Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сінярэза

   Сінярэза (ад грэч. synairsis – з’яднанне, сцісканне) – у антычнай сістэме вершавання зліццё двух кароткіх складоў у адзін доўгі.
   У беларускай сілаба-тоніцы гэты тэрмін абазначае з’яву, калі, дзеля захавання вершаванага памеру, два галосныя, што стаяць побач, вымаўляюцца як адзін або злучнік і ператвараецца ў й, ці прыназоўнік у скарачаецца нават пасля зычнага і ў пачатку радкоў. Напрыклад:

 

Скажыце мне, а за каго йны [яны]...
(Янка Купала. «Там...»)

А там застыла яснасць даляў чыстых
Над цёмнай рунню й чорнай цаліной.
(Уладзімір Жылка. «Восень»)

Вясной, ў сяўбу, гарачым часам,
Ўстаюць на вёсцы з сонцам разам.
(Язэп Пушча. «Сяўба»)


   Злоўжыванне сінярэзай (гэта, у прыватнасці, заўважаецца ў паэзіі Язэпа Пушчы апошняга перыяду) шкодзіць мастацкай дасканаласці паэтычных твораў.
   Як сінярэзу трэба ўспрымаць ужыванне ў вершаванай мове некаторых скарочаных словаформ (мо– замест можа, шчэ – замест яшчэ, трэ – замест трэба і г. д.). Параўн.: дыярэза.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.