Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сучасная беларуская драматургія - ГДЗ

   1. 80-я гады XX стагоддзя ў беларускай драматургіі адзначаліся глыбокім крызісам, які быў абумоўлены застойнымі працэсамі ў грамадскім і культурным жыцці.
   "Летаргічны сон" грамадства, ціск партыйнай цэнзуры, адсутнасць свабоднага друку скоўвалі творчае мысленне аўтараў. Акрамя таго, тэатры Беларусі ў асноўным былі арыентаваны на рускую і замежную класіку. У выніку гэтага, як адзначаў драматург Алесь Петрашкевіч, беларуская драматургія аказалася адарванай ад тэатра, не знаходзіла шырокага чытача і гледача.
   2. У сучаснай беларускай драматургіі можна вылучыць наступныя асноўныя тэмы:
   — маральна-этычная тэматыка (творы аб жыцці ў самых розных яго праяўленнях: аб бацьках і дзецях, жыцці вёскі, узаемаадносінах людзей, дэградацыі грамадства з прычыны распаўсюджвання ў ім заганных з'яў — п'янства, злачыннасці, адступлення ад маральных традыцый продкаў, кар'ерызму, бюракратызму і інш.);
   — ваенная тэма (творы, якія асэнсоўваюць падзеі вайны з новых пазіцый);
   — гістарычная тэма (асэнсаванне гістарычнага мінулага — больш далёкага і блізкага);
   — публіцыстычная тэма (асэнсаванне найбольш балючых праблем сучаснага грамадства).
   Разглядаюць сучасныя драматургі і раней забароненыя тэмы трагічнага лёсу беларускай вёскі і сялянства, тэму "раскіданага гнязда", страшных рэпрэсій уласнага народа ў 30-я гады, тэму экалагічную і інш.
   3. Маладыя беларускія драматургі імкнуцца пашырыць і абнавіць тэматыку і праблематыку сваіх твораў. Многія іх дасягненні звязаны з жанрам камедыі, які набывае новыя адметнасці. Традыцыі "прапускаць жыццё праз прызму смешнага", гаварыць пра сур'ёзнае мовай сатыры і гумару, "перамагаць зло смехам" перанялі ад Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка сучасныя драматургі А. Дзялендзік, Георгій Марчук, М. Арахоўскі, У. Сауліч, М. Казачонак, Андрэй Федарэнка, М. Адамчык, С. Кавалёў і інш. Асэнсаванне шматграннай і складанай сучаснасці з дапамогай гратэску, спалучэння камічнага з трагічным, гіпербалізацыі жыццёвых сітуацый і з'яў адбываецца ў камедыях Уладзіміра Сауліча "Сабака з залатым зубам", "Халімон камандуе парадам", Андрэя Федарэнкі "Жаніх па перапісцы". У трагіфарсе Уладзіміра Сауліча "Сабака з залатым зубам" такія чалавечыя заганы, як чэрствасць, эгаізм, карыслівасць, набываюць непамерныя маштабы. За недарэчнымі, фарсавымі сітуацыямі камедыі ўгадваюцца негатыўныя праявы сучаснага нам жыцця.
   Асвойваюць маладыя драматургі і гістарычную тэму, асэнсоўваюць далёкае і блізкае мінулае Беларусі; вядуць актыўны пошук іншых шляхоў мастацкага адлюётравання рэчаіснасці, звяртаючыся да вопыту сусветнай драматургіі і тэатра.
   Гістарычная тэма ў беларускай драматургіі цесна звязана з ідэяй нацыянальнага адраджэння. Найбольш выразна гэта ідэя выявілася ў творчасці Уладзіміра Караткевіча ("Званы Віцебска", "Маці Урагану", "Кастусь Каліноўскі", "Калыска чатырох чараўніц"). Да гістарычнай драмы звярнуліся не толькі пісьменнікі-драматургі Алесь Петрашкевіч ("Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны"), Аляксей Дудараў ("Князь Вітаўт", "Чорная панна Нясвіжа"), Г. Марчук ("Кракаўскі студэнт"), I. Масліяніцына ("Крыж Ефрасінні Полацкай"), але і тыя, хто ўжо сцвердзіў сябе ў паэзіі ці прозе (Iван Чыгрынаў, Вольга Іпатава, А. Асташонак, Раіса Баравікова, М. Арочка, Вячаслаў Адамчык), у творах якіх знайшлі адлюстраванне вобразы княгіні Рагнеды (Іван Чыгрынаў "Звон - не малітва", Алесь Петрашкевіч "Русь Кіеўская"), Францыска Скарыны (М. Арочка "Судны дзень для Скарыны", Максім Клімковіч і Міраслаў Адамчык  "Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія", А. Курэйчык "Скарына"), Барбары Радзівіл (Раіса Баравікова "Барбара Радзівіл") і інш.
   5. Сучасная беларуская драматургія вядзе творчы пошук у плане тэматыкі, праблематыкі твораў, пашырэння жанравай разнастайнасці іх, іншых шляхоў мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Новая беларуская драматургія вызначаецца павышанай увагай аўтараў да мастацкай формы, спрабуе адшукаць сінтэтычнае спалучэнне элементаў рэалістычнай і мадэрнісцкай паэтыкі, імкнецца спалучыць канкрэтны рэалістычны план існавання сучаснага чалавека з ірацыянальным, падсвядомым, са светам ілюзій.
   6. У другой палове 80-х — 90-х гадах сярод вядучых жанраў беларускай драматургіі (камедыі, драмы) з'явіліся новыя іх формы: трагіфарс, камедыя-лубок, трагікамедыя (іх ствараюць У. Сауліч — трагіфарс "Сабака з залатым зубам", Г. Марчук — камедыя-лубок "Вясёлыя, бедныя, багатыя", трагікамедыя "Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі" і інш.). На сцэнах тэатраў з'яўляюцца гістарычныя драмы Аляксея Дударава "Князь Вітаўт" і "Чорная панна Нясвіжа", гісторыка-біяграфічная А. Курэйчыка "Скарына". Шукаюць драматургі і нацыянальны варыянт драмы абсурду: ("Султан Брунея" А. Дзялендзіка, "Галава" I. Сідарука, "Драматургічныя тэксты" А. Асташонка, "АС-лінія" Галіны Багданавай) і інш.
   7. Драма абсурду — тып сучаснай драмы, якая характарызуецца эстэтыкай бяссэнсіцы, перапляценнем рэальнага і выдуманага, явы і сну, ірацыянальным пачаткам, парадаксальнасцю. Стваральнікі драмы абсурду адмаўляюцца ад традыцыйных элементаў драмы: дзеяння, дыялога, інтрыгі, канфлікту, характару. Чалавек у драме абсурду вызначаецца ўчынкамі, пазбаўленымі сэнсу, а рэальнасць прадстаўляецца як хаос.
Да абсурдысцкай плыні ў драматургіі адносяцца драмы "Ку-ку" Міколы Арахоўскага, "Султан Брунея" А. Дзялендзіка, "Галава" I. Сідарука, "Драматургічныя тэксты" А. Асташонка, "АС-лінія" Галіны Багданавай.

Похожие статьи:

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

СачыненніБеларуская драматургія 80-90-х гг. (агульны агляд)

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская драматургія

Сучасная літаратура БеларусіСучасная драматургія Беларусі