Які размах, які разгон!
Не тое, што раней загон,
Дзе поркаўся араты з плугам
Ды панукаў кабылку пугай.
На вёрсты пралягаюць гоні,
Спяшаюцца стальныя коні,
І без панукі, без прынукі
Вядуць іх маладыя рукі
Вясёлых хлопцаў-трактарыстаў,
Ні крышачку не ганарыстых.
З іх кожны любіць быць паэтам.
Раджае спеў вясна і лета,
Раджае ніва каласамі,
Даль з журавамі і гусямі.
Ну як, скажыце, устрымацца,
На крылах песні не узняцца?
У небе заяснелі зоры,
За дзень узораны прасторы,
Што нават вокам не акінуць.
Усе скібы спорныя якія,
А глеба плённая такая,
Зярнят і сейбіта чакае.
Ён, дбайны сейбіт,
заўтра прыйдзе,
Засее нівы ўсе за тыдзень.
Вясной, ў сяўбу, гарачым часам,
Ўстаюць на вёсцы з сонцам разам.
Сяўба спаць позна не дазволіць,
Яна, як песня,
кліча ў поле,
А трактары, як запявалы,
Склікаюць да працоўнай славы.
Сяўба ідзе, сяўба пачата,
На ніве хлопцы і дзяўчаты.
Над полем толькі пылу хмаркі,
Ды сонечны прамень няяркі,
Ды спевы працы веснавое:
«Гэй, шчасце наша залатое...»
2 снежня 1962 г., Мінск
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Сяўба
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніца
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніцу шчэбет пільнуе ...
Биографии → Язэп Пушча
Язэп Пушча → Язэп Пушча - На возеры