Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Від верша

   Від верша - устойлівы тып паэтычнай структуры вершаванага твора, у аснове якой — нейкая адна фармальная прыкмета або спалучэнне іх.
   Так, паводле колькасці радкоў вылучаюцца аднарадковік (або манаверш: "У родным краю, як у раю"), двухрадковік (або двуверш), трохрадковік (Янка Сіпакоў, "Да пытання аб руках"; "Хоку" Максіма Танка), чатырохрадковік (вершы з кнігі Х. Чэрні "Святло рамонка", 1981), пяцірадковік ("Танкі" Адама Глобуса), шасцірадковік ("...Мы славу параўноўваем з віном" Аркадзя Куляшова), сямірадковік (цыкл "Сямірадкоўі" Ніла Гілевіча), васьмірадковік. ("...Жыццё маё ў двухколерным свячэнні" А. Пысіна). Большыя па колькасці радкоў вершы выкарыстоўваюць для сваёй архітэктанічнай арганізацыі асобныя простыя строфы.
   Характар рыфмаў і рыфмоўкі вызначаюць сутнасць манарыма (мае адну рыфму), газэлі (верш ад шасці да дванаццаці радкоў, два першыя і ўсе цотныя радкі якога зарыфмаваны, прычым адной рыфмай: "Газэля" Эдуарда Акуліна), двурыма (мае дзве рыфмы: "Размова ў адным замежным рэстаране" Ніла Гілевіча), гашмы (верш звычайна з пяці чатырохрадкоўяў, першае з якіх мае перакрыжаваную рыфмоўку, у астатніх - тры першыя радкі рыфмуюцца паміж сабою, а чацвёртыя - з апошнім радком першага катрэна: "На ўсе вякі" С. Панізніка), бурымэ (верш на загадзя зададзеныя рыфмы), каламбура (гумарыстычны верш, пабудаваны на аманімічных або амаграфічных рыфмах: "Балада аб клянах" Рыгора Барадуліна), пантарыма (усе радкі спалучаны пантарыфмай: "Рыфма пра каханне" Янкі Сіпакова), рэхаверша (сумежныя радкі спалучаны рэхарыфмай), белага верша (верш без рыфмаў: "Не будзь ніколі іншым" Максіма Танка) і інш.
   Колькасць радкоў і характар рыфмоўкі акрэсліваюць воблік айрэна (чатырохрадковік на адну рыфму) і рубаі.
   Часам від таго ці іншага верша прадвызначае гукапісліпаграматычным вершы адсутнічаюць нейкія гукі, у таўтаграме ўсе словы пачынаюцца з аднаго і таго ж гука), лексіка (у стракатым вершы побач суседнічаюць у пэўным парадку рознамоўныя радкі ці строфы), у макаранічным вершы дзеля дасягнення камічнага эфекту тэкст перанасычаецца варварызмамі, падпарадкаванымі законам роднай мовы паэта, цэнтон складаецца з урыўкаў розных твораў аднаго або некалькіх паэтаў), вершаваны памер (брахікалан пішацца кароткімі - у адзін склад ці адну стапу - радкамі), вершаваны памер і рыфмоўка (александрыйскі верш, каламыйкавы верш) і інш.
   Існуе цэлы шэраг так званых класічных відаў верша, выпрацаваных еўрапейскай ці ўсходняй паэтычнай класікай (гл. цвёрдыя формы верша). Сярод іх найперш трэба назваць санет, трыялет, актаву, тэрцыны, секстыну (шэсць радкоў пяці- або шасцістопнага ямба звязаны рыфмоўкай па схеме АбАбвв), рандо, рандэль, хоку (бязрыфменны сілабічны трохрадковік у японскай паэзіі з колькасцю складоў 5+7+5) і танка (такі ж верш, толькі на пяць радкоў з наступнай колькасцю складоў: 5+7+5+7+7), рытурнель і інш.
   Паводле характару рытмастваральных кампанентаў вылучаюцца такія вершы., як акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік і інш. (гл. вершаванне).