Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Анатоля Грачанікава

   Анатоль Грачанікаў нарадзіўся ў вёсцы Шарпілаўка, што на Гомельшчыне. Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту ён спачатку працаваў на рамонтна-механічным заводзе і хутка зрабіў кар’еру як камсамольскі дзеяч. Пасля Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве (1969) Грачанікаў працуе ў «Літаратуры і мастацтве» (1969-1971) і з 1971 па 1976 г. з’яўляецца намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1976 г. ён прымае ўдзел у выданні дзіцячых часопісаў, а з 1982 г. і да самай сваёй смерці займае пасаду галоўнага рэдактара «Маладосці». Першы верш Грачанікаў апублікаваў у 1957-м, а першы паэтычны зборнік «Магістраль» – у 1964 г. У зборнік увайшлі пераважна вершы пра вайну і пра ягоную працу на чыгунцы, у апошнія аўтар часам уводзіў недарэчныя філасофскія разважанні. Наступнымі зборнікамі паэта былі «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (1979), «Палессе» (1983), «Верасень» (1984) і «Я вас люблю» (1986).
   Вялікая іронія палягае ў тым, што тая рыса паэзіі Грачанікава, якая фактычна зрабіла яго непадобным да іншых, а менавіта частае і нетрадыцыйнае выкарыстанне метафар, была таксама адметнай рысай не самых лепшых ягоных твораў і адсутнічала ў большасці ягоных найбольш праніклівых вершаў, прысвечаных, у першую чаргу, вайне, напрыклад, у вершы «Лісты франтавыя» (1985). У першым паэтычным зборніку аўтара апісанне жыцця на чыгунцы падаецца больш удалым менавіта ў тых выпадках, калі яно пазбаўлена філасофствавання і засяроджанае на дробных, аднак красамоўных дэталях. Добры прыклад гэтага можна знайсці ў апошняй страфе верша «Дзяжурны пакой машыністаў...»:

Дзяжурка ж – ураз анямее,
Хоць ты ў адзіноце крычы.
I доўга яшчэ чырванеюць
Бяссонныя вочы ў начы...
 

   У лепшых сваіх творах Грачанікаў паўстае як паэт са свежымі і глыбокімі пачуццямі, які дакладна перадае свае адчуванні і малюе арыгінальныя вобразы. У горшых выпадках яму не стае стрыманасці ў фантастычных, надуманых вобразах, як, напрыклад, у параўнанні марскога дна хутчэй з музеем, чым з магілай: «Марское дно – музей, а не магіла /[...] Ды той, што апускаецца сюды, / На дне застацца можа экспанатам» («Марскога дна глыбокія пласты...»). Падобным чынам выказванне наконт адносін да дзетак на ягоным родным Палессі не можа не выклікаць пытанне пра паводзіны дарослых у іншых, не менш прыгожых беларускіх кутках: «Ёсць на Палессі старажытны звычай: / Не крыўдзіць і не засмучаць дзяцей» («Ёсць на Палессі старажытны звычай...»).
   Вялікае замілаванне Грачанікава Палессем і цікавасць да яго гісторыі, што скрыта ў пахавальных курганах, лейтматывам праходзіць праз усе ягоныя творы. Паэт верыць, што курганы трэба даследаваць, а не разбураць («Вечарэла...», 1984). У напісаным значна раней вершы «На Палессі...» (1971) ён з імпэтам выказваецца пра важнасць пахавальных курганоў, але тут жа стварае вобраз, збіты і недарэчны адначасова: «На Палессі маім – курганоў, як грыбоў». У іншым месцы дзіўнаваты вобраз жабіных спеваў выклікае ў чытача спадзяванне, што паэт піша гэтыя радкі не з уласнага досведу: «Нібы наложніцы, спявалі журботна жабы» («Лінька»). У тым самым зборніку мы знаходзім: «жыццё іх, як яйцо ўсмятку» («Ва ўсе эпохі і вякі...»), меланхолія параўноўваецца з іржой, аблокі з дзікімі коньмі і вежамі і г. д. Большасць вобразаў Грачанікава, на самай справе, заснавана на параўнаннях, тропах, якія яму, несумненна, падабаліся больш за ўсё. У іншым вершы, зноў на тэму будзённага палескага жыцця, «Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож...» (1967), параўнанні змяняюць адно другое:

 

Гудуць у небе зоры, быццам восы,
Нябесная дыміцца сенажаць.
Нібы застагаваныя пакосы,
Над лесам хмары сонныя ляжаць.


   Больш удалым атрымаўся вобразны верш «Апошні круг» (1978), прысвечаны сябру-палешуку Івану Мележу. У ім Грачанікаў апісвае журавоў, што рыхтуюцца ў вырай:

Жураўлісе
Чысціць журавель
Зорамі абвеяныя
Пёркі.


   У творы «Над Белай Руссю...» (1968) мы знаходзім: «На досвітку запахне снег / Малінава-празрыстым сокам». Спіс ягоных дзіўных, часам цяжкіх для разумення вобразных параўнанняў можа быць працягнуты, але ягоная паэзія ў цэлым паказвае, што Грачанікаў меў супярэчлівы, часам непрадуманы, эклектычны, але досыць непаўторны голас у беларускай літаратуры ў той час, калі штампы і паўторы былі ці не самай адметнай яе рысай.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна