Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трохрадкоўе (тэрцэт)

   Трохрадкоўе, або тэрцэт (італ. terzetto, ад лац. tertius — трэці), — страфа, якая складаецца з трох радкоў.
   Існуе некалькі яе разнавіднасцей: рыфмуюцца ўсе радкі (ааа), два радкі рыфмуюцца, адзін застаецца халастым (ааб, абб ці, як у рытурнэлі, аба), радкі зусім не рыфмуюцца (абв). Прыклады гэтых відаў тэрцэтаў:

 

Я — кропля вялікага творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў...

Памру — не памрэ безупынная сіла,
Што думы пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.
(Змітрок Бядуля)

Я не лічыў бы салдатам сябе,
Каб не гатоў быў прайсці
Праз няўдачы.

Я не лічыў бы аратым сябе,
Каб першы град
Мог скасіць маю веру ў калоссе,

І не лічыў бы паэтам сябе,
Каб кожны мой дзень
Не быў днём нараджэння.
(Максім Танк)

У кожнага свае лясы і ластаўкі,
І песні, і жаночы голас ласкавы —
Яны мне найраднейшыя заўсёды.

І зоркі нашы, і сцягі гарачыя
Вялікай перамогаю адзначаны —
Адданы ім я ўсюды і заўсёды.
(Пімен Панчанка. «...Зямля мая

то мяккая, то мулкая»)
 

   Здараецца, у вершы асобныя трохрадкоўі спалучаюцца рыфмай:

 

Журавель дон-н ды дон-н
У студні дно
Паліцай.

Неба слупамі-дымамі
Дамы падтрымалі —
Не зваліцца.

Ружавашчокай бяглянкаю
Просіцца ў хату клямкаю
Раніца.
(А. Шушко. «Студзень»)


   Часам у вершы, напісаным трохрадкоўямі, ужываюцца адначасова розныя яго віды («...У ноч такую не выходзіць звер» С. Панізніка).
   У выглядзе манастрафы трохрадкоўі сустракаюцца не часта (трохрадковік). Часцей яны ўваходзяць у склад больш буйной вершаванай формы (напрыклад, санета) або звязваюцца адно з другім ланцужковымі рыфмамі (у тэрцынах, віланэлі).
   Арыгінальнымі верлібравымі трохрадкоўямі напісана паэма Я. Гучка «Галіна з дрэва Кастуся».
   У беларускай паэзіі нярэдкія творы, у якіх два трохрадкоўя, графічна аддзеленыя, аб’ядноўваюцца рыфмай у своеасаблівыя пары:

 

Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
     Ціха з заснуўшых палян

Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
     Рэдкі, прывідны туман.
(Максім Багдановіч)

Непадкупны, светлы, чысты,
Ты прайшоў свой шлях цярністы,
Не схіліўшы галавы,

І удумным, смелым словам
Ты нёс смерць ліхім намовам,
Брэд развейваў векавы.
(Якуб Колас. «Памяці Караленкі»)