Тысячагадовае радаводнае дрэва Беларусі, беларускай культуры трывалае і разгалістае. Нібы неабхватны, прысадзісты, каржакаваты дуб недзе на ўскраіне зубрынай пушчы. Каля камля гэтага дрэва такія імёны, як Усяслаў Чарадзей і Рагнеда, Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына і Васіль Цяпінскі. Магутныя вузлаватыя пабегі пусціла наша дрэва ў дзевятнаццатым стагоддзі – Ян Чачот, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч. Дваццатае стагоддзе дадало сюды залатыя імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, дзесяткі іншых нязгасных імён.
У трывалага дрэва гісторыі ёсць магутныя галіны, ёсць проста лісце. Усе разам яны ствараюць крону. Чым пышнейшая яна, тым багацейшы на духоўныя здабыткі народ. Пад гоман радаводнага дрэва думаеш пра вечнасць, пранікаешся гістарычным аптымізмам, верай у будучыню.
Няхай моцным будзе радаводнае дрэва нашай Беларусі, няхай гоніць па сваіх капілярах жывы, гаючы сок гісторыі!
(129 слоў)
Паводле Г. Кісялёва.