бога ў паэтычных апісаннях прыроды — гэта сведчанне рэлігійна-філасофскага ўспрымання і разумення ўзаемасувязі чалавека і свету. Якуб Колас тым самым прызнае Божую волю і мудрасць уладкаванай ім светабудовы, адчувае, акрамя іншага, вышэйшы сэнс быцця, прадвызначаны не толькі законамі Прыроды, але і самім Усявышнім. Невыпадкова прырода ў Якуба Коласа — гэта храм, святыня. Беларуская паэзія ў 20-я гг. пачала страчваць гэтае пачуццё сакральнасці, вітала "сталёвых коней", дымныя фабрыкі, гул заводаў, словам, індустрыяльны поступ жыцця, які, урэшце, і прывёў да разбурэння ідэалу экалагічнай гармоніі, які сцвярджаў у сваёй паэзіі Я. Колас і песняры роднай прыроды "нашаніўскага часу".
Паэзія Якуба Коласа змяшчае ў сабе вялікі эстэтыка-экалагічны патэнцыял, г. зн. яна здольная выхоўваць пачуццё любові і захаплення прыродай, імкненне аберагаць яе красу, ландшафт, флору і фауну. Можна згадаць, як чуйна і даверліва адкрыта сэрца Сымона-музыкі навакольнаму хараству і музыцы прыроды. Ён тонка разумее жывую мову прыроды, ведае,
Што гаворыць жытні колас,
I аб чым шуміць ячмень,
I чаго спявае ўголас
Мушка, конік, авадзень...
Прырода ў Якуба Коласа гэтак, як і ў нямецкага паэта, I. В. Гётэ, сама вучыць "видеть братьев во всём: в зверях, кустарнике, траве" ("Фауст"). Сёння пасля Чарнобыля мы пераканаліся, што чалавек проста не можа існаваць без повязі з прыродай і па-за прыродай. Засцерагчы свет ад руйнавання і апусташэння здольная духоўна гарманічная асоба — чалавек, які шануе свой край, дом, зямлю, родную мову, сям'ю, адчувае прыгожае, глыбокую еднасць з Богам і космасам. Выхаваць такога чалавека і заклікана творчасць Якуба Коласа, і найперш тыя яе старонкі, якія прысвечаны роднай прыродзе, паколькі там мы знаходзім яркае ўвасабленне ідэалу экалагічнай гармоніі паміж чалавекам і навакольным светам — ідэалу, які здольны наблізіць нас да экалагічнай культуры будучыні.
Похожие статьи:
Пераказы → Крыштальны звон бяроз
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы