Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Яраслаў Мудры

Вялікія людзі нашчадкам у генах
Заўжды завяшчалі любоў.

Е. Лось.


   Сын полацкай княгіні Рагнеды Яраслаў быў адным з самых знакамітых князёў, якія валодалі Кіевам. Ён упершыню сярод усходніх славян увёў у сваёй дзяржаве пісаныя законы. Яны былі сабраны ў адной кнізе, якая атрымала назву «Руская праўда». Пазней законы Яраслава дапаўняліся іншымі князямі. Па іх у старажытнай Кіеўскай дзяржаве судзілі некалькі стагоддзяў. У гісторыі ўсходніх славян летапісны спіс законаў Яраслава можна параўнаць з тым каменем, на якім былі запісаны першыя ў гісторыі чалавецтва законы ў Старажытным Вавілоне, або з меднымі дошкамі законаў Старажытнага Рыма, на якія потым раўняліся законы ўсіх еўрапейскіх дзяржаў. На іх аснове заключаліся палітычныя дагаворы, перамір’і і саюзы. За сваё жыццё Яраслаў зрабіў шмат чаго, што назаўсёды ўвайшло ў гісторыю. Але самае значнае – гэта яго законы. Менавіта за іх яго празвалі Мудрым.
   Яраслаў Мудры клапаціўся і пра адукацыю. Ён сам умеў чытаць і пісаць, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю. Пры ім у Кіеве пачалі перапісваць кнігі, ён стварыў і першае вучылішча, у якім трыста юнакоў набылі пісьменнасць, адкрыў першую на той час бібліятэку, якая месцілася ў царкве. Летапісец, апавядаючы пра яго клопат аб кнігах, напісаў словы, якія сталі славутымі: «Вялікую карысць маюць людзі ад кнігі. Кнігі настаўляюць і навучаюць, менавіта ад слоў кніжных маем мы мудрасць».
   Пры Яраславе Мудрым быў пабудаваны і храм Святой Сафіі, які сваім багаццем і прыгажосцю сапернічаў з цэрквамі Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню абнёс Кіеў каменнымі сценамі. Пры Яраславе каля Кіева ўзвялі і першы манастыр – Пячэрскі. Такую назву ён атрымаў таму, што да Яраслава манахі жылі ў пячорах, якія капалі пад узгоркамі. Пасля таго як Яраслаў адбудаваў Пячэрскі манастыр, у ім жылі многія вядомыя манахі. Гэты манастыр стаў цэнтрам праваслаўнай рэлігіі ў старажытнай Кіеўскай дзяржаве.
   Да Яраслава Мудрага мітрапалітаў – галоўных свяшчэннікаў – прысылалі ў Кіеў з Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню сам паставіў мітрапалітам славяніна Іларыёна. Іларыён быў адукаваным чалавекам, пісьменнікам. Ён напісаў «Слова пра закон і пра ласку Божую», якое заканчвалася малітвай у гонар непераможнасці вялікага славянскага народа.
   Яраслава Мудрага называлі не проста вялікім князем, а самадзержцам і нават царом. Яго параўноўвалі з візантыйскім імператарам. Пры ім пачалі вырабляць і першыя на ўсходнеславянскіх землях грошы.
   Дзякуючы поспехам Яраслава Мудрага старажытная Кіеўская дзяржава стала сусветна вядомай. Адну са сваіх дачок Яраслаў аддаў за венгерскага караля, другую – за нарвежскага, а трэцюю – за французскага. Апошняя пасля смерці мужа доўгі час разам з сынам кіравала Францыяй. Сыны Яраслава пабралі сабе за жонак дачок імператара Візантыі і польскага караля. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Еўропе паважалі Яраслава і лічылі за гонар парадніцца з ім.
   Яраслава пахавалі ў Сафійскай царкве, у мармуровай труне, якая захавалася да сённяшняга часу.
   Звычайна, калі апавядаюць пра гісторыю беларускай зямлі, забываюць расказаць пра Яраслава Мудрага. Ён жа княжыў не ў Полацку, а ў Кіеве. Але ж быў ён сынам полацкай Рагнеды, унукам полацкага Рагвалода. I мы павінны ганарыцца, што менавіта сын Рагнеды здолеў умацаваць старажытную Кіеўскую дзяржаву, даць ёй пісаныя законы. Ганарыцца тым, што дзякуючы намаганням менавіта ўнука Рагвалода старажытная Кіеўская дзяржава набыла тую моц і вядомасць, якія далі ёй магчымасць стаць вялікай славянскай дзяржавай, агульнай гістарычнай радзімай сучасных беларусаў, украінцаў і рускіх.
(501 слова)

Паводле У. Бутрамеева.

Похожие статьи:

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Страсці па Аўдзею

Пераказы, дыктантыЯкуб Колас

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Славутая дачка Полацкай зямлі

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Чужыя грошы

Пераказы, дыктантыРагвалод і Рагнеда