Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Бутрамееў - Страсці па Аўдзею

Чытаць п'есу  Уладзіміра Бутрамеева "Страсці па Аўдзею"

 

  Аўдзей і яго сям'я становяцца ахвярамі генацыду, які прынесла на Беларусь сталінская калектывізацыя. Таму фінал п'есы гучыць мінорна, драматычна. У лёсе Аўдзея, па сутнасці, увасоблена трагічная доля нашай вёскі і сялянства ў 30-я гг. Малады драматург стварыў яркі, тыповы характар беларуса-працаўніка, на плячах якога трымаецца сялянскі мацярык, спрадвечны, традыцыйны ўклад жыцця. Па сваёй псіхалогіі, маральных асновах характару Аўдзей блізкі да Міхала з «Новай зямлі» Якуба Коласа, чорнаўскіх Леапольда Гушкі з «Бацькаўшчыны» і Міхала з «Трэцяга пакалення», сялян з «Мядзведзічаў» Кандрата Крапівы і «Палескай хронікі» Iвана Мележа.
   Радаслоўная ў героя Уладзіміра Бутрамеева, як бачым, даўняя і багатая, бо беларуская літаратура заўсёды імкнулася бачыць у селяніне, яго працы і маралі заруку жыццёвага прагрэсу. Аўдзей менавіта філосаф ад зямлі, працы, вопыту дзядоў і прашчураў. Ён ведае: не пашкадуй поту свайго — і зямля аддзячыць за гэтую ахвярнасць і клопат. Аўдзей бачыць у працы крыніцу дабрабыту сваёй сям'і, кажа, што селянін тады селянін, калі не ведае стомы, а не калі п'е, гуляе, бадзяецца непрыкаяным: «А ў мяне свой розум! Прагуляць лёгка, нажыць цяжка! Хто гняздо ўе, у таго і ўецца, хто працуе, той і мае!» Драматург дакладна раскрывае адметнасць натуры селяніна-гаспадара, які не прымае жабрацкай філасофіі, лічыць, што чалавек на зямлі не для таго, каб хадзіць з працягнутай рукой. «Не хлебам адзіным...» — даводзіць Жабрак, але ў Аўдзея свая праўда, свая філасофія: «Чалавеку шмат трэба!» Працуе ён, не шкадуючы сябе, дбае, каб на зямлі і сям'я яго бачыла сутнасць жыцця. Таму не дзіўна, што ў хаце Аўдзея жыве культ працы, шануецца бацька як галава роду, такія святыні, як зямля, хата, сям'я... Аўдзееў сын Андрэй і яго каханая Верка таксама мараць звіць сваё гняздо, спадзяюцца на сваю рупнасць і дбайнасць. Але здарылася непапраўнае: на вёску прыйшоў час рассяляньвання, знішчэння таго, чым жыло і ў што верыла сялянства дзесяцігоддзі і вякі. Аўдзей не жадае пагадзіцца, што зямля будзе дзяліцца па едаках, а не па працаўніках, што трэба аддаць святое, крэўнае, набытае ўласным мазалём. Ды яго псіхіка, здаровая ў сваёй сутнасці, не можа прыняць новыя калектыўныя сілы гаспадарання, а дакладней — руйнавання.
   Заключная сцэна яскрава агаляе балючую і суровую праўду часу. Сімвалічна-трагедыйна гучыць, як заўважыла крытыка, матыў раскіданага гнязда, які знайшоў сваё драматычнае выяўленне яшчэ ў «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы. Раздаюцца стрэлы — і гіне адвечная мудрая ўпарадкаванасць свету, нішчацца вытокі, асновы асноў самабытнага сялянскага і нацыянальнага быцця.

Похожие статьи:

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Чужыя грошы

Пераказы, дыктантыРагвалод і Рагнеда

Пераказы, дыктантыЯраслаў Мудры

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Славутая дачка Полацкай зямлі

Пераказы, дыктантыЯкуб Колас