Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дыярэза

   Дыярэза (ад грэч. dіaіrеsіs — раздзеленасць) — у антычным вершаванні замена ў стапе доўгага склада двума кароткімі. У сілаба-танічнай сістэме вершавання гэты тэрмін ужываецца для азначэння такой рытмічнай з’явы, калі дзеля захавання вершаванага памеру некалькі парушаецца граматычная форма слова, напрыклад, з’яўляецца лішні складовы галосны (замест зайграў — заіграў, пройгрыш — проігрыш), пачатковае у пасля галоснага не скарачаецца і інш. (параўн.: сінярэза). Напрыклад:

 

Каб не казалі пагане паміжы сабой:

Дзе ж гэта іхні той Бог ці ён глух?

Помста твая хай раздасца над хэўрай сляпой,

Помста пралітай крыві тваіх слуг.

(Янка Купала. «На біблейскія матывы»)


   Арыгінальнае спалучэнне дыярэзы з сінярэзай (пачатковае ў) сустракаецца ў жартоўным вершы Рыгора Барадуліна «На імянінах у Белавежы»:

 

Збор няпоўны Бахуса
Ў звонкім пераплёце.
Коракі бабахаюць,
Стынуць у палёце.


   Часам нескладовая група зычных вымаўляецца, як асобны склад:

 

А ў самай нетры дзікай
Звініць ляшчэўнік гібкі,
Там камары-музыкі
Наладжваюць скрыпкі.
(Максім Танк. «…...Амаль на краі свету»)

Нясмелы быў з начальствам,
Зусім не прабіўны.
Над кнігамі начамі
Праседжваў, дурны.
(Пімен Панчанка. «Няўдачнік»)


   Дыярэзу таксама называюць словападзел, які ў вершаваным радку супадае са стопападзелам:

 

Пэўна,/ вас не/ ўражу:
Дзед мой/ — проста/ дзед...
(Васіль Зуёнак. «Ехаў дзед дадому»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.