Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Беларуская драматургія 80-90-х гг. (агульны агляд)

   Беларуская драматургія 80-90-х гадоў ХХ стагоддзя вызначаецца багаццем і разнастайнасцю тэматыкі, актуальнасцю праблем. Яе немагчыма ўявіць без творчасці Аляксея Дударава, Мікалая Матукоўскага, Алеся Петрашкевіча.
   Вядомыя чытачу і гледачу п’есы А. Дударава "Выбар", "Вечар", "Парог", "Радавыя", "Адцуранне", "Купала" прысвечаны тэме вайны, маральна-этычным і духоўным праблемам, нялёгкім пошукам героямі свайго жыццёвага шляху. У п’есах М. Матукоўскага ("Мужчына, будзь мужчынам!", "Амністыя", "Мудрамер", "Бездань", "Калізей"), драматурга вострай сацыяльнай накіраванасці, бескампраміснай грамадзянскай пазіцыі, раскрываюцца маральна-этычныя праблемы, асуджаюцца бюракратызм, чыноўніцтва, кар’ерызм, абыякавасць, узнімаюцца пытанні аховы навакольнага асяроддзя. Творам А. Петрашкевіча, аўтара п’ес "Трывога", "Соль", "Укралі кодэкс", "Мост упоперак ракі", "Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны", "Куды ноч, туды сон", "Дагарэла свечачка да палічкі", "Злавеснае рэха", уласцівы публіцыстычнасць, дынамізм сюжэта, спалучэнне народнага гумару і вострай сатыры.
   Час патрабаваў ад драматургаў адлюстравання суровай праўды жыцця, стварэння праўдзівых характараў сваіх сучаснікаў. Таму лейтматывам многіх п’ес з’яўляецца думка аб складанасці жыцця, месцы і ролі ў ім чалавека. Разам з традыцыйнымі тэмамі (подзвіг у Вялікай Айчыннай вайне, мірная стваральная праца, жыццё калгаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы) у беларускай драматургіі ўзнікаюць новыя. І адна з іх – белыя плямы ў гісторыі беларускага народа і час змрочных рэпрэсій. У драме І. Чыгрынава "Чалавек з мядзведжым тварам" узнімаецца праблема асабістай адказнасці за лёс людзей і краіны ў змрочныя часы сталіншчыны. Былы член НКУС, член сталінскіх "троек" каецца ў злачынствах, не адмаўляючы сваёй асабістай віны.
   Абвостраная цікавасць да гісторыі Бацькаўшчыны, сучаснае асэнсаванне падзей далёкага мінулага, узнаўленне жыцця і дзейнасці выдатных гістарычных асоб і гістарычных падзей характэрны для драматычных твораў У. Караткевіча ("Званы Віцебска", "Маці ўрагану"), Э. Скобелева ("Кастусь Каліноўскі"), А. Петрашкевіча ("Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны"), І. Чыгрынава ("Звон – не малітва", "Следчая справа Вашчылы"), Р. Баравіковай ("Барбара Радзівіл"), М. Арочкі ("Судны дзень Скарыны"), У. Дзюбы ("Мікалай Судзілоўскі"), М. Арахоўскага ("Машэка") і інш. У творах ажываюць у мастацкіх вобразах падзеі і героі беларускай гісторыі – Ізяслаў, Рагнеда, Васіль Вашчыла, Барбара Радзівіл, Скарына, Кастусь Каліноўскі, старонкі Віцебскага паўстання 1623 г., Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг. і інш.
   Экалагічная тэма прадстаўлена драматычнымі творамі А. Петрашкевіча ("Соль"), М. Матукоўскага ("Бездань"), А. Дударава ("Адцуранне"). У іх гучаць трывожныя і заклапочаныя словы аб тым, што паветра, вада і зямля – аснова ўсяго жывога на зямлі – забруджваюцца, што неабходна з выключнай адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага і зрабіць кожны куточак зямлі лепшым, прыгажэйшым.
   Значнае месца ў драматургіі 80-90-х гадоў займалі маладыя аўтары. Вялікую папулярнасць і сцэнічнае жыццё атрымалі п’есы Уладзіміра Бутрамеева, Галіны Каржанеўскай, Уладзіміра Сауліча, Ігара Сідарука, Сяргея Кавалёва, Уладзіміра Клімовіча, Алеся Асташонка, Міколы Казачонка, Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Іскрыка і інш. Драматургі скіроўвалі сваю ўвагу на праблемы ўзаемаадносін чалавека і грамадства, асобы і ўлады, стану сістэмы педагагічнага выхавання, агульначалавечыя праблемы маралі, сумлення, чысціні душы, выкрывалі кар’ерызм, меркантылізм, карыслівасць, чэрствасць, эгаізм і іншыя людскія заганы. У творах маладых драматургаў намячаюцца спробы развіцця жанру п’есы. Так, фарс-абсурд "Галава" І. Сідарука створаны па прынцыпах тэатра абсурду, п’еса "Сабака з залатым зубам..." У. Сауліча лічыцца трагіфарсам, "Беркуты" У. Клімовіча – трагедыяй-"прыпавесцю","Нябесныя мігдалы" У. Іскрыка – містэрыяй (духоўнай трагедыяй).

 

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіСучасная драматургія Беларусі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская драматургія

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская драматургія - ГДЗ