Над Белай Руссю – белы снег,
Нібыта чыстае сумленне,
Нібыта светлае збавенне
За самы патаемны грэх.
На досвітку запахне снег
Малінава-празрыстым сокам.
I сад, заружавелы ў сне,
Зазвоніць ціха каля вокан.
Трывогу – прэч! Сумненні – прэч!
Табе адчуць памогуць гукі,
Што не было яшчэ сустрэч,
Што не было яшчэ разлукі,
Што толькі ёсць адно святло,
Святло разлівістае снегу,
Што ўсё мінула і прайшло,
А роспачы – няма ні следу.
Калі ж трывога паласне
Твае балючыя успаміны, –
Над Белай Руссю – белы снег
Ты прыгадай хоць на хвіліну.
1968
Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Першы снег (Паводле І. Грамовіча)
Пераказы, дыктанты → Першы снег (Паводле X. Лялько)
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Першы снег
Юрась Свірка → Юрась Свірка - З першым снегам
Якуб Колас → Якуб Колас - Першы снег