Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вершазнаўства

   Вершазнаўства - раздзел паэтыкі, што вывучае верш як пэўную эстэтычную сістэму, яго гісторыю і тэорыю.
   Раздзеламі вершазнаўства як навукі пра верш з'яўляецца метрыка, рытміка, строфіка. Яно вывучае таксама гукавы склад вершаў (гл. фоніка, рыфма), вершаваны сінтаксіс.
   Першым беларускім вершазнаўцам быў Л. Зізаній, які ў сваёй "Граматыцы славянскай" (Вільня, 1596) падаў кароткі курс тэорыі антычнага (метрычнага) верша, даў тлумачэнне некаторых вершазнаўчых паняццяў (стапа, метр, памер, рыфма). Асобныя палажэнні Л. Зізанія развіў Мялецій Сматрыцкі ў сваёй "Граматыкі славянскай правільная сінтагма" (Еўе, 1618). Ён зрабіў спробу ўвесці ў старабеларускую і ўсю ўсходнеславянскую паэзію антычную сістэму вершаскладання, у прыватнасці адзін з яе асноўных памераў - гекзаметр. Выдатным вершазнаўцам сярэдневяковай Беларусі з'яўляўся М. Сарбеўскі, які ў 1618 - 1627 г. г. чытаў у Полацкай езуіцкай калегіі курс паэтыкі. Развіццё вершазнаўства у той час адбывалася пераважна ў сценах брацкіх школ і езуіцкіх калегій, вучні якіх не толькі атрымлівалі звесткі па тэорыі верша, але і абавязкова навучаліся пісанню вершаў.
   Асобныя вершазнаўчыя назіранні знаходзім у працах С. Полацкага, Яна Чачота, І. Насовіча, Я. Карскага. Значны ўклад у беларускае вершазнаўства унёс Максім Багдановіч сваім нарысам пра санет, даследаваннем рытмікі і фонікі верша Тараса Шаўчэнкі, развагамі пра суадносіны рытму і метра і інш.
   Беларускае савецкае вершазнаўства распачалося працамі А. Вазнясенскага ("Паэтыка Максіма Багдановіча", 1926), Я. Барычэўскага ("Тэорыя санету", "Паэтыка літаратурных жанраў ", 1927), Уладзіміра Дубоўкі ("Рыфма ў беларускай народнай творчасці", 1927). Найбольш інтэнсіўна гісторыя і тэорыя беларускага верша распрацоўваецца ў пасляваенны час. Вучоныя даследуюць рытміку і метрыку як літаратурнага верша (І. Ралько. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі, 1969; ён жа. Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы, 1977; М. Грынчык. Шляхі беларускага вершаскладання, 1973; В. Рагойша. Пазтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша, 1968; ён жа. Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка, 1979; ён жа. Паэтычны слоўнік. Выд. 2-е, 1987; А. Кабаковіч. Беларускі свабодны верш, 1985), так і фальклорнага (М. Янкоўскі. Паэтыка беларускіх прыказак, 1971; Ніл Гілевіч. Паэтыка беларускай народнай лірыкі, 1975; ён жа. Паэтыка беларускіх загадак, 1976). У поле зроку даследчыкаў трапляюць пытанні паэтычнай вобразнасці, лірычнай кампазіцыі, вершаванага сінтаксісу, фонікі (А. Яскевіч. Ад слова да вобраза, 1972; В. Жураўлёў, І. Шпакоўскі, А. Яскевіч. Пытанні паэтыкі, 1974). Да праблем развіцця беларускага верша звярталіся і звяртаюцца таксама М. Арочка, В. Бечык, Р. Барозкін, У. Гніламёдаў, У. Калеснік, В. Коўтун, М. Лазарук, А. Лойка, М. Палкін, У. Славецкі, В. Ярац і інш. Кароткая гісторыя беларускага вершазнаўства змешчана ў кнізе І. Ралько "Верш і мова" (1986).