Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каталектыка

   Каталектыка (ад грэч. catalego – перастаю, заканчваю) – тэрмін традыцыйнай стопнай метрыкі, які абазначае супадзенне або несупадзенне заканчэння вершаванага радка са стапой. Калі апошняя стапа па колькасці складоў роўная астатнім стопам радка – гэта акаталектычны верш, або акаталектыка:

Пара медазбору! Гарэзніца грэчка –| –/–| –/–| –/–|–
Згубіла свае чаравікі у садзе. –| –/–| –/–| –/–|–
(У. Лісіцын)


   Калі апошняя стапа карацейшая за астатнія стопы вершаванага радка на адзін ці два ненаціскныя склады – гэта каталектычны верш, або ўласна каталектыка.
   У ямбе ці анапесце каталектыка немагчымая, бо радок тут завяршаецца націскным складам. Але ў амфібрахіі ці харэі можа быць каталектыка на адзін склад, у дактылі – на адзін ці два склады:

Ты яшчэ не хмеліш галавы, | –/| –/| –/| –/|
Лёгкі чад купальскае травы. | –/| –/| –/| –/|
(Р. Семашкевіч)


   Калі апошняя стапа мае на адзін ці некалькі ненаціскных складоў больш, чым папярэднія стопы вершаванага радка, утвараецца гіперкаталектычны верш, або гіперкаталектыка:

Рыфмаў больш не знаходзілі,  – –|  /– –|  – –
Апроч «хлопцы» ды «стопцы». – –|  /– –|  –
(К. Камейша)


   У сучасным вершазнаўстве такой класіфікацыяй заключных стопаў карыстаюцца рэдка.
   Звычайна гавораць пра характар клаўзул у вершы (мужчынскія, жаночыя, дактылічныя ці гіпердактылічныя).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.