Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адам Гурыновіч

Фатаграфія Адама Гурыновіча   Беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер нарадзіўся 25.01.1869 у фальварку Кавалі (Кавалькі) Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці), памёр 04.02.1894. Паходзіў са шляхецкага роду татарскага паходжання (герб "Праўдзіц"), вядомага з XV – XVI стст. Бацькі, Калікст Іасафатавіч і Элеанора з Сяняўскіх (з гетманскага роду), мелі некалькі дробных фальваркаў. Спачатку сям'я жыла ў Кавалях (Кавалькі, цяпер Мядзельскага раёна), пасажным фальварку маці, дзе нарадзіліся Адам і яго старэйшы брат Юзаф. Потым пераехалі ў Крыстынопаль, які быў супольнай уласнасцю Калікста Іасафатавіча і яго брата Абдона. Тут нарадзіліся браты і сёстры Адама. Бацька памёр рана, пакінуўшы маладую 28-гадовую ўдаву з шасцю дзецьмі. Вырашана было даць Юзафу вайсковую адукацыю, а Адаму і Яну – практычную (рэальнае вучылішча). Сям'я купіла ў Вільні невялікі дом, з якім і звязана пара духоўнага станаўлення Гурыновіча. Афіцыйныя поспехі яго ў час вучобы ў Віленскім рэальным вучылішчы (1879 – 1887 гг., уключаючы гадавую спецыялізацыю на механіка-тэхнічным аддзяленні дадатковага класа) былі сярэднія, але ўступныя экзамены ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут ён здаў амаль на адны пяцёркі.
   Ужо ў час вучобы ў Віленскім рэальным вучылішчы Гурыновіч пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 годзе ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці, але захварэў на тыф і ў студзені 1888 года быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 года зноў паступіў на 1-ы курс. У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы, захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Паводле ўспамінаў блізкіх, спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходак. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І. Насовіча, П. Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 годзе ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я. Карловічу, які быў амаль суседам па Вішневе, і прасіў у яго парады па фальклорна-этнаграфічнай працы. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 годзе у часопісе "Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі" і выдадзены асобна пад назвай "Зборнік беларускіх твораў" (165 песень і 37 загадак).
   У той жа час Адам Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у тым ліку марксісцкую. Ён прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім "Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай", які ўтварыўся ў 1889 годзе і хутка эвалюцыяніраваў ад зямляцкай арганізацыі культурна-асветнага характару ў бок падпольнай антыўрадавай арганізацыі, цесна звязанай з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Пецярбурга, сярод якіх былі і групы першых расійскіх марксістаў (у іх складзе блізкія сваякі Францішка Багушэвіча муж і жонка Радзевічы). Блізкімі таварышамі Гурыновіча па падпольнай рабоце былі Ю. Бурачэўскі, К. Акуліч і І. Непакайчыцкі. Як адзін з кіраўнікоў гуртка ён у лісце да сяброўкі Станіславы Пяткевіч у Цюрых (1892) прасіў арганізаваць дастаўку для гуртка вялікай партыі рэвалюцыйнай літаратуры на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, прац Маркса, Энгельса, Пляханава, Ласаля, Лібкнехта. Пісьмо было перахоплена паліцыяй, якая пачала сачыць за членамі гуртка. У 1893 годзе Адам Гурыновіч арыштаваны ў сваім доме ў Вільні, дзе пры вобыску знайшлі нямала забароненай літаратуры. Яго даставілі спачатку ў Віленскую цытадэль, потым неадкладна адправілі пад вартай у Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён выпушчаны з-за хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы. 

Похожие статьи:

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Лірыка

Адам ГурыновічТворчасць Адама Гурыновіча

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Што ты спіш, мужычок...

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Што за звук ды так громка раздаўся...